Развітанне з Валерам Шчукіным адбудзецца ў аўторак, 13 кастрычніка
Развітанне з легендарным праваабаронцам і журналістам Валерам Шчукіным адбудзецца ў Мінску ў аўторак, 13 кастрычніка, а 14:00 у рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага, 12.
Родныя настойліва просяць усіх БЫЦЬ У МАСКАХ.
Пахаваны Валер Шчукін будзе на Чыжоўскіх могілках.
Праваабаронца памёр у Мінску ў суботу, 10 кастрычніка.
Валер Шчукін скончыў Ленінградскую вышэйшую вайскова-марскую інжынерную вучэльню. 27 гадоў служыў у флоце. Капітан другога рангу. Па заканчэнні службы вярнуўся ў Мінск.
Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання. Ад 1996 па 2003 год жыў у Полацку.
Спадар Валер быў актыўным удзельнікам грамадска-палітычнага жыцця. Яго шмат разоў затрымлівала міліцыя, суды каралі яго штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазіцыйных акцыях.
У 2001 годзе Шчукін адседзеў тры месяцы ў Жодзінскай турме за непадпарадкаванне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў.
Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага Хельсінскага камітэта. Валер Шчукін да канца свайго жыцця займаўся праваабарончай дзейнасцю.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Валерыя Шчукіна.