«Многія рэпрэсіўныя практыкі мы бачылі ў Беларусі». Што абмяркоўвалі журналісты і праваабаронцы на канферэнцыі ў Тайвані
Напрыканцы лютага на канферэнцыі RightsCon-2025 у Тайвані прадстаўнікі з усяго свету абмяркоўвалі, як супрацьстаяць рэпрэсіўным практыкам барацьбы са свабодай выказвання. У форуме ўдзельнічалі таксама беларускія журналісты і праваабаронцы. У іх ліку — юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.

Яўген Пыльчанка. Фота: з сайта defendersbelarus.org
— Гэта міжнародная праваабарончая канферэнцыя, але з фокусам на лічбавыя свабоды, на сучасныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца таксама для абмежавання свабод і правоў чалавека.
Абмяркоўвалі ролю штучнага інтэлекту і выкарыстанне тэхналогій для сачэння за журналістамі і актывістамі.
Гаворка ішла пра персанальныя звесткі, пра бяспеку ў сацыяльных сетках — з акцэнтам на свабодзе выказвання, якая ўсё больш і больш абмяжоўваецца ў свеце, — кажа прадстаўнік Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.
«Беларускае пытанне» асобна не разглядалася, але перыядычна ўсплывала пры абмеркаванні сітуацыі са свабодай слова ў іншых краінах. Як аказалася, Беларусь даўно выкарыстоўвае многія рэпрэсіўныя практыкі, пра якія ўзгадвалі на форуме:
— Прадстаўнікі краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі — у прыватнасці, Казахстана і Узбекістана — распавядалі пра рэпрэсіўныя практыкі ў сваіх краінах. Памятаеце, якая сітуацыя склалася ў Казахстане на пачатку 2022 года, куды падчас так званага «мяцяжу» ўводзіліся войскі АДКБ? Юрысты, якія абскарджвалі блакіроўку інтэрнэта падчас гэтых падзей, расказвалі рэчы, якія вельмі падобныя на беларускія справы. Напрыклад, калі праходзіш усе судовыя ступені і паўсюль атрымліваеш толькі адмову, — кажа праваабаронца.
Прыход новых тэхналогій лічыцца прагрэсам. Але адначасова яны ж становяцца інструментам для палітычных рэпрэсій:
— З’яўленне новых тэхналогій параджае і новыя розыкі. Ёсць вялікія сумневы, што штучны інтэлект захоўвае канфідэнцыйнасць тых звестак, якія ў яго загружаюць карыстальнікі. Адпаведна, ШІ можа стаць такім «траянскім канём» для сачэння за журналістамі і актывістамі. Але тэма разглядалася куды шырэй — як моцна ШІ можа паўплываць на жыццё ўсяго свету, — канстатуе юрыст.
Варта дадаць, што ў моры праблем прагучалі і пазітыўныя кейсы, якія могуць дапамагчы беларускім журналістам утрымацца на плыву. Субяседнік прыводзіць такі прыклад:
— Дзве ўкраінскія журналісткі — Наталля Гумянюк і Ангеліна Каракіна — расказвалі, як ім жывецца ў палярызаваным свеце. Грамадства ўжо стамілася ад вайны, у такой сітуацыі вельмі цяжка ўтрымліваць чытацкую ўвагу. Яны расказвалі, што гісторыі канкрэтных людзей ніколі і нікога не пакідаюць абыякавымі.
А яшчэ ўзгадаў палітычную аглядальніцу з Мексікі:
— Яна тлумачыла, што на яе ціснуць улады. Кіраўніцтва краіны мяняецца, але нязменным застаецца ціск на яе з боку ўрада, стаўленне як да «ворага народу» і «амерыканскай найміткі». Журналістка расказвала, як з гэтым жыве.
Сітуацыі для беларусаў зразумелыя, але гэтыя выступы прагучалі натхняльна і пазітыўна.
