• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Усё страчана, мы нічога не дасягнулі? Псіхатэрапеўтка пра выбары і расчараванне

    Тых, каго «накрые» пасля выбараў – або пасля любой даты, да якой былі прывязаныя чаканні – варта выслухаць і распытаць пра перажыванні. Псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк тлумачыць «Белсату», як размаўляць з такімі людзьмі.

    Мужчына праходзіць міма экранаў пра выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у метро ў Менску, Беларусь. 23 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesniko­va / AFP / East News

    Наўрад ці хтосьці сумняваўся, што Цэнтральная выбарчая камісія абвесціць Аляксандра Лукашэнку пераможцам выбараў, якія праводзіліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў і без допуску рэальнай апазіцыі. Праціўнікі Лукашэнкі заклікалі да актыўнага ці пасіўнага байкоту, а шэраг краінаў загадзя паведаміў, што не прызнае гэтыя выбары.

    Але хтосьці можа раптоўна ўпасці ў адчай: вось жа, у 2020 годзе не перамаглі, столькі часу прайшло, гэтыя выбары таксама нічога не змянілі, усё было марна, сілаў больш няма…

    Дырэктарка віленскага Еўрапейскага інстытуту сучаснай псіхатэрапіі, псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк кажа «Белсату», што гэтыя пачуцці, як і любое іншае расчараванне, варта дапускаць і перажываць.

    «Расчараванне – гэта сустрэча з рэальнасцю, – тлумачыць Ганна Матуляк. – Гэта калі я гатовая, гатовы паглядзець на тое, што ёсць на самой справе. І тады чым лепш я буду бачыць гэтую рэальнасць, тым лепш я змагу актывізаваць свае ўнутраныя рэсурсы, каб да яе адаптавацца».

    Калі прыняць расчараванне, можа прыняць і тое, што любыя перамены вымагаюць часу, працягвае яна. Перамены не адбываюцца так хутка, як таго хацелася б. Памылкі, якія атрымліваюцца, не абавязкова азначаюць, што дзеянні былі няправільныя. 

    Маленькія крокі важныя, бо немагчыма пераламіць у адзін момант сітуацыю, якая складвалася дзесяцігоддзямі, адзначае Матуляк. Канешне, ёсць гістарычныя прыклады хуткага пералому сітуацыі, ды тыя прыклады звязаныя з вялікімі ахвярамі, кроўю і смярцямі, а беларусы выбралі іншы шлях. А той шлях можа быць вельмі няхуткім.

    «Гісторыя пішацца, на гэта патрэбны час, – даводзіць псіхатэрапеўтка. – У маштабе года-двух можа здавацца, што нічога не адбываецца. А на самой справе кожны маленькі крок прыводзіць да зменаў, пра якія мы не ведаем, як і на што яны могуць паўплываць. Ды гэта дакладна не тая пачатковая сітуацыя, якая была».

    Можа быць і іншае расчараванне: чакалі «адлігі», а яе не будзе

    Паводле даследавання «Беларускай ініцыятывы» інстытуту «Chatham House», бальшыня беларусаў хацела б, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася і каб пачалася «адліга» (як то вызваленне палітвязняў і паляпшэнне стасункаў з Захадам). Нават праўладная група гэта падтрымлівае, а праціўнікаў «адлігі» агулам вельмі мала – не больш за 15 %. У тым, што «адліга» будзе, беларусы сумняюцца: лічаць, што ўлады Беларусі ў гэтым не зацікаўленыя, а Захад не гатовы ўзаемадзейнічаць з аўтакратам і саюзнікам Расеі.

    Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак прагназаваў: нават калі будуць кропкавыя спробы паказаць «адлігу» грамадству і міжнародным структурам, яны будуць зводзіцца да кропкавага вызвалення палітвязняў па некалькі дзясяткаў чалавек, але пры гэтым будуць набірацца новыя палітвязні, лічыць суразмоўца. 

    Ды могуць быць тыя, хто чакаў «адлігі», а будзе вымушаны сутыкнуцца з рэальнасцю і расчаравацца.

    Ганна Матуляк тлумачыць, што людзі часам закрываюцца ад расчаравання і пазбягаць яго, бо ёсць непраўдзівае перакананне, быццам бы «надзея – гэта кепска». То бок: «Калі я на штосьці спадзяваўся, а гэта не спраўдзілася, я дурны, недальнабачны, кепска прааналізаваў сітуацыю». Гэта не так.

    «На самой справе, надзея – гэта супердобра, – пярэчыць такой ідэі псіхатэрапеўтка. – І калі яна ёсць, гэта важна, бо менавіта яна дапамагае актывізаваць унутраныя рэсурсы і рухацца далей, нягледзячы ні на што. Менавіта надзея дапамагае ў некаторых сітуацыях нават выжываць».

    Суразмоўца згадвае пра аўстрыйскага неўролага, псіхолага і філосафа Віктара Франкла, які перажыў нацысцкі канцлагер. Ганна Матуляк спадзяецца, што ягоную кнігу «Сказаць жыццю „Так!“: псіхолаг у канцлагеры» прынамсі пасля 2020 года перачыталі ўсе. Гэтая кніга апавядае пра людзей, якія нават у самых цяжкіх і быццам бы безнадзейных умовах захоўвалі надзею – і выжылі. 

    Калі надзея не спраўджваецца, людзі непазбежна будуць сутыкацца з перажываннямі, але важна, каб яны не замыкаліся на сабе, падкрэслівае Матуляк. Яна заклікае не думаць, што «раз я на нешта спадзявалася, са мной нешта не так», бо наадварот, «хутчэй, усё так».

    Як размаўляць з тымі, хто «на эмоцыях» збіраецца на неабдуманыя крокі?

    Напрыклад, чалавек у эміграцыі вырашыць, што пасля выбараў «усё спакойна», таму варта вярнуцца ў Беларусь, хоць супраць гэтага чалавека можа быць распачатая палітычна матываваная крымінальная справа. Або іншы прыклад: чалавек, які жыве ў Беларусі, абурыцца вынікамі выбараў і вырашыць закідаць чым-небудзь аддзяленне міліцыі – маўляў, і хай пасадзяць, губляць няма чаго.

    Гэтыя людзі могуць падзяліцца сваімі ідэямі з сябрамі – і што тады рабіць сябрам? 

    Ці ёсць сэнс размаўляць з такімі людзьмі, вызначыць можна толькі самастойна, расказвае Ганна Матуляк. На гэта будзе ўплываць ступень блізкасці і значнасці чалавека, які дзеліцца такімі ідэямі, а таксама наяўнасць у таго, з кім гэтымі ідэямі дзеляцца, уласных рэсурсаў «укласціся» ў гэтую сітуацыю.

    «Трэба разумець, што калі вы сапраўды хочаце дапамагчы, то дапамога – гэта не прыйсці з парадамі, – раіць псіхатэрапеўтка. – Гэта стаць побач з чалавекам і паспрабаваць максімальна пабачыць гэтую гісторыю ягонымі вачыма. І дапамагчы яму зрабіць тое самае: пабачыць крыху больш».

    Замест «Куды ты сабраўся?» ці «Што ты сабралася рабіць?», замест перасылкі артыкулаў пра бясконцыя крымінальныя справы Матуляк раіць пытаць: «Чым ты кіруешся, што табой рухае, чаму ты хочаш гэта зрабіць?», «Як ты ацэньваеш свае рызыкі, ці разумееш ты магчымыя наступствы?», «Ці раіўся ты з юрыстамі?» або «Ці звярталася ты да праваабаронцаў?»

    Праз такія пытанні, кажа псіхатэрапеўтка, можна паволі «прамацваць» сітуацыю. Важна, каб гэтыя пытанні не правакавалі пачуцце віны, а каб «пашыралі карціну» для чалавека, які на іх адкажа. І каб гэты чалавек праз адказы лепш разумеў, што адбываецца, і фармуляваў для сябе больш дакладную пазіцыю.

    «Накрыць эмоцыямі» можа і ў іншыя даты

    Тры гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне ці пяць гадоў жыцця ў эміграцыі – абсалютна любыя «ключавыя пункты» могуць стаць для канкрэтнага чалавека цяжкім выпрабаваннем, нагадвае Ганна Матуляк. Не важна, на якую дату гэта трапляе, у чалавека могуць раптам з’явіцца моцныя перажыванні. Чалавек можа пакінуць іх углыбіні і пераключыцца на іншае, а можа кантактаваць з гэтымі перажываннямі, перапрацоўваць іх. 

    Псіхатэрапеўтка выступае за другі варыянт:

    «Якой бы сітуацыі гэта не тычылася, калі мы ўпускаем у сябе гэты досвед, калі мы дазваляем сабе гэтыя пачуцці перажываць, тады яны ператраўліваюцца, перапрацоўваюцца ў рэсурс і апору, на якія мы можам абапірацца, каб рухацца далей. Калі не, яны становяцца такім мёртвым грузам, які адцягвае нас назад».

    Яна заклікае адказваць сабе на пытанні: «Што гэты ключавы пункт для мяне азначае?», «Якія пачуцці ў мяне выклікае гэтая падзея?». І перажываць гэтыя пачуцці. Калі пакідаць перажыванні мёртвым грузам, яны будуць назапашвацца, а ў выніку прынесці адчуванне поўнай бездапаможнасці і давесці да дэпрэсіі, хваробаў, фізіялагічных сімптомаў.

    Ганна Матуляк просіць у любой цяжкай сітуацыі ісці да людзей, якія сапраўды падтрымаюць. «Я заўсёды спраўляюся сама» або «Я спраўляўся сам, спраўлюся і зараз» – гэта гучыць гераічна, але сканчаецца кепска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці