Сейм Латвіі не стаў забараняць беларусам працаваць у грамадскіх медыях
27 лістапада Сейм Латвіі не прыняў да разгляду законапраект, якім планавалі забараніць грамадскім медыям заключаць працоўныя і аўтарскія дамовы з грамадзянамі Беларусі і Расіі, паведамляе rus.delfi.lv.
Латвійскі парламент падтрымаў беларускіх журналістаў, якія збеглі ад палітычных рэпрэсій у Беларусі. Сейм таксама не прыняў да разгляду папраўкі да закона аб адукацыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне з 1 верасня 2025 года забароны для грамадзян Беларусі і Расіі працаваць у якасці педагогаў.
Ініцыятарам абодвух законапраектаў выступіла апазіцыйнае Нацыянальнае аб’яднанне.
Кіроўныя «Новае Адзінства», Саюз «зялёных» і сялян і «Прагрэсіўныя» ўстрымаліся ад галасавання, тым самым кааліцыя фактычна заблакавала далейшы разгляд законапраектаў у парламенце.
Кіраўнік кіроўнай фракцыі «Новае Адзінства» Эдмундс Юрэвіцс падкрэсліў, што партыя не можа падтрымаць гэты законапраект.
«Відавочна, ён (законапраект) падымае актуальную праблему, але, на жаль, у цяпершанім выглядзе мы не можам яго падтрымаць, таму што артыкул 2 законапраекта прама і дакладна забараняе бежанцам з беларускага рэжыма, якія знаходзяцца ў Латвіі, якія ствараюць якасны кантэнт для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі, распаўсюджваць такую інфармацыю, у тым ліку яе трансляцыю ў грамадскіх медыях», — сказаў спадар Юрэвіцс.