Беларускае Міністэрства інфармацыі паведамляе, што выбары ў Беларусі асвятляюць 812 журналістаў. Радыё Свабода паглядзела, каго дапусцілі пісаць пра іх і што паведамляюць замежныя журналісты.
Сябры ўчастковай выбарчай камісіі ў Менску падчас датэрміновага галасаваньня. 25 студзеня 2025 году. Фота Reuters
Паводле Міністэрства інфармацыі Беларусі, асьвятляць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць 812 журналістаў. Столькі акрэдытацый выдала Цэнтральная выбарчая камісія.
Гэта 481 прадстаўнік з 24 беларускіх мэдыя і 331 журналіст з 70 замежных СМІ, паведамляе беларускі Мінінфарм. Згадваецца таксама, што заяўкі на акрэдытацыю прыйшлі ад такіх заходніх СМІ, як BBC, Reuters (Вялікая Брытанія), AFP (Францыя), Associated Press (ЗША), EFE (Гішпанія), France Télévisions (Францыя).
Глядзім, што яны пішуць пра выбары. У Беларусі вынікі выбараў не прызнаюцца міжнароднай супольнасьцю з 1994 году.
Сябры ўчастковай выбарчай камісіі ў Менску. 26 студзеня 2025 году. Фота AFP
BBC: Безвыходнасьць, амаль няма рэклямы з кандыдатамі
Ад брытанскай мэдыякампаніі BBC выбары ў Беларусі асьвятляе Стыў Розэнбэрг, які браў інтэрвію ў Лукашэнкі ў кастрычніку пазамінулага году.
Журналіст зьвяртае ўвагу, што Беларусь «не ахопленая выбарчай ліхаманкай».
«Праедзьце па Менску і вы ня ўбачыце вялікіх рэклямных шчытоў з партрэтамі кандыдатаў, агітацыі мала», — зьвяртае ўвагу журналіст. І гаворыць пра безвыходнасьць.
Таксама Стыў Розэнбэрг успамінае пасьлявыбарныя пратэсты ў Беларусі ў 2020‑м годзе і іх жорсткае задушэньне.
Ён зазначае, што іншыя кандыдаты на выбарах, зь якімі ён гутарыў, падтрымліваюць Лукашэнку і яшчэ да абвяшчэньня вынікаў гавораць пра ягоную перамогу як факт.
Галасаваньне ў Менску. 26 студзеня, фота REUTERS
Associated Press: Галоўныя апанэнты выехалі за мяжу ці кінутыя за краты
Амэрыканскае агенцтва Associated Press у сваім матэрыяле пра беларускія выбары таксама шмат увагі прысьвяціла пратэстам у 2020 годзе. Згадваецца, што «галоўныя апанэнты Лукашэнкі выехалі за мяжу ці кінутыя за краты». Журналісты пішуць пра 1300 палітычных зьняволеных за кратамі, сярод якіх нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі.
«З пачатку ліпеня Лукашэнка памілаваў больш за 250 чалавек, якіх актывісты называюць палітычнымі зьняволенымі. Аднак у той жа час улады спрабавалі выкараніць іншадумства, арыштоўваючы сотні людзей падчас рэйдаў, накіраваных на сваякоў і сяброў палітычных зьняволеных», — падкрэсьлівае агенцтва.
Таксама згадваецца, што пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсій пасьля іх з Беларусі выехалі каля паўмільёна чалавек.
AFP: «Я б хацела, каб гэта скончылася як мага хутчэй»
Журналісты Agence France-Presse апыталі жыхароў Гомля і бліжэйшых раёнаў, бо адтуль недалёка ад мяжы з Украінай. У асноўным гаварылі не пра выбары, а пра вайну ва Ўкраіне.
«Я б хацела, каб гэта ўсё скончылася як мага хутчэй», — сказала выданьню адна з мясцовых жыхарак.
Іншая суразмоўца прыгадала, што да вайны спакойна езьдзіла ў Чарнігаў.
«Было сапраўды выдатна, калі мы маглі спакойна падарожнічаць. Часам мы наведваліся па пакупкі ў Чарнігаў», — сказала яна.
Выбары ж у матэрыяле згадваюцца толькі ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне: ці магчымая нейкая небясьпека для Беларусі, на думку мясцовых жыхароў.
Гомель, 24 студзеня. Фота AFP
«Захаду хочуць паказаць ціхія, спакойныя выбары, дзе перамагае Лукашэнка»
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі называе магчымасьць прыезду ў Беларусь заходніх журналістаў «часткай прапагандысцкай апэрацыі». На ягоную думку, такім чынам беларускія ўлады хочуць стварыць карцінку для Захаду.
«Ёсьць замежныя журналісты, якія не атрымалі акрэдытацыі, хаця прасілі яе. Дапусьцілі некаторых заходніх журналістаў са спадзевам, што на Захад пойдзе карцінка спакойнага Менску, без пратэстаў, без абурэньняў, дзе Лукашэнка перамагае ў атмасфэры суцэльнага сьвята», — кажа Барыс Гарэцкі.
Гарэцкі параўноўвае сытуацыю з 2020 годам, калі атрымаць акрэдытацыю для працы на беларускіх выбарах заходнім журналістам было нашмат цяжэй. Тады беларускія ўлады баяліся, што заходнія мэдыя пакажуць пратэсты ў краіне.
«Сытуацыя ў грамадзтве пачала выходзіць з‑пад кантролю яшчэ з прыходам каранавірусу. А ўжо ўлетку, калі журналісты зьвярталіся па акрэдытацыю, стаялі шэрагі падтрымкі незалежных кандыдатаў. Такая карцінка беларускаму рэжыму на заходніх тэлеканалах была ня трэба. Таму рабілася ўсё, каб не дапусьціць журналістаў: сьпярша каранавірус, пасьля іх проста адлоўлівалі ў аэрапорце і разварочвалі», — успамінае Барыс Гарэцкі.