Што рабіць, калі арыштоўваюць маёмасць? Інструкцыя ад юрыстаў «Вясны»
У апошнія гады арышт маёмасці стаў не толькі інструментам крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, але і спосабам ціску на рэпрэсаваных ды іх сваякоў. Ці магчыма аспрэчыць арышт, як мінімізаваць рызыкі і абараніць сваю ўласнасць? Калі маёмасць становіцца аб’ектам пераследу, важна ведаць, якія захады можна распачаць. Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва распавядае, як дзейнічаць у розных сітуацыях.
Што важна зрабіць на першым этапе?
Як адзначае юрыстка, важна адразу ўдакладніць дэталі, каб зразумець, якія ёсць варыянты дзеянняў.
Тут вельмі важна спытаць і запомніць, з якога органа прыйшлі і якое працэсуальнае дзеянне здзяйсняецца з маёмасцю: абмежаванне распараджэння, канфіскацыя або канфіскацыя, арышт судовым выканаўцам, арышт паводле рашэння суда ці нешта іншае. Гэта важна ведаць, каб зразумець, што будзе далей з маёмасцю.
Юрыстка раіць запісаць інфармацыю на паперу, бо тэлефон могуць выключыць або ў стане стрэсу можна забыцца на гэта.
Што рабіць, калі маёмасць арыштоўваюць сілавікі?
Калі арышт на маёмасць накладзены праваахоўнымі органамі (а не судом), хутчэй за ўсё, гэта звязана з узбуджэннем крымінальнай або адміністрацыйнай справы.
Гэта часовая мера, якая дзейнічае да рашэння суда або іншага кампетэнтнага органа. Маёмасць застаецца ва ўласнасці ўладальніка і не прадаецца дзяржавай.
Арышт бывае з адабраннем (маёмасць забіраюць ва ўладальніка) або без канфіскацыі (маёмасць застаецца ва ўладальніка, але яе нельга прадаць або падарыць).
«Важна адразу ўдакладніць, які менавіта варыянт ужыты ў вашым выпадку. Гэта дапаможа зразумець, што рабіць далей», – звяртае ўвагу юрыстка.
Калі арышт маёмасці адбываецца паралельна з ператрусам, можна прасіць вопіс маёмасці, якая адбіраецца і пратакол ператрусу. Калі вам іх не даюць, то ў любым месцы, дзе просяць падпісацца, дапісвайце «вопіс і пратакол ператрусу не прадастаўлены».
Як аспрэчыць арышт маёмасці?
У орган, які наклаў арышт, трэба падаць хадайніцтва аб замене арышту з адабраннем на арышт без канфіскацыі (ч. 7 арт. 132 КПК); хадайніцтва аб адмене арышту грашовых сродкаў – у межах пражытковага мінімуму, калі няма іншых прыбыткаў (ч. 17 арт. 132 КПК).
У вышэйстаячы орган можна абскардзіць арышт маёмасці (ч.19 арт. 132 КПК або арт. 7.2 ПВКаАП).
У суд падаецца пазоў аб вызваленні маёмасці ад арышту (арт. 470 ГПК).
Калі пазоў пададзены ў межах крымінальнай справы, то арышт маёмасці можа быць таксама забяспечвальнай мерай па грамадзянскім пазове, напрыклад, у выпадку пазову аб кампенсацыі шкоды (напрыклад, справы паводле арт. 342 КК) або ў выпадку пазову аб маральнай шкодзе (напрыклад, паводле справаў аб абразах).
«Пры гэтым можна аспрэчваць сам арышт, а таксама да рашэння суда падаць пярэчанні на пазоў. Калі заяўленая сума шкоды або маральнай шкоды будзе прызнаная неабгрунтаванай, ёсць шанец знізіць памер спагнання», – кажа юрыстка.
Што рабіць, калі арыштоўваюць судовыя выканаўцы?
Арышт маёмасці можа накласці (або падоўжыць) судовы выканаўца на стадыі выканаўчай вытворчасці, гэта значыць пасля таго як рашэнне суда набудзе моц.
На гэтай стадыі правілы аднолькавыя для любой справы – крымінальнай, адміністрацыйнай, грамадзянскай.
Важна: на гэтым этапе арышт можа прывесці да рэалізацыі маёмасці дзяржавай.
Як аспрэчыць і зняць арышт у такім выпадку?
Зняцце арышту магчымае, калі спагнанне пагашаецца цалкам або часткова цягам 10 дзён з моманту арышту. Калі доўг не пагашаны, маёмасць падлягае рэалізацыі.
Калі арыштаваная маёмасць належыць даўжніку – падаць скаргу начальніку аддзела прымусовага выканання, а затым у суд.
