Раніцай затрымлівалі журналіста «Еўрарадыё» Рамана Пратасевіча, апыталі наконт бойкі АБНОЎЛЕНА
Зранку 5 кастрычніка ў кватэру менскага журналіста «Эўрарадыё» Рамана Пратасевіча прыйшла міліцыя. Яго затрымалі, даставілі ў Першамайскае РУУС Менску, праз тры гадзіны адпусьцілі. Тое, што адбывалася ў аддзяленьні міліцыі, журналіст называе вельмі дзіўным.
«Мне за ўвесь час, пакуль я быў затрыманы, не паказалі ніводнай паперкі, нічога ўвогуле не казалі, я нічога не падпісваў. Ні пратаколу апытаньня, нічога. Таму ўсё, што я ведаю, толькі са словаў супрацоўнікаў», — расказвае Пратасевіч Свабодзе. Адзіная папера, якую яму далі, пацьвярджае, што ён быў дастаўлены ў Першамайскае РУУС.
Ён прыгадвае, што ў суботу, 3 лістапада, яму тэлефанавалі, прадставіліся работнікам Першамайскага РУУС і папрасілі падысьці. Пратасевіч адказаў, што ня можа, бо знаходзіўся ў іншым горадзе, і спытаў, чаму запрашаюць. Яму адказалі, што ён быў сьведкам дарожнага здарэньня: нібыта праз паказаньні вышак сотавай сувязі вызначылі, што ягоны тэлефон быў побач. Пратасевіч прапанаваў перазваніць у нядзелю, калі будзе ў Менску, але не перазванілі, а на наступную раніцу забралі яго з дома ў аддзяленьне.
«Калі я пытаў, што за справа, мне нічога не сказалі. Адказалі, маўляў, „ты нам і раскажаш“, — згадвае Пратасевіч. — Адзінае што ў мяне ўзялі тэлефон, пыталі пра нейкія фота зь сябрамі, доўга нешта шукалі ў мабільніку, рабілі яго здымкі…»
У час агляду тэлефона, кажа Пратасевіч, у яго пыталі, чаму ён часта фатаграфуе мітынгі, чаму шмат здымкаў супрацоўнікаў міліцыі. На сустрэчнае пытаньне, што ў гэтым такога, калі ён афіцыйна працуе журналістам і мае афіцыйную акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў, яму не адказалі.
Паводле сьцьверджаньняў міліцыянтаў, у дачыненьні Пратасевіча нібыта завялі справу за «хуліганства» (ч. 1 арт. 339 КК РБ). Нібыта больш як месяц таму, у нейкі момант у 20‑х днях верасьня (дакладную дату не назвалі) ён ехаў на аўтобусе на вуліцу Лучыны і адбыўся нейкі канфлікт, нехта ўдарыў кіроўцу аўтобуса — і кіроўца па фота пазнаў у нападніку Пратасевіча.
Сам журналіст кажа, што ніякіх такіх здарэньняў ня памятае, ня толькі са сваім удзелам (і падкрэсьлівае, што ён наогул неканфліктны чалавек), але і з удзелам кагосьці побач.
5 лістапада — Станем за журналістаў! Далучайся!