Папаўненне экстрэмісцкага спісу Мінінфарма: сайт agrolive.by, «Хата Белсату» ў Facebook, YouTube-канал «Такое жыццё»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 27 жніўня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Ніша якаснай аграрнай журналістыкі
Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны змест сайта agrolive.by. Адпаведнае рашэнне прыняў 21 жніўня 2024 года суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Сайт agrolive.by прэзентуе сябе як некамерцыйнае інтэрнэт-выданне, прысвечанае праблемам аграпрамысловага комплексу і сельскага жыцця ў Беларусі. «Чаму ў развітай аграрна-індустрыяльнай краіне, якой лічыцца Беларусь, па сутнасці не запоўненай застаецца ніша якаснай аграрнай журналістыкі», — такое пытанне паставіў перад сабой калектыў рэдакцыі.
І сваёй працай спрабуе давесці, што праўдзівыя і аб’ектыўныя матэрыялы пра стан сельскага жыцця публікаваць варта. На сайце сустракаюцца як уласна рэдакцыйныя матэрыялы, так і перадрукі з інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
YouTube-канал і старонкі ў сацсетках
У спіс экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў уключаны YouTube-канал з назвай «Такое жыццё» (ідэнтыфікатар youtube.com/@nusmumrikLJ). Такое рашэнне 23 жніўня 2024 года прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.
Гэты рэсурс мае амаль восем тысяч падпісчыкаў. Ён афіляваны з хрысціянскім інфармацыйным сайтам katolik.life, доступ да якога з сярэдзіны ліпеня быў заблакаваны карыстальнікам з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ раней доступ да рэсурсу заблакавалі ў Расіі.
«Прычыны афіцыйна ніхто не паведаміў, але яны для нас відавочныя — мы распавядаем не толькі пра пазітыў, але і пра закрыты Чырвоны касцёл, пра арышты святароў, пра тое, як вернікі перажываюць вайну. Бо гэта таксама, на жаль, стала для многіх часткай «каталіцкага жыцця», — каментавала блакіроўку рэдакцыя.
Рашэннем суда Чыгуначнага раёна Віцебска ад 23 жніўня 2024 года экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны кантэнт суполкі ў Facebook пад назвай «Хата Белсату» (ідэнтыфікатар facebook.com/groups/hata.belsata).
У групе 7,5 тысяч удзельнікаў, там публікуюцца спасылкі на перадачы тэлеканала Белсат TV (3 лістапада 2021 года абвешчаны «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Шэраг інфармацыйных рэсурсаў, звязаных з дзейнасцю тэлеканала, быў уключаны ў «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі яшчэ ў ліпені 2021 года.
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае гэтае ведамства, унеслі некалькі прыватных старонак, што належаць вядомым у Беларусі асобам. Да прыкладу, старонка «volha.vialichka» ў Instagram (ідэнтыфікар instagram.com/volha.vialichka/). Рашэнне пра тое, каб лічыць экстрэмісцкай старонку экс-дырэктаркі Гродзенскага дзіцячага хоспіса, асуджанай завочна да 9 гадоў зняволення, прыняў 21 жніўня 2024 года суд Ленінскага раёна Гродна.
У экстрэмісцкі спіс Мінінфарма паводле рашэння суда Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ад 23 жніўня ўключаны і акаўнт «vovatsesler» у Instagram. Гэта старонка вядомага беларускага дызайнера і мастака Уладзіміра Цэслера, аўтара малюнкаў палітычнай тэматыкі.