• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Выжыць на мінімалках можна, але непрацяглы час». Што рабіць беларускім медыям ва ўмовах недахопу рэсурсаў, абмеркавалі ў Варшаве

    Медыяменеджары падзяліліся сваім бачаннем, што можна зрабіць, каб захаваць незалежныя медыі ў актуальных умовах, калі рэсурсы падтрымкі абмежаваныя і няпэўныя. Размова адбылася 15 ліпеня ў Варшаве падчас дыскусіі, арганізаванай БАЖ.

    Што рабіць беларускім медыям ва ўмовах недахопу рэсурсаў

    Падчас дыскусіі «Як выжыць з абмежаванымі рэсурсамі, калі вы — беларускае медыя». Варшава, 15 ліпеня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Выжывуць тыя, хто арыентаваны на змены»

    Аліна Коўшык, дырэктарка тэлеканала «Белсат», заўважыла, што скарачэнне донарскай падтрымкі пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа тэлеканал амаль не закранула, бо крыніцы фінансавання ў іх іншыя. Аднак бюджэт медыя таксама істотна абрэзаны, а да таго ж сродкі ідуць на тры праекты: тэлеканал «Белсат», праект рускамоўнага вяшчання «Вот так» і ўкраінамоўны праект Slawa TV.

    Дырэктарка «Белсата» распавяла, што задачай падчас рэформаў было максімальна захаваць калектыў — а гэта больш за 200 чалавек, якія так ці інакш звязаныя ў прафесійнай дзейнасці з тэлеканалам.

    «Наша візіянерская місія ў пашырэнні беларускага кантэнту. Гэта мае свае плюсы, але і мінусы ў дыстрыбуцыі. Палякі не ўмешваюцца ў нашу рэдакцыйную палітыку. Гэта была мая ўмова прыходу на месца», — запэўніла Коўшык.

    Яна падзялілася, што адна з актуальных стратэгій — прыцягнуць новую аўдыторыю, а для гэтага стаіць задача ствараць больш мяккі, непалітызаваны кантэнт. Напрыклад, запусцілі праграмы «Раніца з Белсатам», «Падляшскія вакацыі», «Від на жыхарства».

    «Мы хочам, каб у наступным годзе «Белсат» выйшаў на статус асобнага тэлеканала, а праекты «Вот так» і Slawa TV працавалі асобна», — кажа Аліна Коўшык.

    Што тычыцца яе прагнозу наконт будучыні беларускіх медыяў, то ён не вельмі аптымістычны.

    «Выжывуць не ўсе, але важна захаваць экасістэму, гэта ў тым ліку невялікія рэгіянальныя медыі, бо ўсё завязана адно на адно. Выжывуць тыя, хто арыентаваны на змены, на стварэнне кам’юніці вакол сябе».

    Як медыям камунікаваць пра свае фінансавыя праблемы? Разважае Барыс Гарэцкі

    Ці спрацуе калабарацыя з мясцовымі СМІ?

    Калі досвед тэлеканала «Белсат» не заўсёды можна прымяніць да іншых медыяў праз мноства прычын, то падыходы, пра якія распавёў Руслан Кулевіч, галоўны рэдактар MOST Media, могуць быць больш універсальнымі.

    «Мы страцілі на пачатку года аднаго важнага партнёра. Гэта быў штуршок, што трэба нешта змяняць, – кажа Кулевіч. – Сталі звяртацца да беларускага бізнесу, да польскіх медыяў. У выніку адкрылі польскамоўны сайт. Пакуль там няшмат праглядаў, але спадзяемся, што ў будучыні ён будзе магчымасцю для беларускага бізнесу.

    У выданні Kuri­er Poran­ny кожную пятніцу выходзіць наш артыкул, гэта дазваляе прыцягваць увагу да праблем беларусаў. Таксама развіваем рэкламны аддзел, хаця я не заўсёды задаволены яго вынікамі. Найлепш супраца ідзе з падляшскімі арганізацыямі, хоць наша галоўная аўдыторыя ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску».

    «Заўсёды стараешся мець дзве працы». Як журналісту выжыць у эміграцыі і застацца ў прафесіі?

    Руслан Кулевіч адзначыў, што калабарацыя з польскім выданнем, польская версія MOST Media, магчыма, дазволяць у будучым знайсці падтрымку ў польскіх фондах, якія арыентаваныя найперш на медыі сваёй краіны.

    Таксама Кулевіч з жалем заўважыў, што «хаця мы адкрытыя і працуем як кніга скаргаў для беларусаў», але сістэма ахвяраванняў не прыносіць адчувальнай падтрымкі.

    Кулевіч некалькі разоў звярнуў увагу на тое, што трэба спрабаваць рабіць новае, шукаць новыя падыходы, шукаць магчымасці для партнёрства як з польскімі медыямі (нагадаем, дыскусія адбывалася ў Варшаве), так і з беларускімі, каб узмацніць свае пазіцыі ў вачах спонсараў.

    Еўрапейскія фонды пераглядаюць свае падыходы

    «Выжыць на мінімалках можна, але непрацяглы час. Бо потым пачынаюцца незваротныя працэсы», — рэзюмуе Віктар Марчук, галоўны рэдактар BGme­dia. Найперш, канешне, гаворка пра страту работнікаў.

    Цяпер жа, паводле Марчука, на хвалі сыходу амерыканскіх фондаў еўрапейцы таксама пераглядаюць свае падыходы, і гэта трэба ўлічваць у планаванні сваёй працы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці