«Усё, што па-беларуску, — гэта таксама форма пратэсту». Вялікая размова з аўтарам новага фільму аб жніўні 2020 Мішам Козыравым
Расійскі прадусар і журналіст Міша Козыраў выпусціў фільм пра беларускія пратэсты 2020 году і пра ролю музыкі ў гэтых падзеях. «Радыё Свабода» распытала аўтара, чаму падзеі пяцігадовай даўніны ў Беларусі застаюцца актуальнымі дагэтуль і як беларускі пратэст успрымалі звонку.
Гадзінны фільм пра беларускія пратэсты 2020 году і пра ролю музыкі і артыстаў у гэтых падзеях выйшаў на тэлеканале «Дождь». Гэтая стужка стала шостай у цыкле «Нямы рок-н-рол» — аўтарскай праграме расейскага прадусара, журналіста і актора Мішы Козырава.
У фільме асноўная ўвага надаецца музыкам, якія падтрымалі беларускі пратэст супраць улады. Многія зь іх апынуліся за кратамі ці былі вымушаныя эміграваць. Падзеі 2020 году ў фільме камэнтуюць гурт Irdorath (Надзею і Ўладзіміра Калачоў асудзілі на 2 гады калёніі), музыка Лявон Вольскі (мусіў эміграваць), Papa Bo (затрыманы і асуджаны на «хатнюю хімію»), а таксама іншыя выканаўцы, журналісты, праваабаронцы.
«Свабода» распытала аўтара, чаму амаль праз 5 гадоў пасьля масавых пратэстаў у Беларусі гэтая тэма ўсё яшчэ важная, чаму беларуская рэвалюцыя была менавіта такой, чаму сілавікі дзейнічалі так жорстка, лічачы сябе пры гэтым «воінамі сьвятла», і ці трацяць беларусы надзею.
— Неўзабаве будзе 5 гадоў з таго часу, як у Беларусі прайшлі выбары 2020 году, пасьля якіх пачаліся самыя масавыя пратэсты супраць улады ў гісторыі краіны. Чаму гэтая тэма ўсё яшчэ застаецца актуальнай і цікавай камусьці? Чаму вы вырашылі за яе ўзяцца і расказаць пра гэта яшчэ раз?
— Калі гэта адбывалася, «Дождь» актыўна асьвятляў усе падзеі ў Беларусі. У нас там практычна пасялілася наша карэспандэнтка Маша Барзунова, якая асьвятляла пратэсты. Мяне ў маіх праграмах заўсёды цікавіла ўсё, што мае дачыненьне да музыкі і музыкаў.
Я памятаю свой стан на той момант. Мы ўсе тады вельмі спадзяваліся на перамогу і на тое, што гэтыя пратэсты ў рэшце рэшт прывядуць да зрынаньня Лукашэнкі. І было жахліва крыўдна, што гэтага не адбылося. Цяпер я раблю цыкль фільмаў пад агульнай назвай «Нямы рок-н-рол», яны прысьвечаныя дачыненьням музыкаў і ўлады. І асобны фільм я вырашыў зрабіць менавіта пра тыя пратэсты і іх наступствы.

Музыкі гурта Irdorath падчас пратэстаў 2020 году, архіўнае фота
Маю адчуваньне, што абодва дыктатары працавалі ў зьвязцы. Што Беларусь — гэта такая тэставая пляцоўка, на якой яны выпрабоўваюць, што можна, чаго нельга, што эфэктыўна, да якой ступені нахабства і беззаконьня можна дайсьці. Думаю, што Пуцін уважліва назіраў за гэтым і рабіў сабе нататкі. У Расеі дагэтуль не практыкуецца кіданьне цэлых гуртоў у турму. Але, напрыклад, прабачэньні на камэру і выбіваньне нейкіх словаў з закладнікаў, зь людзей, якіх арыштавалі, — гэта ўжо існуе. І ў сувязі з гэтым, мне здаецца, гэта важны фільм — каб, напрыклад, тыя музыкі, што застаюцца ў Расеі, паглядзелі яго і зрабілі для сябе пэўныя высновы. Я думаю, што закручваньне гаек — гэта рэч непазьбежная. Калі рэжым адчуў смак крыві, ён ужо ня можа спыніцца. Гэтае крыві ня можа стаць менш — яе можа быць толькі больш.
Дарэчы, усе інтэрвію з людзьмі, якія гавораць па-беларуску, — і Лявон Вольскі гаворыць па-беларуску, і яшчэ некалькі чалавек, — я браў сам. Нягледзячы на тое, што мне цяжка чытаць па-беларуску, калі мы размаўлялі, я задаваў пытаньні па-расейску, а адказ чуў па-беларуску. Я разумеў прыблізна 80% з таго, што мне казалі, таму арыентаваўся ў размове на жывую, вольную беларускую мову. І гэтым ганаруся.

Плякаты з пратэстаў жніўня 2020, архіўнае фота
— У фільме ёсьць кадры з пратэстаў. Вы як-небудзь высьвятлялі, што можна паказваць, а што не? Ці выкарыстоўвалі кадры, якія раней ужо зьяўляліся?
— Спачатку мы прынялі рашэньне выкарыстоўваць толькі кадры, апублікаваныя раней. У асноўным гэта былі ўласныя здымкі «Дождя», якія ляжалі ў нас, і мы прынялі рашэньне іх не выдаляць. Таму ад самага пачатку мы адчувалі сябе спакойна і ўпэўнена. Але ўжо за пару-тройку дзён да прэм’еры я паказаў фільм некалькім сваім знаёмым, сябрам і калегам-беларусам, і яны сказалі: «Спадарства, так нельга». Бо нават калі гэтыя кадры можна лёгка знайсьці на YouTube, фільм прыцягне, безумоўна, такую ўвагу спэцслужбаў, што людзей усё роўна змогуць вылічыць. Проста ў такім канцэнтраваным выглядзе — гэтая тэма вельмі небясьпечная для публікацыі.
Таму мы пачалі блюрыць усё, што толькі можна. І праз гэта перанесьлі дату выхаду. Фільм выйшаў не ў прызначаны час, а мы ўзялі дадатковы тыдзень, каб усё вычысьціць, заблюрыць, заштрыхаваць. Дый то на раніцу пасьля выхаду фільму мой знаёмы музыка даслаў мне скрыншот, дзе, як яму здалося, нават заблюраны твар усё роўна можна было пазнаць. І мы яшчэ раз прайшліся па ўсіх кадрах з тварамі і больш дбайна ўсё заблюрылі.

Кадр з кліпа на песню «Правілы» гурта Nizkiz, зьнятага падчас пратэстаў 2020 году
«Артысты, у прынцыпе, нікому нічога не павінны»
— Гурты Nizkiz, Irdorath — многія беларускія музыкі апынуліся за кратамі, іншым цяжка пачынаць усё нанова ў эміграцыі. Як гэтая сытуацыя можа паўплываць на культурныя страты для грамадзтва?
— Гэта немагчыма вымераць колькасна, гэта гіпатэтычныя разважаньні. Але тое ж самае назіраецца і ў Расеі, хіба што з той розніцай, што музыкі, якія пасьпелі пакінуць краіну, за апошнія тры гады неймаверна выдатна сябе рэалізавалі ў пляне новай музыкі. Што да беларускіх альбомаў, якія зрабілі на мяне моцнае ўражаньне, — гэта новая кружэлка Naviband «Адліга». Цудоўны рэліз, які я слухаю зь вялікім задавальненьнем. Яны, на мой погляд, вельмі вырасьлі як аўтары.
Але ў цэлым гэта такая вечная дыскусія: калі культура разьвіваецца больш плённа — калі яна ў спрыяльным становішчы ці насуперак згусьцелым хмарам? Тут няма аднаго прынцыпу ці заканамернасьці, бо адны творцы ствараюць, калі вакол свабодна і лёгка дыхаць, а ў іншых наадварот — творчы імпульс канцэнтруецца менавіта ў неспрыяльнай сытуацыі.
Я думаю, што, безумоўна, гэтыя пратэсты будуць прааналізаваныя, адрэфлексаваныя і ператворацца ў шмат магутных твораў — ня толькі ў музыцы, ня толькі ў літаратуры, але і ў кіно. Кінэматограф рэагуе павольней, бо гэта вялікая вытворчасьць, дзе ўдзельнічаюць шмат людзей, і кіно каштуе даражэй за ўсе іншыя жанры. А вось што да вершаў і песень — гэта адбываецца значна хутчэй. І я думаю, што мы ўсё часьцей будзем чытаць вершы і слухаць песьні, у якіх будуць адлюстроўвацца гэтыя падзеі.

Пратэстоўцы на вуліцах Менску ў 2020 годзе, архіўнае фота
— Бывае, беларусы кажуць: ну добра, музыка аб пратэстах, фільмы аб пратэстах, але, можа быць, мы маглі б зараз разважаць і на іншыя тэмы, а ня толькі калупацца ў нашай траўме?
— Артысты, у прынцыпе, нікому нічога не павінны. Яны, як правіла, перажываюць нейкія свае ўнутраныя жарсьці і ўраганы, якія могуць быць зьвязаныя з тым, што адбываецца вакол іх, а могуць і ня быць зьвязаныя. Тут няма ніякай заканамернасьці. Але, вядома, калі краіна перажывае такое глябальнае ўзрушэньне, якім быў 2020 год, заканамерна меркаваць, што вельмі шмат будзе напісана пра гэта.
— Нягледзячы на рэпрэсіі, складанасьці з правядзеньнем і арганізацыяй фэстываляў і канцэртаў, у Беларусі працягваюць зьяўляцца новыя калектывы, выходзіць музыка па-беларуску. Як лічыце, гэта такі рух насуперак?
— У мяне погляд збоку. Я падазраю, што ўсё, што пішацца па-беларуску, — гэта таксама такая форма пратэсту. Ведаю стаўленьне ўлады да беларускай мовы (у мяне ёсьць пра гэта ў фільме), але ў якой ступені гэта зараз небясьпечна — ісьці супраць плыні — я магу толькі меркаваць. Мне здаецца, што цяпер кожны чалавек, які працягвае пісаць песьні і выпускаць іх унутры краіны, — робіць свайго кшталту геройскі ўчынак. Я, вядома, ня маю на ўвазе прыдворных артыстаў і абсалютную махровую папсу. Але збоку, вядома, заўсёды фарбы выглядаюць больш згушчанымі.
Я лёгка магу сабе ўявіць артыста, якому пішуцца песьні, у якога поўна розных чарнавікоў у стале. Ён ня можа не пісаць, ня так проста ўзяць і пайсьці на цэлюлёзна-папяровы камбінат ці сесьці за стырно камбайна ў палях. Пры гэтым у яго няма магчымасьці зьехаць. Можа, няма грошай, можа, якія-небудзь роднасныя сувязі настолькі сур’ёзныя, што ён ня можа імі ахвяраваць. І што такому чалавеку рабіць, калі вакол таталітарны рэжым, а ў яго пішуцца песьні? Ну вось, адпаведна ён ці яна піша іх у стол. Я думаю, што такая сытуацыя, безумоўна, характэрная і для Беларусі.

Лявон Вольскі падчас аднаго з канцэртаў за мяжой. Пасьля 2020 году вялікая колькасьць беларускіх музыкаў вымушана жыве за мяжой
— У Расеі з пэўнага часу ўлада пачала фармаваць пул праўладных рокераў. А ў Беларусі ўлада ці не спрабавала, ці ад пачатку вырашыла, што гэта немагчыма. Чаму так, на ваш погляд?
— Мне здаецца, проста рукі не дайшлі ў цэнзараў і ў ідэолягаў улады. Рэч у тым, што гэты працэс, калі жаба павольна варылася ў малацэ, у Расеі ішоў даволі даўно: з моманту прыходу Пуціна да ўлады яны адразу пачалі задумвацца пра гэта. У іх проста дайшлі да гэтага рукі, бо рэсурсаў шмат, краіна багатая. Шмат грошай, ёсьць на што іх траціць. У Беларусі, з аднаго боку, гэта недаацанілі, гэта ж фронт ідэалягічнай працы, гэта ж трэба шчыльна камунікаваць з музыкамі. Проста неяк рукі не дайшлі. Самых яскравых і відавочных пераканаць было немагчыма, іх давялося проста забараніць. А ўся моладзь, якая вылезла ў сувязі з пратэстамі 2020 году, для ўлады была такой жа нечаканасьцю, як і для народу.
