• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што пагражае беларускім журналістам, уключаным у базу вышуку ў Расіі?

    Вялікую групу асобаў, якіх вышукваюць ужо не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, складаюць айчынныя журналісты. Спыталі ў юрыста, ці гэта повад для медыйшчыкаў, якія даўно жывуць за межамі Беларусі,  пачаць хвалявацца.

    Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка і Аляксей Карпека знайшлі свае імёны ў расійскай базе вышуку МУС

    Якія новыя імёны з’явіліся ў базе вышуку?

    773 грамадзян Беларусі ўключылі ў вышуковую базу Расіі за апошнія паўгода, зазначыла «Медиазона. Беларусь». Агулам у расійскай базе вышуку значацца больш за 3500 чалавек.

    Так, у базу ўключаныя чатыры журналісты-раследвальнікі з «Бюро Медиа»: Аляксандр Ярашэвіч, Ксенія Вязынцава, Аляксей Карпека і Вольга Альхіменка.

    У вышук аб’яўлены тры журналісты з «Беларускага раследавальніцкага цэнтра»: заснавальнік Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік сайта Лола Бурыева і вядучая праграмы Week­ly Top Fake Алена Чарняўская.

    У спісе апынуліся былы кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода», журналіст Аляксандр Лукашук, дэпутат Вярхоўнага Савета, журналіст Сяргей Навумчык, журналіст і ліатаратар Сяргей Дубавец. Супраць апошняга ўзбудзілі крымінальную справу аб «адмаўленні генацыду беларускага народа» і «дыскрэдытацыю Беларусі».

    У базу патрапілі некалькі журналістаў тэлеканала «Белсат»: Дзмітрый Буянаў, Ігар Кулей і Дзмітрый Міцкевіч.

    У вышуковай базе знойдуць сябе кіраўнік спартыўнага сайта tribuna.com Максім Беразінскі, выдавец інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч, журналісты Дзмітрый Бяганскі і Аляксей Гуліцкі (ён супрацоўнічае з выданнем «Новая газета. Балтия»).

    Таксама тут з’явіліся прозвішчы медыйшчыкаў Кацярыны Пытлевай, Ігара Палынскага, Зоі Хруцкай і фатографа Аляксандра Васюковіча, які выехаў з Беларусі ў красавіку 2024 года. У студзені 2024 года Васюковіч быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, на якіх ён працаваў.

    «Расія наўрад ці будзе шукаць беларускіх грамадзян у трэціх краінах»

    Кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ, юрыст Алег Агееў не бачыць відавочных новых рызыкаў для беларусаў, уключаных у расійскую базу вышуку.

    Публічная інфармацыя сведчыць, што РФ проста выканала запыт беларускага рэжыму, але патрабаваць экстрадыцыі беларускіх грамадзян у трэціх краінах не будзе.

    — Кожны кейс трэба разглядаць паасобку: магчымая варыятыўнасць. Расія можа заводзіць крымінальныя справы ў адносінах да некаторых беларускіх грамадзян. Гэта значыць, што грамадзянін Беларусі здзейсніў злачынства на тэрыторыі РФ, следчыя органы ўзбудзілі крымінальную справу і яго аб’явіла ў вышук менавіта Расійская Федэрацыя.

    Але з апублікаванай інфармацыі відаць, што большая частка людзей вышукваецца беларускім рэжымам. Хутчэй за ўсё, тых грамадзян проста ўключылі ў базу вышуку Расіі.

    — Якія наступствы для беларусаў можа пацягнуць уключэнне ў базу вышуку РФ?

    — Расія не будзе вышукваць тых беларускіх грамадзян, супраць якіх не заведзеныя крымінальныя справы ў Расіі, у трэціх краінах. Наўрад ці Расія будзе рабіць нейкія дзеянні па вышуку беларусаў у Літве ці ў Польшчы: гэта ёй непатрэбна, крымінальныя справы заведзеныя ў Беларусі. Пры гэтым Расія можа прасіць выдачу асобаў, у дачыненні да якіх узбуджаныя крымінальныя справы ў Расіі за злачынства, здзейсненае на тэрыторыі РФ.

    Аднак, калі фігуранты спіса будуць уязджаць у Расію і іхнія пашпарты будуць бачныя расійскім дзяржаўным установам, такі чалавек 100% будзе затрыманы. Хутчэй за ўсё, ніякіх наступстваў для людзей, якія вышукваюцца беларускімі ўладамі па палітычна матываваным пераследзе і знаходзяцца ў краінах Еўразвяза, само ўключэнне ў базу вышуку не пацягне.

    Беларусь стала пастаянным выключэннем на міжнароднай арэне.

    — Мы бачым, што запыты Беларусі многія краіны выконваюць. В’етнам выдаў грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка беларускім уладам. Паводле міжнароднай практыкі, прынята выдаваць злачынцаў адно аднаму. Проста Беларусь настолькі сябе дыскрэдытавала (яна злачынцамі лічыць па палітычна матываваным пераследзе), што яе запыты проста не выконваюцца. Існуе  агульнае правіла: краіны выдаюць адна адной злачынцаў. Вядома, тут бываюць і выключэнні. Дык вось, Беларусь за часы Лукашэнкі напрацавала такую рэпутацыю, што многія прававыя дзяржавы лічаць яе сталым выключэннем.    

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці