Расія перадасць ЗША асуджаную журналістку «Радио Свобода» Алсу Курмашаву — СМІ
Расія ў межах абмену зняволенымі з ЗША перадасць журналістку «Радио Свобода» Алсу Курмашаву, піша «Медуза» са спасылкай на CBS News. Журналістку прыгаварылі да шасці з паловай гадоў калоніі за «фейкі» пра расійскае войска.

Алсу Курмашава ў зале суда. Фота: Getty Images
Крыніца ў Белым доме заявіла CBS News, што ў рамках абмену Расія перадасць трох амерыканскіх грамадзян, у тым ліку журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча і былога марпеха Пола Уілана, якіх асудзілі ў Расіі па артыкуле аб шпіянажы.
Пазней інфармацыю пра вызваленне Алсу Курмашавай пацвердзіў прэзідэнт карпарацыі «Радио Свободная Европа/Радио Свобода» Стывен Капус.
«Мы радыя навіне аб хуткім вызваленні Алсу і ўдзячныя амерыканскаму ўраду і ўсім, хто нястомна працаваў, каб пакласці канец несправядліваму абыходжанню з ёй з боку Расіі», — заявіў Капус.
Вярхоўны суд Татарстана прысудзіў Алсу Курмашавай шэсць з паловай гадоў калоніі па справе аб «фейках» пра войска. Справу распачалі з‑за кнігі Курмашавай «Не вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварвання ва Украіну», якая выйшла ў лістападзе 2022 года.