Калі маёмасць належыць сваякам або трэцім асобам – падаць пазоў у суд па месцы знаходжання маёмасці, каб пацвердзіць права ўласнасці і зняць арышт.
Калі маёмасць нажытая ў шлюбе, жонка або муж даўжніка можа падаць пазоў аб выдзяленні сваёй долі і вызваленні яе ад арышту.
Важна!
- Суд можа прыпыніць разгляд справы да вынясення прысуду.
Падзел маёмасці мужа і жонкі для зняцця арышту мае свае асаблівасці, вызначаныя законам. - Цяжар даказвання ў такіх справах ляжыць на пазоўніках або заяўніках.
Якая маёмасць можа быць арыштаваная, а якая – не?
Арышт не можа быць накладзены на жыллё, дзе пастаянна пражывае чалавек, які пераследуецца і яго сям’я, а таксама на рэчы першай неабходнасці: мэбля, адзенне, дзіцячыя рэчы ды іншае.
Поўныя пералікі маёмасці, на якую не можа накладацца арышт можна знайсці тут:
- да суда – у Дадатку да Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.
- пасля суда, судовымі выканаўцамі – у дадатку да Закона «Аб выканаўчай вытворчасці»
Арышт накладаецца на ўласнасць чалавека, які пераследуецца. На ўласнасць яго сваякоў – не.
Але калі органы будуць лічыць, што падазраваны або абвінавачаны прадаў або падарыў маёмасць, каб схаваць яго ад арышту, маёмасць усё адно могуць арыштаваць. Пазней такую здзелку могуць прызнаць несапраўднай.
Калі няма відавочных доказаў, што маёмасць належыць не даўжніку, судовыя выканаўцы могуць арыштаваць усё, што знаходзіцца ў памяшканні, дзе ён пражывае (ч. 6 арт. 82 Закона «Аб выканаўчай вытворчасці»).
Што рабіць у выпадку канфіскацыі маёмасці?
Спецыяльная канфіскацыя (артыкул 46–1 КК) – гэта прымусовае адабранне маёмасці, звязанай са злачынствам: здабытай злачынным шляхам, выкарыстанай для злачынства або набытай на прыбытак ад злачыннай дзейнасці.
Рашэнне аб спецыяльнай канфіскацыі прымае суд, які разглядае крымінальную справу.
Як абскардзіць?
На этапе следства трэба падаць хадайніцтва аб вызваленні маёмасці ад арышту следчаму, скаргу начальніку следчага падраздзялення або пракурору, аспрэчыць падставы канфіскацыі (напрыклад, даказаць, што маёмасць атрыманая законна).
Пасля вынясення прысуду трэба абскардзіць разам з прысудам у апеляцыйнай скарзе.
Канфіскацыя ўласнасці за «недружалюбныя дзеянні»
Закон 2023 года «Аб канфіскацыі маёмасці» ўвёў магчымасць канфіскацыі маёмасці за «недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Беларусі». Закон дазваляе адбіраць маёмасць у замежных (або тых, «што знаходзяцца пад кантролем замежных») фізічных ды юрыдычных асоб, якія здзейснілі (або падштурхнулі да здзяйснення) непрыязныя дзеянні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. У законе не тлумачыцца, што такое «непрыязныя дзеянні» і хто такія «асобы, што знаходзяцца пад кантролем замежных асоб».
Канфіскацыя маёмасці адбываецца без крымінальнай справы і прысуду.
Такое рашэнне можа прымаць:
- Савет Міністраў вырашае, ці неабходная канфіскацыя.
- Дзяржкамітэт па маёмасці падае заяву ў Эканамічны суд Мінска.
- Эканамічны суд прымае канчатковае рашэнне аб канфіскацыі.
У такім парадку могуць забраць нерухомасць (будынкі, участкі і г.д.); акцыі, долі ў бізнесе; транспарт, каштоўныя паперы, банкаўскія рахункі; іншыя актывы, што належаць замежным суб’ектам.
Рашэнне аб канфіскацыі маёмасці прымае Эканамічны суд, і яно падлягае неадкладнаму выкананню — маёмасць перадаецца ва ўласнасць дзяржавы.
Такое рашэнне можна абскардзіць у вышэйстаячы суд — Калегію па эканамічных справах Вярхоўнага суда.
«На жаль, магчымасці ўплыву тут невялікія, але што дакладна можна зрабіць – гэта сабраць доказы таго, хто і на якой падставе адабраў у вас маёмасць. З юрыдычнай службай «Вясны» важна даносіць гэтую праблему да міжнародных органаў», — кажа юрыстка.
Кансультацыя і дапамога з абскарджаннем: Telegram @zvarot96 / zvarot@spring96.org
