«Што ж такое лічбавізацыя, што гэта за цуд такі»: Лукашэнка правёў нараду па развіцці лічбавай сферы і стварэнні ўніверсітэта пры ПВТ
Асобныя пытанні развіцця краіны ў лічбавай сферы абмяркоўваліся сёння ў час даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, піша БелТА.
Удзельнікамі дыскусіі сталі кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, вядучых навучальных устаноў, IT-сектара, Парку высокіх тэхналогій.
Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася ў кіраўніка дзяржавы, стала мэтазгоднасць з’яўлення ў краіне асобнай навучальнай установы для навучання IT-спецыялістаў.
«У IT-супольнасці з’явілася ініцыятыва аб стварэнні новай профільнай навучальнай установы. Гэта адно з пытанняў. Акрамя таго, ва ўрада ёсць прапановы аб тым, як удасканаліць сістэму кіравання інфарматызацыі і лічбавымі працэсамі», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спектр актуальных задач па пазначанай тэматыцы вельмі шырокі. «Менавіта таму ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця інфарматызацыя выдзелена як адзін з прыярытэтаў, — падкрэсліў ён.
— Пакуль у гэтым кірунку хваліцца асабліва няма чым. Хоць на пятым Усебеларускім народным сходзе была пастаўлена задача да 2020 года стварыць паўнацэнны электронны ўрад».
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў у найбліжэйшы час правесці сур’ёзную нараду па ўсім коле праблем лічбавай трансфармацыі краіны.
«Пачынаючы з асноў: што ж усё-такі такое лічбавізацыя, інфарматызацыя, камп’ютэрызацыя, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, што ў прыярытэце. Я ўжо неяк намякаў нашым «лічбавікам», што разважаючы на тэму, далёкую ад разумення нашым насельніцтвам (працэнтаў 90—95 увогуле не разумеюць, што гэта такое), мы проста палохаем яго, не растлумачваючы, што ж такое лічбавізацыя, што гэта за цуд такі, адкуль ён узяўся, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка.
— Іншая тэндэнцыя — усё большая і большая колькасць прасунутых людзей бачаць сябе толькі менеджарамі лічбавых кампаній або займаюцца лічбавымі і IT-тэхналогіямі.
Але я намякнуў на тое, што зямлю араць, гайкі тачыць, ствараць прадукты машынабудавання і іншае — гэта застанецца яшчэ надоўга, калі не назаўжды.
Хоць «лічба» пранізвае ўсе галіны, і гэтыя ў тым ліку. ад гэтага мы не сыходзім і сыходзіць не збіраемся».