Штучны інтэлект: памочнік ці патэнцыйны вораг? Адказваюць эксперты
Імклівае распаўсюджванне штучнага інтэлекту ў сусветных медыях ставіць пытанне рубам: як яго ўтрымаць пад кантролем? На Форуме журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў «Надзейная і прафесійная журналістыка: мэта – падтрымліваць самыя высокія стандарты» ў Сейме Літвы прайшла дыскусія пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў медыях.
![Форум вольнай журналістыкі](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/maara.webp)
Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ
Чым можна патлумачыць трыумфальнае шэсце штучнага інтэлекту (ШІ) па кантынентах і краінах? Якую карысць ён прыносіць і якія рызыкі стварае для медыяў? Паводле апошніх дасследаванняў, большасць апытаных спажыўцоў медыйнай інфармацыі з недаверам ставяцца да выкарыстання ШІ ў медыях.
«Давер — нашая галоўная валюта»
Галоўны рэдактар партала 15min.lt Вайдас Бенюшыс гаворыць, што ШІ на партале выкарыстоўваецца для таго, каб праца журналістаў стала больш эфектыўнай, каб пазбыцца лішніх функцый.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/vaidotas-beniusis-6373969479ba6.webp)
Галоўны рэдактар партала 15min.lt Вайдас Бенюшыс. Фота: 15min.lt
Літаральна 12 снежня рэдакцыя партала 15min.lt уключыла ў рэдакцыйны Кодэкс этыкі правілы выкарыстання ШІ.
«Мы запэўніваем сваіх чытачоў, што канчатковае рашэнне застаецца за жывым чалавекам, а ШІ з’яўляецца асістэнтам журналіста і рэдактара. Прычым аўтарства ШІ павінна быць указана», — сказаў ён.
Якога ўзроўню штучны інтэлект выкарыстоўвае рэдакцыя? Зараз на слыху ва ўсіх чат GPT. Але ці можна ставіць паміж чатам GPT і штучным інтэлектам знак роўнасці?
— Мы з’ўляемся таксама камерцыйнай структурай, таму абавязкова абмяркоўваем, колькі можам інвеставаць у развіццё ШІ. Каб займацца штучным інтэлектам прафесійна, патрэбныя больш спецыялізаваныя праграмы, чым чат GPT, — тлумачыць спадар Бенюшыс.
Для медыяў, напэўна, самым важным паказчыкам з’яўляецца давер сваёй аўдыторыі. Менавіта гэтая мэта вызначае ступень выкарыстання ШІ:
— Выкарыстанне штучнага інтэлекту — гэта пытанне даверу аўдыторыі. Ён — наша галоўная валюта, нам нельга губляць прыхільнасць чытача.
У нашага медыя існуюць дзве ўмоўныя аўдыторыі. Маладая, якая часта абыходзіцца без СМІ, карыстаецца сацсеткамі, мэсэнджарамі, а другая — сеньёры, часта ставяцца больш скептычна да такіх навінак. Часта цяжка адначасова дагадзіць адным і другім, таму больш важная для нас другая частка.
— Тэкст дамінуе, але расце аб’ём відэа. Дзве часткі аўдыторыі набліжаюцца адна да другой, але ці перасякуцца яны — пакуль цяжка сказаць. Наша бізнэс-мадэль пераследуе мэту штотыдня ахапіць паўмільёна чалавек, а за месяц — кожнага жыхара Літвы, — адзначае выступоўца.
![Форум вольнай журналістыкі](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/sejm-3.webp)
Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ
Пры гэтым здараюцца і казусы. Бывае, вонкавыя аўтары хітруюць і дасылаюць працы, згенераваныя ШІ. І ў гэтым выпадку рэдакцыя выкарыстоўвае штучны інтэлект для адсочвання, каб не было злоўжыванняў. Такое тушэнне пажару пажарам.
Вайдас Бенюшыс мяркуе, што перспектывы выкарыстання ШІ ў медыяў ўяўляюцца палкай з двума канцамі:
— Штучны інтэлект, як і малаток, можна выкарыстоўваць, каб забіць цвік, але ж ім можна забіць і чалавека. Безумоўна, існуе чорны сцэнар: ШІ можа дасягнуць такога ўзроўню маніпуляцыі людзьмі, што здолее чытаць мае думкі па маіх рэакцыях, па маёй міміцы. У такім выпадку свабодныя выбары згубяць усялякі сэнс, бо волі больш не застанецца. Ці вольныя выбары ўсё яшчэ застануцца, але імі будуць маніпуляваць. Гэта вельмі верагодны сцэнар: ужо зараз ствараецца вельмі многа мануліпуляцыйнага кантэнту.
Як абараніць асабістыя дадзеныя? У Літве ШІ пакуль можна карыстацца бясплатна, дзяржава пакуль не прыдумала кампенсацыйны механізм.
— Але стваральнікі кантэнту і СМІ ўжо церпяць ад таго, што ШІ ўжо карыстаецца нашым прадуктам. Няма рэгуляцыйнага механізму, як абараніць аўтарскую працу. Цяпер ёсць надзея, што ЕС зможа прыняць агульныя правілы падчас літоўскага старшынства ў аб’яднанні. Для Літвы лагічна чакаць супольнага рэгулявання, — заключыў Вайдас Бенюшыс.
