Рада па медыяэтыцы: Еўрарадыё не парушала Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў
Заява Рады па медыяэтыцы ад 23 траўня 2025 года адносна артыкула «На ABBA падалі ў польскую пракуратуру», апублікаванага на Еўрарадыё 24 красавіка 2025 года. Спампаваць PDF.
Рада па медыяэтыцы ў складзе Надзеі Белахвосцік, Валера Карбалевіча, Ганны Соўсь, Змітра Гурневіча, Зоі Хруцкай, Ірыны Новік, Лолы Бурыевай разгледзела зварот Марыны Гірын, віцэ-прэзідэнткі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) адносна артыкула «На ABBA падалі ў польскую пракуратуру», апублікаванага на Еўрарадыё 24 красавіка 2025 года, і прыняла заяву выключна па тых аспектах звароту, якія знаходзяцца ў межах кампетэнцыі Рады па медыяэтыцы.
Спадарыня Гірын сцвярджае, што рэдакцыя Еўрарадыё дапусціла шэраг парушэнняў журналісцкіх стандартаў і этыкі:
- Інфармацыя пра заяву кампаніі Lodka Production у пракуратуру Польшчы супраць АВВА з’яўляецца непацверджанай і ўводзіць чытача ў зман.
- Артыкул пачынаецца са спасылкі на меркаванне трэцяй асобы ў Facebook, якая не з’яўляецца непасрэдным удзельнікам гаспадарчай спрэчкі, таму гэта з’яўляецца прадузятым прадстаўленнем сітуацыі.
- Выказванне Кныровіча пра «магчымае махлярства» з боку Гірын і Яўгена Бурага расцэньваецца як паклёп і крымінальнае абвінавачванне, а яго публікацыя без юрыдычных падстаў – як парушэнне журналісцкай этыкі і спроба ачарніць рэпутацыю Гірын і ABBA.
- У артыкуле скажоная сутнасць канфлікту, таму ABBA прадстаўляецца як несумленны заказчык без падстаў.
- Журналіст Еўрарадыё не папярэдзіў яе, што з’яўляецца журналістам Еўрарадыё і будзе выкарыстоўваць размову для публікацыі. Яна ўспрымала размову як прыватную цікавасць.
- У артыкуле Антось Сівых прадстаўлены як стваральнік Lodka Production, які пацвердзіў зварот у пракуратуру. Аднак, паводле польскага судовага рэестра, ён не з’яўляецца ні заснавальнікам, ні кіраўніком кампаніі. Таму ён не можа быць надзейнай крыніцай інфармацыі па гэтай тэме.
Рада па медыяэтыцы палічыла неабходным звярнуцца да абодвух зацікаўленых бакоў – спадарыні Марыны Гірын і рэдакцыі Еўрарадыё для атрымання дадатковых тлумачэнняў і ўдакладненняў.
У выніку разгляду і абмеркаванняў Рада
ЎСТАНАВІЛА:
- Згодна з арт.3.11 Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў, медыя мае права не называць свае крыніцы інфармацыі. Сябры Рады атрымалі ад Еўрарадыё пацвярджэнне дадатковай праверкі інфармацыі аб звароце ў пракуратуру.
- Рада па медыяэтыцы прызнае, што публічнае паведамленне вядомай асобы, такой як Аляксандр Кныровіч, можа служыць легітымнай інфармацыйнай нагодай для падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу. У сітуацыі, калі такая інфармацыя мае грамадскі інтарэс, інфармаванне пра яе аўдыторыі адпавядае прафесійным абавязкам СМІ.
Пры гэтым паведамленне спадара Кныровіча не з’яўлялася адзінай крыніцай інфармацыі. Рэдакцыя Еўрарадыё імкнулася прадаставіць магчымасць выказацца ўсім бакам канфлікту (артыкул 3.5 Кодэкса).
- Выказванне Аляксандра Кныровіча пра «магчымае махлярства» з боку Марыны Гірын і Яўгена Бурага прыводзіцца ў артыкуле як цытата, а не як сцвярджэнне журналіста або рэдакцыі. Звяртаем ўвагу на выкарыстанне слова «магчымае» ў цытаце, якое сведчыць пра тое, што аўтар выказвае сваё меркаванне або здагадку.
Аднак, Рада нагадвае, што нават цытаванне падобных меркаванняў патрабуе ад журналіста пэўнай асцярожнасці і ўлічвання магчымых наступстваў для рэпутацыі згаданых асоб.
- Рэдакцыя Еўрарадыё сабрала даступную на той момант інфармацыю. Зразумела, што ў асвятленні гаспадарчых спрэчак, асабліва на пачатковых этапах, поўнае і адназначнае разуменне ўсіх нюансаў можа быць абцяжараная. Аднак другому боку была прадастаўленая магчымасць прадставіць свой погляд на сутнасць канфлікту.
- Рэдакцыя прадаставіла Радзе пацвярджэнне таго, что аўтар артыкула прадставіўся і назваў сваё медыя. У гэтым кантэксце Рада нагадвае, што публічныя асобы, якія займаюць значнае месца ў грамадскім жыцці, павінны ўлічваць, што іх камунікацыя з прадстаўнікамі СМІ па пытаннях, якія маюць грамадскую значнасць, можа быць расцэнена як прафесійная і прызначаная для публічнага распаўсюджвання.
Пры гэтым Рада нагадвае, што згодна з Кодэксам (арт.3.10) журналіст абавязаны паведаміць суразмоўцу пра тое, што яго словы могуць быць надрукаваныя.
Рада таксама прымае да ўвагі аргумент рэдакцыі аб грамадскай значнасці інфармацыі пра канфлікт з удзелам ABBA як найбуйнейшай арганізацыі беларускага бізнесу ў эміграцыі. Інфармацыя пра дзейнасць і канфлікты такіх арганізацый можа аказаць уплыў на грамадства і жыццё людзей.
- У публікацыі Еўрарадыё Антось Сівых названы стваральнікам кампаніі Lodka Production, тады як у KRS утрымліваюцца звесткі пра актуальны статус юрыдычных асоб.
Заўвага: Рада па медыяэтыцы лічыць недапушчальным трактаванне дзеянняў медыя як наўмыснай спробы дыскрэдытацыі асобы або арганізацыі. Дзейнасць СМІ па інфармаванні грамадства пра падзеі, якія маюць грамадскую значнасць, з’яўляецца легітымнай і адпавядае іх прафесійным абавязкам.
З улікам выкладзенага, Рада па медыяэтыцы
ВЫРАШЫЛА:
- У артыкуле «На ABBA падалі ў польскую пракуратуру», апублікаваным на Еўрарадыё 24 красавіка 2025 года, АДСУТНІЧАЮЦЬ парушэнні Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў.
- Адпаведна п. 18.3 Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара, рашэнні Рады па медыяэтыцы, прынятыя па выніках разгляду індывідуальных зваротаў, абскарджанню не падлягаюць.
Старшыня Рады па медыяэтыцы
Надзея Белахвосцік