Выявілася, што ступень незадаволенасьці той несправядлівасьцю, якая адбываецца вакол, настолькі зашкальвала, што ў людзей проста імгненна паліліся магутныя тэксты і магутныя песьні. І гэта, мне здаецца, стала для ўлады поўнай неспадзяванкай. Гэта часткова можа растлумачыць і тую дзікую помсту, якую потым улада абрушыла на новых, маладых артыстаў.
«Улада як ракавая пухліна»
— У Беларусі ўжо некалькі гадоў як зьявіліся прафэсійныя стукачы. Яны скасоўваюць фэстывалі, канцэрты празь перапіску зь мясцовымі ўладамі. Прычым раней пра іх не было чутно. Адкуль маглі зьявіцца такія «актывісты»?
— Я быў цалкам зьбянтэжаны, калі ў Расеі павылазіла шмат такіх даносчыкаў-нікчэмнасьцяў. Яны зараз правяць баль у Расеі, яны завялі сабе тэлеgram-каналы, у якіх лічаць сваім абавязкам зьвяртаць увагу грамадзкасьці на нейкія зьявы ў культуры.
У такія цёмныя часы найгоршыя якасьці ў людзях, як аказваецца, квітнеюць. Тыя, хто больш сталы, згадваюць, як гэта было, у іх аднаўляецца гістарычная памяць: «А вось як, дарэчы, рабілі кар’еры людзі ў Савецкім Саюзе, трэба паспрабаваць». А маладыя, як я разумею, бачаць акно магчымасьцяў: калі я зараз пачну прафэсійна стукаць, то мяне заўважаць, я прасунуся, гэта будзе мой так званы сацыяльны ліфт.
І мы ў выніку назіраем трыюмф мярзотнікаў. Гэта мяне зьбівае з панталыку. Я нават матываў не магу зразумець. Але, з другога боку, зараз, праглядаючы шмат гадзін хронікі 2020 году ў Беларусі, я дакладна гэтаксама не магу зразумець, не магу ўкласьці сабе ў галаве, адкуль такая дзікая жорсткасьць ува ўсіх гэтых амапаўцаў, спэцназаўцаў.
Кожны раз, калі мне мае сьпікеры, тыя ж музыканты, кажуць, што беларусы — гэта вельмі мірны народ, мы чалавечныя, мы мірныя, таму такі вось у нас быў пратэст, — пасьля размовы хаджу кругамі па пакоі і думаю: ну так, мірныя, а вось гэтыя, якія пакалечылі людзей на Акрэсьціна, гэта ж тыя ж самыя беларусы! Як атрымліваецца, што адны такія, а другія такія? Гэта хутчэй фізіялягічнае, нейкае арганічнае перараджэньне, якое адбываецца ад блізкасьці да ўлады.
Улада як ракавая пухліна. Я баюся, што ўлада сама па сабе настолькі таксычная, што яна перадаецца паветрана-кропельным ці якім-небудзь іншым інфэкцыйным шляхам і заражае людзей, ператвараючы іх у оркаў.

Выступ дыджэя Papa Bo Selectah на Плошчы Пераменаў у Менску, Плошча Пераменаў, 2020 год
«Іншага шляху я нікому ня раю»
— Пра мірных беларусаў — нас часта абвінавачваюць у гэтым. Маўляў, пратэст мог быць іншым, і ўсё магло быць інакш. А ці магло б?
— Тут немагчыма варажыць. Але ўсе тыя людзі, зь якімі я размаўляў для гэтага фільму, сказалі адно і тое ж: мы ўсё правільна зрабілі. Нельга было даставаць зброю і нельга было са зброяй ісьці на ўладу, бо гэта вылілася б у мора крыві. Многія зь іх казалі, што мы проста не маглі па-іншаму, мы не агрэсіўны, а міралюбівы народ. З гэтага можна зрабіць выснову: значыць, усё было заканамерна. Значыць, і параза гэтага пратэсту была заканамерная, і бясчынствы ўлады, якія былі пасьля. І ўжо дакладна ніякага іншага шляху я нікому ня раю. Адбылося так, як адбылося. Магчыма, проста гэтая колькасьць перароджаных праўладных ахоўнікаў аказалася значна большай, чым нармальных людзей, якія проста хацелі змяніць уладу.
— Мне апавядалі, што на піку жорсткасьці 10–11 жніўня 2020 году, калі АМАП адлоўліваў і біў людзей, у некаторых зь іх у машынах гучалі «Воіны сьвятла» Ляпіса Трубяцкога. То бок яны думалі, што воіны сьвятла — гэта яны… Як такое магчыма?
