• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Белы дом у ліку прычын закрыцця «Голаса Амерыкі» прывёў неіснуючую рэдакцыйную забарону называць ХАМАС тэрарыстамі

    Афіцыйны сайт Белага дома ў ліку прычын спынення фінансавання «Голаса Амерыкі» назваў нібыта існаваўшую ў рэдакцыі забарону называць у матэрыялах ХАМАС і яго ўдзельнікаў тэрарыстамі. Насамрэч такой забароны не было, хоць у 2023 годзе кіраўніцтва «Голасу Амерыкі» сапраўды планавала яе ўвесці, піша «Медуза» са спасылкай на фактчэкерскі праект «Праверана. Медыя».

    Фота: The Asso­ci­at­ed Press

    Прэс-рэліз, прысвечаны ўказу прэзідэнта Дональда Трампа аб спыненні фінансавання «Голаса Амерыкі», з’явіўся на сайце Белага дома 15 сакавіка 2025 года. Там гаварылася, што гэты ўказ «гарантуе, што падаткаплацельшчыкі больш не будуць плаціць за радыкальную прапаганду». Далей у прэс-рэлізе ішлі некалькі прыкладаў «радыкальнасці» «Голаса Амерыкі». Першы пункт абвяшчаў: «Кіраўніцтва „Голаса Амерыкі“ забараніла сваім супрацоўнікам называць ХАМАС і яго чальцоў тэрарыстамі, за выключэннем выпадкаў цытавання».

    У прэс-рэлізе стаіць спасылка на артыкул кансерватыўнага выдання Nation­al Review, які выйшаў у кастрычніку 2023 года, неўзабаве пасля нападу ХАМАС на Ізраіль. У гэтым артыкуле напісана аб тым, што супрацоўнікі атрымалі ад кіраўніцтва адпаведную дырэктыву, аднак удакладняецца, што яна «выклікала рознагалоссі» сярод журналістаў і рэдактараў.

    Як піша «Праверана.Медыя», якое атрымала доступ да ўнутранай перапіскі супрацоўнікаў «Голаса Амерыкі», такая дырэктыва сапраўды была, аднак яна выклікала «не проста рознагалоссі, а яскрава выражаны пратэст шэрагу журналістаў», пасля чаго ў рэдакцыі пачалася актыўная дыскусія па гэтым пытанні.

    Праз некалькі тыдняў на фоне ўнутраных абмеркаванняў, а таксама крытыкі ў кансерватыўнай прэсе ЗША дырэктыва была адменена.

    «Захоп закладнікаў і наўмыснае забойства грамадзянскіх, як гэта адбылося падчас нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка, з’яўляюцца актамі тэрарызму, а людзі, якія здзейснілі гэтыя дзеянні, па вызначэнні з’яўляюцца тэрарыстамі», — абвясціла кіраўніцтва супрацоўнікам.

    У тым жа паведамленні падкрэслівалася, што ў публікацыях абавязкова трэба згадваць, што ўрад ЗША афіцыйна лічыць ХАМАС тэрарыстычнай арганізацыяй.

    «Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці