«Трэба, каб на Захадзе не забываліся пра ўкраінскіх і беларускіх журналістаў». Прэзідэнт Саюза журналістаў Украіны наведаў офіс БАЖ
У Літве з візітам знаходзіцца прэзідэнт Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка. 7 кастрычніка ён сустрэўся з калектывам БАЖ і распавёў, як працуюць украінскія медыі ў ваенны час, пра падтрымку прыфрантавых СМІ, пра сістэму дастаўкі газет фактычна на мяжу з Расіяй. А таксама падзяліўся планамі пра сумеснае з БАЖ лабіраванне інтарэсаў на сусветных пляцоўках.

Сяргей Таміленка (злева) разам з намеснікам старшыні БАЖ Алегам Агеевым. Фота: БАЖ
Сімвалічна, што падчас сустрэчы ў Вільні гучала вучэбная трывога — гэтымі днямі ў Літве праходзяць маштабныя вучэнні па грамадзянскай абароне.
Нядаўна прэзідэнт НСЖУ вярнуўся з трохтыднёвай паездкі ў Японію.
— Чым далей ад нас (Украіны і Беларусі. – Рэд.), тым больш краіны жывуць сваёй уласнай праблематыкай — побач КНДР, Кітай. Для Японіі вельмі актуальная тэма акупаванай Запарожскай АЭС. Пра яе шмат пішуць у тамтэйшых медыя. Нават вельмі прэстыжны клуб замежных карэспандэнтаў Японіі апублікаваў матэрыялы пра ўкраінскую АЭС у сваім бюлетэні, — адзначае журналіст.
Сяргей Таміленка расказаў, што дакументальны фільм НСЖУ «Старонкі надзеі» пра прыфрантавую газету «Трудова слава» з Арэхава дапамог прыцягнуць сродкі японскіх грантадаўцаў.
Два гады таму падчас аналагічнай паездкі ў Японію ўдалося здабыць больш за 70 тысяч долараў дабрачыннай дапамогі, дзякуючы якім удалося аднавіць выпуск каля 30 мясцовых газет.

Сяргей Таміленка прывёз з сабой газеты, што выходзяць у прыфрантавых раёнах Украіны. Фота: БАЖ
Напрыклад, «Трудова слава» спыніла выхад пасля расійскага ўварвання 2022 года. І толькі праз год галоўная рэдактарка выдання Святлана Карпенка рызыкнула аднавіць выпуск папяровай версіі.
— Ключавое пытанне для медыяў нашых краін — рэсурсы, якія даюць магчымасць рабіць добрыя справы. Трэба, каб на Захадзе не забываліся пра праблематыку ўкраінскіх і беларускіх журналістаў, — падкрэсліў спадар Таміленка.
Паводле слоў кіраўніка НСЖУ, расійская прапаганда з’яўляецца адным з найбольшых выклікаў для ўкраінскай журналістыкі:
— Ва Украіне на часова акупаваных тэрыторыях ізалююць людзей на выезд, накачваюць прапагандай. Напрыклад, у Энергадары пасля расійскага ўварвання адкрылі чатыры новыя FM-радыёстанцыі. Горад Нікапаль, праз Дняпро, які знаходзіцца пад кантролем Украіны, мае адну радыёстанцыю. Дый тую расіяне прамым трапляннем разбурылі. Мы дапамагалі аднавіць радыёстанцыю, скандывы перадалі ёй адну зарадную станцыю, якая забяспечвае бесперабойную працу, — адзначыў Сяргей Таміленка.

Сяргей Таміленка паказвае газету «Трудова слава». Фота: БАЖ
Пры гэтым, кажа журналіст, Захад не гатовы ўкладваць у СМІ такія ж грошы, якія Крэмль укідвае ў расійскую прапаганду:
— Прапаганда — частка расійскага ўварвання, як зброя, тэхналогіі, спадарожнікі. Таму яе раскачваюць. Расія інвестуе ў прапаганду як у зброю, і надалей будзе ўліваць велічэзныя грошы.
Еўрапейскія краіны і Украіна не разглядаюць гэтую тэму вельмі сур’ёзна. Прынамсі, не на такой сістэмнай аснове, як гэта робіць Пуцін, — адзначыў журналіст.
Больш падрабязна пра тое, як працуюць украінскія калегі ва ўмовах вайны, можна будзе пачуць у Вільні 9 кастрычніка падчас публічнай сустрэчы з Сяргеем Таміленкам, якую ладзіць БАЖ. Прэзідэнт НСЖУ падзеліцца досведам працы ўкраінскіх журналістаў у выгнанні, пра месца беларусаў і беларусак у гэтай вайне і супрацьстаянні, а таксама пра лінію цывілізацыйнага разлому паміж Захадам і Усходам.
