• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сем судовых пастаноў на двух фрылансераў

    Гомельскія журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын атрымалі па пошце пастановы на штрафы яшчэ з чатырох раённых судоў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. У шасці выпадках іх абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.

    Журналісты-фрылансеры Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын

    Калінкавіцкі раённы суд пакараў Андрэя Толчына паводле двух пратаколаў штрафамі ў памеры 43 базавых велічыняў (1053,5 рублёў), Кастуся Жукоўскага — 40 базавымі (980 рублёў).

    Чатыры адміністрацыйныя пратаколы супраць фрылансераў склаў участковы інспектар мясцовага РАУС Сяргей Ціхіня: два — за відэасюжэт “У Калінкавічах развальваецца шматкватэрны жылы дом”, яшчэ два — за расповед пра прымусовую вітамінізацыя жыхароў… яблыкамі. (Райвыканкам дырэктыўным лістом абавязваў гаспадаркі раёна арганізаваць продаж яблык насельніцтву і даць пасля справаздачу пра выкананне.)

    На мінулым тыдні штрафы па 30 базавых велічыняў (735 рублёў) прысудзіў Жукоўскаму і Толчыну Лунінецкі раённы суд, па 20 (490 рублёў) —  суд   Гомельскага раёна.

    У Лунінцы фрылансераў прызналі вінаватымі ў нібыта незаконным вырабе відэасюжэта для “Белсата” пра жудаснае забойства 8‑месячнай дзяўчынкі. 

    У Гомельскім раёне журналісты запісалі сведчанне жыхара вёскі Чырвоны Багатыр пра тамтэйшы супрацьтанкавы роў, дзе ў гады вайны расстрэльвалі ваеннапалонных, вязняў габрэйскага гета ды іншых мірных гамельчукоў. Відэаздымкі  “Белсат” скарыстаў у сюжэце “Знойдзена новае месца, дзе было знішчана 25 тысяч ахвяраў Другой сусветнай вайны”. Капітан міліцыі Гомельскага РАУС Валерый Стацэнка палічыў, што фрылансеры не мелі права запісваць інтэрв’ю сведкі, бо такім чынам нібыта выконвалі ролю карэспандэнта замежнага СМІ.

    Апроч таго, суддзя Светлагорскага раённага суда Уладзімір Сцяпанаў пакараў 49-рублёвым штрафам Кастуся Жукоўскага за непавагу суда паводле артыкула 24.1 КаАП. Скандал здарыўся тут 13 лістапада, калі суддзя Руслан Царук  разглядаў адміністрацыйны пратакол на Кастуся Жукоўскага за асвятленне флэш-мобу супраць “смярдзючага” завода беленай цэлюлозы, пабудаванага кітайцамі. Выступаючы ў якасці адказчыка, фрылансер Жукоўскі эмацыйна выказаўся пра наступсты для здароўя людзей ад дзейнасці гэтага завода.

    Кастуся Жукоўскага сёлета  ўжо 16 разоў штрафавалі за журналісцкую дзейнасць і адзін раз — за непавагу да суда. Агульная сума штрафаў склала 12 432,5 рублёў.

    Андрэя Толчына прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці 11 разоў. Сума ягоных штрафаў склала 9 628,5 рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці