• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Публіка з энтузіязмам выкрыквала незалежніцкія і антыпрэзідэнцкія лозунгі». 27 ліпеня 1996 года на старонках газет

    Як у Беларусі ў апошні раз адзначылі Дзень незалежнасці 27 ліпеня — «Салідарнасць» прыгадвае падзеі 1996-га з дапамогай газетных архіваў.

    Скан газеты «Свабода», які захоўваецца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

    «Упершыню за шэсць год з дня абвяшчэння Дэкларацыі аб суверэнітэце на афіцыйнае свята Незалежнасці выйшла такая валікая колькасць людзей. Публіка паводзіла сябе вельмі прыстойна, радавалася святу і сонцу, з энтузіязмам выкрыквала незалежніцкія і антыпрэзідэнцкія лозунгі».

    Так газета «Свабода» апісвала святкаванне Дня незалежнасці ў Мінску 27 ліпеня 1996-га года. На святочнае шэсце тады выйшла ад 20 да 30 тысяч чалавек. На мітынгу каля Палаца спорта быў адзінадушна прыняты зварот да Вярхоўнага Савета з патрабаваннем імпічмента Лукашэнку.

    Святочнае шэсце ў Мінску, 27 ліпеня 1996-га. Тут і далей фота vytoki.net

    Выданне асобна падкрэслівала прадстаўнічасць святочнага шэсця і мітынга: Георгій Таразевіч, Генадзь Карпенка, Лявон Баршчэўскі, Валянціна Палевікова, Генадзь Бураўкін, Станіслаў Багданкевіч, Юры Захаранка, Мікола Статкевіч, Генадзь Грушавы, Ніл Гілевіч, Вінцук Вячорка ды многія іншыя.

    «Дэмакратычная апазіцыя згуртавалася ў памкненні ўратаваць незалежнасць», — пісала «Свабода».

    Уратаваць ад Лукашэнкі, які прагнуў неабмежаванай улады і не хаваў гэтага. Які за два гады кіравання неаднойчы парушыў Канстытуцыю, дзякуючы сумнеўнаму рэферэндуму змяніў дзяржаўную сімволіку і распачаў інтэграцыю з Расіяй.

    Улады адзначылі галоўнае дзяржаўнае свята на дзень раней — у стылі партсходаў КПСС. «Неверагодна, але факт: Лукашэнка выступаў па-беларуску», — пісала незалежная прэса.

    Выступ той быў без акцэнтаў на беларуска-расійскіх адносінах, але з канстатацыяй неабходнасці развіцця роўных адносінаў з усімі суседзямі.

    Паказальна, што ў той год віншаванні з Днём незалежнасці Лукашэнку першымі даслалі лідары Украіны і Польшчы. А вось ад Барыса Ельцына ён тады нічога так і не дачакаўся.

    Зрэшты, нейтральны тон святочнай прамовы быў дымавой завесай. Праз лічаныя дні ўлады абвесцілі пра чарговы рэферэндум. У краіне абвастраўся палітычны крызіс, які скончыўся фактычным разгонам Вярхоўнага Савета і канчатковай зменай курса краіны ў бок аўтарытарызму.

    Шматысячнае шэсце 27 ліпеня 1996 года стала апошнім (пакуль) у найноўшай гісторыі Беларусі. У снежні таго ж года Лукашэнка ўласным дэкрэтам перанёс дзяржаўнае свята Дзень незалежнасці на 3 ліпеня.

     

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці