Што чакае Рыгора Азаронка ў дэмакратычнай Беларусі?
Прапагандысты кшталту Азаронка, чые дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як распальванне варожасці, павінны несці крымінальную адказнасць. Пра гэта распавёў дарадца па юрыдычных пытаннях Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў.

Рыгор Азаронак. Скрыншот: СТВ
Люстрацыя для найбольш адыёзных дзеячоў дзяржаўнай прапаганды не падыходзіць, калі яны сістэматычна выкарыстоўваюць мову варожасці і заклікаюць да гвалту.
Сёлета Офіс Святланы Ціханоўскай распрацаваў Канцэпцыю люстрацыі — дакумент, які ўлічвае маштаб рэпрэсіяў, адсутнасць незалежнага правасуддзя і пагрозу аўтарытарнага рэваншу.
Офіс Ціханоўскай прапанаваў канцэпцыю люстрацыі. Што ў дакуменце наконт кіраўнікоў дзяржСМІ?
Дарадца па юрыдычных пытаннях Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў тлумачыць, якая адказнасць чакае дзяржаўных прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка ды іншых адэптаў рэжыму Лукашэнкі ў дэмакратычнай Беларусі:
— Я часта сустракаюся з пытаннямі: што будзем рабіць з прапагандыстамі, журналістамі ў дзяржаўных медыях і вядучымі дзяржаўнага тэлебачання.
Працэс люстрацыі павінен прайсці тыя людзі, якія цяпер займаюць «абароненыя пасады», плануюць іх займаць, альбо захочуць атрымаць такія пасады. Трэба падзяліць прапагандыстаў на тых, хто адкрыта нагаварыў сабе на крымінальную адказнасць заклікамі да гвалту. І на тых, хто проста працуе ў кадры ці па-за ім.
Спадар Марозаў упэўнены, што для тых прапагандыстаў, якіх мы бачым і чуем, часцей люстрацыя не падыходзіць.
— У дачыненні да іх трэба выкарыстоўваць іншыя інструменты пераходнага правасуддзя — крымінальную адказнасць.
Іх дзеянні могуць быць кваліфікаваныя як распальванне варожасці, бо яны сістэматычна выкарыстоўваюць мову варожасці і заклікаюць да гвалту, — падкрэслівае эксперт.
Як жа ў дэмакратычнай краіне ставіцца да астатніх супрацоўнікаў, якія зараз працуюць у дзяржаўных медыях? Дарадца Святланы Ціханоўскай прапануе такі падыход: працэс люстрацыі будзе тычыцца толькі ў тым выпадку, калі яны самі захочуць заняць адказныя пасады ў дэмакратычнай Беларусі.
— Напрыклад, пасаду ў выканаўчай уладзе ці ў кіраўніцтве ВНУ, — тлумачыць спадар Марозаў. — Тады падыход просты: да прапагандыстаў, якія займаліся мовай варожасці і апраўдвалі рэпрэсіі, павінна быць крымінальная адказнасць. Для іншых — толькі ў выпадку, калі яны прэтэндуюць на адказныя дзяржаўныя пасады.
