• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактара s13 Сяргея Чабоцьку асудзілі на 3,5 гады за «экстрэмізм» і «паклёп» на Лукашэнку

    Гродзенскі абласны суд прыгаварыў рэдактара гарадскога партала s13.ru Сяргея Чабоцьку да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і буйнога штрафу. 

    Сяргей Чабоцька

    Сяргей Чабоцька. Фота: Face­book

    Суддзя Юрый Казакевіч 31 кастрычніка прызнаў Сяргея Чабоцьку вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў:

    - арт. 361–1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім),

    - арт. 367 КК РБ (Паклёп у дачыненні прэзідэнта РБ).

    Акрамя зняволення суддзя Казакевіч прызначыў Сяргею Чабоцьку сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам тысяча базавых велічынь. Гэта 42 000 рублёў ці прыблізна 14 230 долараў па курсе НБРБ. 

    Сваёй віны ў судзе Сяргей Чабоцька не прызнаў.

    Пра вынік суда над журналістам паведаміла дзяржаўная тэлерадыёкампанія  «Гродна».

    Да суда ўладальніка гродзенскага навінавага партала s13.ru ўтрымлівалі за кратамі больш за год.

    Сілавікі затрымалі яго 23 кастрычніка 2024 года, і з таго ж дня перасталі абнаўляцца сайт і сацсеткі выдання. Праз два дні суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць змест сайта s13.ru і звязанага з ім Telegram-канала «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Яшчэ праз пару дзён суд дадаў да экстрэмісцкіх старонкі ў сацсетках і лагатыпы анлайн-выдання — іх усе ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Адразу пасля затрымання Сяргею Чабоцьку прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць).

    Потым, не выпускаючы на волю, дадалі «суткі» паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства). Трэці адміністрацыйны арышт быў прызначаны Чабоцьку зноў па абвінавачанні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Але і пасля яго з‑за кратаў рэдактар гродзенскага сайта s13.ru не выйшаў — у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.

    Наступныя падзеі паказалі, што рэдактара партала вінавацяць паводле «экстрэмісцкага» артыкула: 9 снежня 2024 года сайт s13.ru з’явіўся ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У якасці групы грамадзян, якія, на думку сілавікоў, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» былі названыя Сяргей Чабоцька і Раман Алешка.

    З інфармацыі на сайце МУС вынікала, што Камітэт дзяжбяспекі Беларусі абвесціў партал s13.ru «экстрэмісцкім фармаваннем» больш за месяц таму — 5 лістапада 2024 года, і ў той жа дзень рашэнне сілавога ведамства набыло моц.

    На той момант Сяргей Чабоцька якраз адбываў апошні адміністрацыйны арышт. Неўзабаве стала вядома, што яго ўзялі пад варту і перавялі ў следчы ізалятар пры гродзенскай турме № 1.

    28 снежня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Чабоцьку палітычным вязнем.

    Пакуль рэдактар знаходзіўся ў СІЗА пад вартай, у Гродне працягвалі шукаць крамолу на інтэрнэт-рэсурсах ягонага праекта. Рашэннем суда Ленінскага раёна ад 14 сакавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаныя Tik­Tok-акаўнт «s13.ru» і YouTube-каналы «s13.ru».

     Гродзенскі партал s13.ru праіснаваў 19 гадоў. Ён з’явіўся ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці