Рада па медыяэтыцы: «Еўрарадыё» не парушыла Кодэкс прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў
Рада па медыяэтыцы разгледзела зварот Галіны Жарко адносна артыкула «Андрей Стрижак и непрошенные дикпики», апублікаванага на «Еўрарадыё» 21 ліпеня 2025 года на адпаведнасць журналісцкім стандартам. Спампаваць PDF.

Выява: Euroradio via Chat GPT
ЗАЯВА
Рады па медыяэтыцы
16 кастрычніка 2025 года
Рада па медыяэтыцы ў складзе Надзеі Белахвосцік, Валера Карбалевіча, Ганны Соўсь, Зміцера Гурневіча, Зоі Хруцкай, Ірыны Новік, Лолы Бурыевай разгледзела зварот Галіны Жарко адносна артыкула «Андрей Стрижак и непрошенные дикпики», апублікаванага на Еўрарадыё 21 ліпеня 2025 года на адпаведнасць журналісцкім стандартам.
Спадарыня Жарко сцвярджае, што рэдакцыя Еўрарадыё дапусціла шэраг парушэнняў журналісцкіх стандартаў і этыкі:
- Недастатковасць кантэксту першакрыніцы. Матэрыял абапіраецца толькі на скрыншоты інтымных фота без дакладнага адлюстравання поўнага кантэксту перапіскі (напрыклад, ці прысутнічалі элементы флірту). Поўны кантэкст важны для аб’ектыўнай ацэнкі этычнага вымярэння сітуацыі.
- Недастатковасць балансу меркаванняў. Акрамя пазіцый бакоў канфлікту (абвінаваўцы і фігуранта), у матэрыяле адсутнічае меркаванне незацікаўленых экспертаў (юрыстаў, псіхолагаў, сацыёлагаў), неабходнае для шматбаковага разгляду сітуацыі.
- Адсутнасць кантэкстуальнага аналізу з’явы. Артыкул канцэнтруецца толькі на прыватным выпадку і не пераходзіць да аналізу з’явы ў шырокім сацыяльным і прававым кантэксце (распаўсюджанасць, юрыдычная ацэнка паводзін дарослых).
Рада палічыла неабходным запрасіць на сваё пасяджэнне галоўнага рэдактара Еўрарадыё, каб высветліць абставіны падрыхтоўкі публікацыі.
У выніку разгляду і абмеркаванняў Рада
УСТАНАВІЛА:
- Рэдакцыя бачыла перапіску і пацвердзіла, што элементаў флірту, якія маглі б істотна змяніць кантэкст, не было. Пры гэтым Рада лічыць, што наяўнасць флірту абсалютна не азначае дазволу на дасыланне фотаздымкаў такога кшталту.
- Баланс у публікацыі быў захаваны. Рэдакцыя Еўрарадыё звярнулася да Андрэя Стрыжака і прадставіла яму магчымасць выказацца, пра што ёсць згадка ў тэксце. Звярнулася рэдакцыя і да эксперткі. Яе каментар быў апублікаваны ў выглядзе асобнага артыкула. Журналісцкія стандарты не патрабуюць уключэння ўсёй інфармацыі ў адну публікацыю, бо для эфектыўнага ўтрымання ўвагі чытача тэкст не можа быць празмерна доўгім..
- Медыя не абавязана ўсе аспекты тэмы змяшчаць у адзін артыкул. Аналіз з’явы ў шырокім кантэксце можа быць прадметам наступных публікацый і не з’яўляецца парушэннем журналісцкай этыкі ў кантэксце дадзенага матэрыялу.
З улікам выкладзенага, Рада па медыяэтыцы
ВЫРАШЫЛА:
- У артыкуле «Андрей Стрижак и непрошенные дикпики», апублікаваным на Еўрарадыё 21 ліпеня 2025 года, АДСУТНІЧАЮЦЬ парушэнні Кодэкса прафесійнай этыкі беларускіх журналістаў.
- Адпаведна п. 18.3 Пагаднення аб самарэгуляванні незалежнага беларускага медыясектара рашэнні Рады па медыяэтыцы, прынятыя па выніках разгляду індывідуальных зваротаў, абскарджанню не падлягаюць.
Старшыня Рады па медыяэтыцы Надзея Белахвосцік
