Штучны інтэлект у працы медыя: за і супраць
Ці заб’е штучны інтэлект працу навіншчыкаў? Ці зможа ШІ дапамагчы рэдакцыям зарабляць грошы і пісаць грантавыя заяўкі? Пра гэта падчас дыскусіі 2 жніўня ў Беластоку спрачаліся Аляксей Шота, Ірына Новік і іншыя беларускія журналісты. Падрабязнасці чытайце ў нашым матэрыяле.

Фота: Markus Winkler для pexels.com
Штучны інтэлект: спросціць працу і дапаможа зарабіць грошы?
У рэаліях 2025 года амаль усе медыяарганізацыі ўжываюць у працы штучны інтэлект і нейрасеткі. Іх выкарыстанне можа аўтаматызаваць працэсы ў працы рэдакцый, зэканоміць час журналістаў у руціне тэхнічнай і аднастайнай працы.
Падчас дыскусіі журналісты адзначалі, што амаль штодня ім патрэбныя розныя нейрасеткі для спрашчэння працы: ад перакладаў з розных моў з дапамогай ChatGPT, Gemini да больш складаных задач па працы з вялікімі базамі дадзеных.
Аляксей Шота расказаў пра адзін з працоўных момантаў:
«Ёсць сэрвісы, якія дапамагаюць прааналізаваць інтэр’ер звычайнай кватэры. На Hrodna.life мы робім падобныя артыкулы, якую нерухомасць можна купіць сёння ў Гродне. Такія сэрвісы дапамагаюць вызначыць, што ў пэўным пакоі ёсць элементы ракако ці як называецца нікому невядомая фігурка ў цэнтры кватэры».

Аляксей Шота
Як штучны інтэлект дапамагае працаваць рэдакцыям:
- Больш кантэнту і менш выдаткаў. ШІ дапамагае ствараць больш розных адзінак кантэнту: з яго дапамогай можна цалкам стварыць тэкст, падкаст ці відэа. Такім чынам, за прадакшэнам стаіць не каманда, а можа і адзін чалавек, што зніжае выдаткі рэдакцыі.
- Дапамога ў напісанні інвойсаў, тэсціроўшчык грантавых заявак. ШІ можа дапамагчы менеджарам рэдакцый, якія займаюцца фінансавым бокам працы медыя: ад складання інвойсаў і справаздач да напісання тэкстаў грантавых заявак.
- Аўтаматызацыя тэхнічных працэсаў у рэдакцыі. ШІ можа дапамагчы ў аналізе вялікіх баз дадзеных, дапаможа ў кодынгу і іншых тэхнічных момантах.
Сэрвісы, якія раяць выкарыстоўваюць для працы (акрамя самых распаўсюджаных): DeepL – перакладчык; T3.Chat – AI-асістэнт, які працуе на мадэлях Claude, Gemini, DeepSeek, GPT; X-doc.ai – перакладае вялікія дакументы.
ШІ заб’е прафесію журналіста?
Падчас дыскусіі журналісты сышліся на тым, што пры выкарыстанні штучнага інтэлекту большасць тэхнічных працэсаў спрашчаецца. Аднак гэта можа быць не толькі пазітыўным бокам, але несці шэраг негатыўных наступстваў. Да прыкладу, дзякуючы аўтаматызацыі працэсаў праца навіншчыкаў можа ўвогуле знікнуць.
Суразмоўцы адзначалі, што ўваход у прафесію для маладых журналістаў можа быць яшчэ больш складаным, а сама прафесія журналіста і праца СМІ можа страціць давер.
Мінусы ў выкарыстанні штучнага інтэлекту:
- Дэзінфармацыя, памылкі і галюцынацыі. ШІ часам можа галюцынаваць і выдумляць нерэальныя рэчы, якія часам могуць трапляць у медыя пры несумленным карыстанні. Такім чынам медыя могуць распаўсюджваць дэзінфармацыю.
- Зніжэнне даверу да медыя. У аўдыторыі будзе зніжацца давер да медыя, якія пастаянна выкарыстоўваюць ШІ ў напісанні артыкулаў. Такі кантэнт выглядае другасна.
- Дадатковыя выдаткі. Падпіскі на розные сэрвісы штучнага інтэлекту патрабуюць дадатковых выдаткаў для рэдакцый.
- Парушэнне аўтарскіх правоў. Сэрвісы могуць ствараць выявы, якія супадаюць з рэальнымі асобамі, што можа прывесці да судовых разбіральніцтваў і дадатковых выдаткаў з боку медыя.
- Пагроза бяспекі. Сэрвісы могуць выдаваць інфармацыю кампетэнтным органам, што можа ствараць небяспеку для журналістаў, іх рэдакцый і аўдыторыі.
Ірына Новік адзначыла, што выкарыстанне штучнага інтэлекту выклікае ў яе сур’ёзнае пытанне: для каго ствараецца агромністая колькасць кантэнту з дапамагай ШІ.

Ірына Новік на форуме свабоднай журналістыкі. 7 снежня 2023 года. . Фота: БАЖ
«Паўстае пытанне, што ў будучыні мы будзем мець, і ўжо маем, зашмат кантэнту. А для каго ён ствараецца? Хто яго будзе спажываць? Мне падаецца, што мы будзем жыць у свеце, у якім кантэнт будзе нікому не патрэбны», — падкрэслівае спадарыня Ірына.
Спікеры адзначылі, што арганізацыі-донары карыстаюцца праграмамі, якія выяўляюць заяўкі, напісаныя штучным інтэлектам.
