Прызначылі дату судовага працэсу над журналістам «Свабоды» Алегам Груздзіловічам
Суд над Алегам Груздзіловічам пачнецца 2 сакавіка а 10-ай раніцы ў судзе Савецкага раёна Мінска.
Пра гэта паведаміла «Радыё Свабода» жонка палітвязня Мар'яна Груздзіловіч.
Мар’яна Груздзіловіч расказала Свабодзе, што падала заяву на спатканне з мужам, але ў судзе ёй параілі пачакаць і патлумачылі, што магчымае больш мяккае рашэнне па справе Алега і яго могуць вызваліць у залі суду. Паводле супрацоўнікаў суду, разгляд справы можа заняць 2 дні.
Справу на Алега Груздзіловіча завялі за асвятленне ім аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі».
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камеры відэаназірання на паверсе і выламалі трое дзвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама з ператрусам прыйшлі да Алега Груздзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачанняў тады не выставілі.
Алега Груздзіловіча затрымалі паўторна 23 снежня і замянілі яму меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 снежня прайшоў першы допыт Груздзіловіча. Следчыя выставілі яму абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Фактычна справа заведзеная за асвятленне Алегам Груздзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданне.
За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузнечык, на якога заведзена крымінальная справа.