«Сайт ТUT.BY носіць прамы палітычны характар». Дзяўчыну арыштавалі на 15 сутак за салідарнасць з медыя
"Сайт ТUT.BY носіць прамы палітычны характар". Дзяўчыну арыштавалі на 15 сутак за плакат салідарнасці з супрацоўнікамі TUT.BY
26-гадовая Таццяна Нямкевіч 20 траўня вырашыла выказаць сваю салідарнасць з рэдакцыяй TUT.BY, але не паспела – дзяўчыну затрымалі. Згодна з пратаколам, Нямкевіч 20 траўня ў Асмолаўцы прыняла ўдзел у пікетаванні, трымаючы плакат у руках, паведамляюць праваабаронцы.
Справу па арт. 24.23 КаАП 21 траўня разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня.
Па словах дзяўчыны, у момант затрымання яна размаўляла па тэлефоне, а яе плакат ляжаў у пакеце. Таццяна выказала здагадку, што пакет прасвечваўся, таму супрацоўнікі міліцыі змаглі заўважыць яркія літары. Яна патлумачыла, што плакат намалявала сама, каб падтрымаць затрыманых супрацоўнікаў рэдакцыі TUT.BY.
Міліцыянт, які з’явіўся на суд у якасці сведкі, сцвярджаў, што ў «непасрэднай блізкасці» назіраў, як тры чалавекі стаялі з плакатам «TUT Асмалоўка».
Дыялог адваката з міліцыянтам:
— Вы сказалі, што Нямкевіч выказвала свае палітычныя настроі, а што тут палітычнага?
— Сайт TUT.BY носіць прамы палітычны характар.
— Наколькі я ведаю, супрацоўнікі TUT.BY былі затрыманыя не па палітычных справах.
— Я ж вам сказаў, TUT.BY носіць палітычны характар у Рэспублікі Беларусь.
Вынік — 15 сутак.