Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі выказаў падтрымку «Белсату»
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі адзначыў, што ён поўны наважнасці знайсці дадатковыя магчымасці для падтрымання незалежных медыяў, каб яны маглі працягнуць місію праўдзівага інфармавання «суседзяў з Расеі, Беларусі і Украіны».

Вядоўца «Вот Так» Марыя Макарава, кіраўніца «Slawa TV» Марыя Гурская і галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык бяруць інтэрв’ю ў міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага падчас ягонага візіту ў рэдакцыю «Белсату». Варшава, Польшча. 9 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Пра гэта Радослаў Сікорскі заявіў 9 красавіка падчас наведвання рэдакцыі «Белсату».
Звяртаючыся да работнікаў рэдакцыяў «Белсат», «Вот Так» і «Slawa TV», міністр замежных справаў адзначыў, што місія, якую выконваюць тэлеканалы, для ўраду і Міністэрства замежных справаў вельмі важная. Бо як дыпламатыя ёсць лініяй абароны Рэспублікі Польшча, гэтак жа праўдзівая інфармацыя для суседзяў Польшчы ёсць элементам фармавання яе міжнароднага асяроддзя, перакананы Сікорскі.
«Толькі што мы раіліся з кіраўніцтвам не пра тое, як скарачаць сродкі ці місіі, а наадварот, пра тое, як павялічыць вашыя здольнасці да ўплыву. І гэта тым больш важна на фоне зменаў у гэтай галіне, звязаных з амерыканскімі пастановамі, што датычаць радыё «Свабодная Еўропа» і радыё «Свабода», – сказаў кіраўнік польскага МЗС.
Радослаў Сікорскі адзначыў, што місія праўдзівага інфармавання «нашых суседзяў з Расеі, Беларусі і Украіны пра тое, што адбываецца як на Захадзе, гэтак і ў іхных уласных краінах», неабходная і мусіць быць працягнутая.
«І я поўны наважнасці знайсці як польскія, так і еўрапейскія сродкі на тое, каб туды, дзе іншыя, можа быць, скарачаюць сваю прысутнасць, увайшла Польшча», – адзначыў Сікорскі.
Міністр замежных справаў запэўніў прадстаўнікоў рэдакцыяў, што ён вельмі хацеў бы, каб яны ведалі, што «ў МЗС у іх ёсць хаўруснік, які змагаецца за гэтыя грошы».
«Вядома, бюджэт не гумовы, усе мы маем абмежаванні, але я буду пераконваць і прэм’ер-міністра, і міністра фінансаў у тым, што гэтая місія – у святле агрэсіі рэжыму Пуціна і ў кантэксце амерыканскай пастановы – тым больш важная і патрабуе яшчэ большых сродкаў. Таксама дзякую вам за ўсё, што вы робіце. Пакуль я міністр, ніякага скарачэння бюджэтаў не будзе, а я буду змагацца за іх павелічэнне», – адзначыў Радослаў Сікорскі.
