У Кіеве 8 жніўня развітаюцца з журналісткай Вікторыяй Рошчынай
Украінская журналістка Вікторыя Рошчына памерла ў расійскім палоне падчас этапавання з Таганрога ў Маскву у кастрычніку 2024 года. Ёй было 28 гадоў. Вядома, што дзяўчыну моцна катавалі: перад смерцю медыйшчыца важыла каля 30 кілаграмаў, а на яе целе былі выяўленыя шматлікія нажавыя раненні.

Вікторыя Рошчына
Развітанне пачнецца са службы ў Міхайлаўскім Саборы. Як паведамляе «Украінская праўда», яго арганізуюць калегі Вікторыі з некалькіх рэдакцый, з якімі яна супрацоўнічала.
Вікторыя Рошчына як фрылансерка супрацоўнічала з «Украінскай праўдай», hromadske, «Украінскім радыё», «UA:Першы», «Цэнзар.нет», украінскай рэдакцыяй «Радыё Свабода».
На працягу сваёй амаль дзесяцігадовай журналісцкай кар’еры яна асвятляла складаныя і часцяком небяспечныя тэмы, уключаючы злачыннасць, суды і правы чалавека.У 2022‑м яна атрымала ўзнагароду Міжнароднага жаночага медыйнага фонду «За мужнасць у журналістыцы».
Расійскія вайскоўцы і сілавікі затрымлівалі два разы. Прешы раз гэта адбылося ў сакавіку 2022 года падчас паездкі з Бярдзянска ў Марыупаль. На той раз абышлося — пасля 10 дзён арышту яе адпусцілі. Наступны раз яе затрымалі ў жніўні 2023 года, калі журналістка паехала праз Польшчу на падкантрольныя Расіі тэрыторыі Запарожскай вобласці для падрыхтоўкі рэпартажу.
Журналісты «Слідство.Інфо» разам з арганізацыяй «Рэпарцёры без меж» і калегамі з медыя «Суспільне» і «Граты» высветлілі, што расіяне спачатку схапілі Вікторыю і ўтрымлівалі ў засценках на акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці, а затым перавезлі ў Таганрог.
У кастрычніку 2024 года бацькі Рошчынай атрымалі афіцыйнае паведамленне пра тое, што іх дачка памерла.
