Медыяпартал «Будзьма беларусамі!» далучыўся да Кодэкса журналісцкай этыкі
Рэдакцыя культурна-асветнага медыяпартала «Будзьма беларусамі!» далучылася да Пагаднення аб самарэгуляванні і Кодэкса этыкі і стала 22‑м удзельнікам сістэмы самарэгулявання незалежных медыяў.
Праект «Будзьма беларусамі!» з’явіўся ў 2008 годзе. Увесь гэты час ён займаецца пашырэннем беларушчыны, папулярызацыяй беларускай гісторыі, мовы і культуры. Сёння рэдакцыя вымушана працуе з замежжа, але працягвае пісаць пра Беларусь і беларусаў.
На ютуб-канале «Будзьмы»выходзяць відэапраекты, дзе распавядаюць праўду пра невядомыя старонкі гісторыі ў праекце «Трызуб і Пагоня», знаёмяць са шляхецкай культурай у праекце «Сармат», разбураюць стэрэатыпы пра Беларусь і беларусаў у перадачы «Хрусь і папалам!» ды шмат чаго яшчэ. А на дзіцячым ютуб-канале «Будзьма дзецям» — кантэнт для маленькіх беларусікаў і беларусачак — казкі, спектаклі, адукацыйныя перадачы.
20 сакавіка ў Вільні 15 беларускіх незалежных медыяў і 3 медыяарганізацыі падпісалі Пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара і Кодэкса этыкі беларускіх журналістаў. Тым самым яны стварылі Медыяасамблею, якая цягам 60 дзён павінна абраць Раду па медыяэтыцы.
9 красавіка стартавала працэдура вылучэння кандыдатаў на выбары сябраў Рады па медыяэтыцы. Кандыдатаў у Раду могуць вылучаць як арганізацыі-удзельніцы Медыяасамблеі, так і любая асоба можа самавылучыцца.
Рада па медыяэтыцы будзе разглядаць скаргі парушэнні этычных стандартаў у недзяржаўных беларускіх медыя.
Дакументы адкрытыя да далучэння. Кожная рэдакцыя медыя ці медыяарганізацыя, якая лічыць, што адпавядае вызначаным крытэрыям, можа даслаць заяўку на далучэнне ў БАЖ і стаць сябрам Медыяасамблеі і ўдзельнічаць у стварэнні Рады па медыяэтыцы.
План стварыць новы орган самарэгулявання і новы Кодэкс этыкі журналістаў падтрыманы на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання», якая прайшла 10 верасня 2024 года ў Вільні.