ШІ не ад добрага жыцця
Рэдактарка «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава падкрэсліла, што іх медыя звярнулася да паслуг штучнага інтэлекту не ад добрага жыцця.
— Апынуўшыся за межамі краіны, мы зразумелі, як цяжка здабываць інфармацыю з Беларусі. Таму мы выкарыстоўваем штучны інтэлект, каб ствараць відэа для сацсетак, каб генерыраваць лічбавыя выявы герояў, з якімі можна размаўляць, хаваючы канкрэтных людзей, — патлумачыла рэдактарка. — І з гэтымі віртуальнымі экспертамі можна нават размаўляць.
![Форум вольнай журналістыкі](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/melnikava.webp)
Яніна Мельнікава. Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ
Апрача таго, штучны інтэлект збірае інфармацыю з Беларусі: спецыялісты стварылі «невялікі бот, які ходзіць па невялікіх сайтах і збірае інфармацыю». Пры гэтым рэдакцыя заўсёды ўказвае, што кантэнт створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Доктарка Аўдронэ Нугарайце, прафесарка Універсітэта Вітаўта Вялікага, намесніца старшыні Саюза журналістаў Літвы па прафесіяналізме і дасканаласці, адзначыла, што выкарыстанне штучнага інтэлекту нешта спрашчае, але прынесла і праблемы.
— Інфармацыі становіцца больш, але яна не структурызавана, не раскладзена па палічках. Узросшая праз ШІ колькасць тэкстаў стварае інфармацыйны сметнік. Адказная, падсправаздачная і этычная журналістыка — усё гэта мы павінны рабіць, каб захаваць давер будучай аўдыторыі, — мяркуе экспертка.
«Паміж маніпуляцыямі і нармальнасцю»
Маар’я Лёхмус — незалежная журналістка, доктарка філасофіі, абараніла доктарскую дысертацыю ў Фінляндыі. Медыядаследчыца і сябра праўлення эстонскай газеты Free Estonian Word (ЗША) выкладае ў Хельсінскім універсітэце, аналізуе структуру і ролю журналістыкі ў грамадстве.
Яе дысертацыя на тэму цэнзуры «Трансфармацыя публічнага тэксту ў таталітарнай сістэме: сацыяльна-семіятычнае дасследаванне практыкі савецкай цэнзуры на эстонскім радыё ў 1980‑х гадах» выкарыстоўваецца як падручнік у ЗША і Вялікабрытаніі.
![Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/sejm-4.webp)
Доктарка філасофіі Маар’я Лёхмус. Форум журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ
Таму доктарка гаварыла не столькі пра штучны інтэлект, колькі пра цэнзуру ў таталітарных дзяржавах і якасную журналістыку. Яна адзначыла, што журналістыка — гэта барацьба паміж маніпуляцыямі і нармальнасцю. Экспертка засцерагла журналістаў ад паўтарэння распаўсюджанай памылкі: журналістыка не з’яўляецца часткай палітыкі, гэта «культурная сфера, якая інтэрпрэтуе палітычную сферу».
Маар’я Лёхмус прааналізавала і параўнала фінскія, эстонскія, расійскія тэксты за 1905—2009 гады. Якія высновы атрымала? Таталітарная ўлада выкарыстоўвае журналістыку даты і месцаў. У Фінляндыі на працягу стагоддзя разгортваліся грамадскія дыскусіі, а грамадскі інтарэс стаяў на першым месцы. Эстонская журналістыка вельмі культурніцкая: больш за 30% тэкстаў уключае паняцце культуры.
Самая галоўная бітва ў прааналізаваных тэкстах разгарнулася вакол тэмы: як называць рэчы і з’явы? Што самае дрэннае ў таталітарнай дзяржаве? Поле значэнняў і прэзентацыя ўлады акрэсліваецца таталітарнай дзяржавай.
Савецкая цэнзура кантралявала дзве асноўныя вобласці: факты і іх інтэрпрэтацыю — з мэтай блакаваць доступ да альтэнартыўнай і забароненай інфармацыі. А таксама выключыць з публічнай сферы любы кантэнт, які савецкім грамадзянам не дазвалялася ведаць. Існаваў нават спіс інструкцый аб’ёмам каля 200 старонак пад назвай «Звесткі, забароненыя для публікацый, радыё- і тэлепраграм».
— Самая галоўная супярэчнасць — паміж вольным чалавекам і чалавекам сістэмы. На вольнага чалавека глядзім як на ўзор. Але застаецца пытанне: дзе мы можам узяць больш моцнай журналістыкі? – кажа прафесарка.
На думку Маар’і Лёхмус, важнасць штучнага інтэлекту расце. І на гэтым фоне ўсё больш актуальным становіцца трывожнае пытанне: як утрымаць яго пад кантролем? Адным з такіх варыянтаў можа стаць перыядычны перагляд асноўных журналісцкіх правілаў і кодэксаў, каб яны не гублялі актуальнасці і адпавядалі ўсім новым як этычным, так і тэхналагічным выклікам.
У гэтай сувязі спадарыня Маар’я прааналізавала 5 кодэксаў розных еўрапейскіх краін. Самым сучасным, па яе меркаванні, з’яўляецца Кодэкс этыкі Фінляндыі. Тут гэты дакумент абнаўляецца кожныя тры гады, таму паспявае ісці ў нагу з часам.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)