Рашэнне Докшыцкага суда пра спыненне справы журналіста Змітра Лупача апратэставанае
На падставе скаргі начальніка Докшыцкага РАУС Сяргея Каралевіча і апратэставання рашэння Докшыцкага раённага суда в. а. пракурора Надзеі Міцько адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера Змітра Лупача будзе разглядаць Віцебскі абласны суд. Разгляд мае адбыцца 9 чэрвеня аб 11 гадзіне.
Як напісана ў пісьмовым паведамленні, якое атрымаў глыбоцкі журналіст, няяўка яго ў суд не з’яўляецца перашкодай для разгляду справы.
Журналіст не намераны ехаць на разгляд справы ў Віцебск, кажа, што не бачыць у гэтым сэнсу: прысуд усё адно будзе вынесены не на яго карысць. Як зазначае Зміцер Лупач, пасля неспадзяванай пастановы суда ў Докшыцах, ён не выключаў магчымасці, што пракурор апратэстуе гэтае рашэнне. Так і адбылося.
Нагадаем, 18 траўня суддзя Докшыцкага суда Дзяніс Корсак спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача за недаказанасцю віны. Журналіста вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула 23.5 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пратакол на яго склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель. Падставай для адміністрацыйнай справы стаў фельетон на YouTube-канале “Белсата” пад назвай “Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан”.