— Я ў гэта лёгка магу паверыць. Я бачыў уласнымі вачыма на гэтых шабасах у маскоўскіх Лужніках, на якіх былі сабраныя ў падтрымку Пуціна людзі з розных гарадоў, як там Паліна Гагарына ці іншыя артысты сьпявалі песьні Цоя, цалкам ўпэўненыя, што «Группа крови на рукаве» — гэта песьня пра тых, хто адважна бароніць уладу.
Гэта прыём такі, які называецца «прысваеньне», калі ты бярэш нешта чыстае і, прысвойваючы яго сабе, наўмысна яго пэцкаеш. Нібыта заяўляеш: вы думалі, гэта ваша песьня? Ды гэта наша песьня. Гэта пра нас: «Воіны сьвятла». Людзі прыдумваюць гэтыя хітрыкі, каб такім чынам падняць дух народанасельніцтва. Але я веру, што ў рэшце рэшт такія скажэньні адыдуць, рассыплюцца ў гісторыі, бо зразумела, дзе сьвятло, а дзе цемра.

Пратэсты 2020 году ў Менску, архіўнае фота
«Рана ці позна наступіць новы этап барацьбы за свабоду»
— Нядаўна ў нас разгарэлася спрэчка ў Facebook сярод беларусаў. Пасьля канцэрту Валерыя Мэладзэ ў Польшчы. Маўляў, шмат беларусаў туды пайшло, а вось на рок-гурты, якія былі вымушаныя выехаць і наагул маюць фінансавыя праблемы, ходзіць менш. Ці ёсьць у гэтым нейкая праблема?
— Я пайшоў сам на канцэрт Мэладзэ ў Амстэрдаме. Там была тая самая заля, у якой я бачыў да гэтага «Океан Ельзи», Земфіру, Бі‑2, ДДТ. Ні на водным з гэтых выступаў я ня бачыў такога шалёнага аншлягу, як на Мэладзэ. І гэта быў першы мой досьвед на Мэладзэ. З 10 чалавек былі 9 жанчын прыкладна адной узроставай групы. Яны ўсе тэксты хорам сьпявалі і проста былі ў стане абсалютнай эўфарыі і шчасьця. Але ёсьць, відавочна, нешта ў песьнях Мэладзэ, што вытрымлівае праверку часам і прасторай. Гэтыя песьні страляюць аднолькава моцна што на адным кантынэнце, што на іншым. Я не магу сказаць, што гэта блізкая мне музыка, але было вельмі цікава вывучыць гэты феномен. Вядома, на канцэртах усіх артыстаў, якіх я пералічыў у гэтай жа залі, я атрымліваў больш задавальненьня і пачуваўся значна больш арганічна. Тое, што ты ходзіш на канцэрт Мэладзэ, ніякім чынам не заслоніць для цябе тваіх любімых групаў. Ты зусім сабе можаш пайсьці і туды, і туды.
— Калі вы размаўлялі зь беларускімі артыстамі і іншымі людзьмі пры здымках фільму, ці адчувалася, што яны вельмі расчараваныя, выгаралі?
— У мяне склалася агульнае адчуваньне, што надзея жыве. Некалькі суразмоўцаў паўтаралі адное і тое ж: «Усё было недарэмна! Мы згадваем гэтыя дні як самы шчасьлівы час!». Сьвета Бень сказала, што ніколі ўжо не адчуе таго шчасьця, якое адчувала, калі ішла ў пратэставых калёнах. Надзея з гурту Irdorath сказала, што ў тыя дні ўсе адчулі, што беларус беларусу беларус. І што гэта была, напэўна, важная і непазьбежная стадыя фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці.
У мяне такое адчуваньне, што з тых людзей, зь якімі я размаўляў, ніводзін не заняпаў духам. І ўжо дакладна ніводзін не сказаў, што вельмі шкада і што надзеі няма. Усе стараюцца займацца тым, што любяць і ўмеюць. Але з асабліва вялікай надзеяй гаварыў Андрэй Стрыжак з фонду BySol. Ён сказаў: «Рана ці позна — хацелася б, вядома, рана — наступіць новы этап барацьбы за свабоду, і мы будзем гатовыя да гэтага!»
