• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сацыяльныя сеткі і СМІ ў дапамогу: валанцёры з дапамогай журналістаў шукаюць зніклую жыхарку Віцебска

    Ужо дзесяць дзён у Віцебску шукаюць зніклую Вольгу Лазарэнка, 63-гадовую жанчыну, якая пакутуе на хваробу Альцгеймера. Дапамагаюць шукаць і віцебскія журналісты: выконваючы прафесійныя абавязкі па распаўсюдзе інфармацыі і выходзячы на пошукі непасрэдна разам з валанцёрамі.

    Вольга Іванаўна Лазарэнка, якая мае праблемы з памяццю, ранкам  4‑га студзеня сышла са сваёй кватэры ў невядомым накірунку. Яе дачка, якая апякуцца хворай разам з іншымі сваякамі, размясціла “Вконтакте” аб’яву: “Знікла мама”. Усе калядныя выходныя зніклую шукалі добраахвотнікі-валанцёры. У міліцэйскую зводку абвестка пра пошукі трапіла толькі 8 студзеня, пашуковыя працы не спыняюцца да сёння.

    Першымі адгукнуліся незалежныя віцебскія СМІ

    На адчайны допіс Ганны Лазарэнка жыхары Віцебска адрэагавалі прапановамі дапамогі ў пошуку. Было вырашана як мага шырэй распаўсюдзіць абвестку з фотаздымкам зніклай і яе прыкметамі – каб кожны, хто яе выпадкова сустрэне, змог пазнаць і скантактавацца з роднымі.

    “Народныя навіны Віцебска” і “Витебский курьер” першымі размясцілі матэрыялы пра зніклую жанчыну на сваіх інтэрнэт-старонках, заклікаўшы ўсіх быць уважлівымі на вуліцах горада. Таксама журналісты распаўсюдзілі інфармацыю пра пошукі  Вольгі Лазарэнка ў сацыяльных сетках: Face­book і “Одноклассники”.

    Віцябляне адразу праявілі высокую ступень здольнасці да самаарганізацыі: “Вконтакте” была створаная адмысловая суполка  “Поиск Лазаренко Ольги Ивановны”, дзе людзі пачалі абменьвацца планамі пошуку, дамаўляцца пра раздрукоўку і распаўсюд абвестак, прыватным чынам вырашылі пытанне пра прагляд запісаў з камер відэаназірання і інфармаванне кіроўцаў таксі і грамадскага транспарту.

    Журналісты “Витебского курьера” таксама сталі пашукавікамі   

    Амаль адразу вызначыліся каардынатары, якія пачалі фармаваць пашуковыя групы, а таксама адказныя за праверку звестак на розных  інтэрнэт-рэсурсах, ім  было даручана адсочваць інфармацыю, карысную для пашукавікоў.  

    Віцебскія журналісты таксама займаліся сарціроўкай звестак з інтэрнэту. А некаторыя выправіліся на пошукі ў складзе валанцёрскай групы. Сваімі ўражаннямі падзялілася прадстаўніца рэдакцыі “Витебского курьера” Міла Стасева:

    “8 раніцы, цёмна, мароз — 12 градусов, а неабыякавыя ўжо сабраліся каля філармоніі на вуліцы Леніна. Вечерамі і начамі яны рыхтуюць улёткі, дзеляць раёны горада на квадраты і размяркоўваюць, якія групы будуць па іх  курсаваць… Улёткі па ўсім горадзе ўжо расклееныя. Зараз валанцёры ўглядаюцца ў твары мінакоў, аглядаюць прыпынкі і правяраюць закінутыя месцы”.

    “Витебский курьер” размясціў на сваіх старонках чатыры артыкулы, прысвечаныя валанцёрскаму пошуку — ад самага пачатку да апошніх выхадаў добраахвотнікаў. Пра пошукі, якія з уласнай ініцыятывы арганізавалі неабыякавыя віцябляне, паказалі некалькі сюжэтаў па мясцовым тэлебачанні, артыкулы з  фотаздымкам зніклай жанчыны надрукавалі tut.by, “Комсомольская правда в Беларуси”, мясцовыя “Витебские вести” і “Витьбичи”. Маштабам дзейнасці добраахвотнікаў была ўражаная нават віцебская міліцыя: абвестка з падзякай жыхарам горада з’явілася на мясцовым сайце МУС, але толькі  8 студзеня, калі валанцёры працавалі ўжо некалькі дзён.

    На жаль, пакуль што пошукі не далі плёну. Але ўдзельннікі дагэтуль спадзяюцца на лепшае, хоць з часу знікнення Вольгі Лазарэнка мінула ўжо дзесяць дзён. Дапамога СМІ па-ранейшаму запатрабаваная: валанцёры і сваякі зніклай разлічваюць, што распаўсюд звестак пра пошукі прыцягне ўвагу максімальнай колькасці людзей, і жанчыну знойдуць нават калі яна з’ехала з Віцебска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці