• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сібірскія шаманы і жывёлы-«мутанты». На конкурсе Travel Photographer of the Year выбралі лепшыя фота

    На міжнародным конкурсе Travel Photographer of the Year («Фатограф-падарожнік года») назвалі пераможцаў за 2023 год.  Сёлета суддзям прыйшлося вызначацца паміж 20 тысячамі здымкаў ад прафесіяналаў і аматараў са 150 краін. 

    Пераможцай Trav­el Pho­tog­ra­ph­er of the Year у 2023 годзе стала Андрэя Раўнак са Славеніі. Галоўную ўзнагароду конкурсу яна атрымала за серыю здымкаў палёў у Італіі, Чэхіі і Славеніі.

    Андрэя — архітэктар, фатаграфіяй захапляецца з дзяцінства. «Яна мне патрэбна, каб захаваць успаміны. Я б шмат забыла, калі б у мяне не было маіх фатаграфій», — кажа Андрэя Раўнак.

    Пшанічныя палі ў Таскане, Італія. Ранішні туман

    Чэхія. Фота зроблена ранняй вясной. Фатографа прыцягнуў кантраст поля, якое яшчэ не ўзышло, і пасадак фруктовых дрэў на схіле побач.

    Славенія, пасадкі хмеля. Канструкцыі для будучых парасткаў нагадалі фатографу арт-інсталяцыю

    У намінацыі «Лепшы малады трэвел-фатограф года» перамагла 14-гадовая Кейдэн Шэпард Чой з ЗША. У чорна-белай серыі яна паказала народ наваха, што жыве у штаце Арызона. На фота яны пасуць і стрыгуць авечак.

    Жанчына наваха стрыжэ авечку ўручную. Тая ляжыць спакойна, бо ў яе зблытаныя ногі. Але маладая фатографка адзначае, што, магчыма, ёй проста падабаецца быць у ценю ў спякотны дзень

    Пераможцай сярод фатографаў ад 15 да 18 гадоў стала Лілі Чжан з ЗША. 17-гадовая дзяўчына стварыла серыю фота ландшафтаў у запаведніку Марш Крык у Пенсільваніі.

    Лілі Чжан спадзявалася зняць туман восеньскай раніцай, але ў запаведніку яе чакаў сюрпрыз — чапля, якая сядзела на галінцы. «Гэта было проста дзіўна прыгожа»

    Лепшым фатографам ва ўзросце да 14 гадоў стаў амерыканец Заян Дурані.

    14-гадовы Заян быў з бацькам у Нарвегіі падчас вывяржэння вулкана. Каб заспець вулкан да захода сонца, яны прайшлі 10 кіламетраў па горнай мясцовасці без адпачынку. Фота ўдалося зрабць з беспілотніка.

    У намінацыі «Пейзаж і навакольнае асяроддзе» перамог Арманд Сарланг з Францыі. Ён зрабіў здымкі ісландскіх горных леднікоў з паветра.

    Гэта 360-градусная панарама паказвае ўвесь шлях ледніковых вод — праз возера і рэчку да акіяна

    У намінацыі «Прырода, дзікая прырода і ахова» перамогу прысудзілі Марціну Броену з ЗША за фота міграцыі скатаў ля берагоў Каліфорніі. 

    Дынамічная карціна ценяў і тэкстур пад ранішнімі сонечнымі промнямі

    Пераможца ў катэгорыі «Людзі і культуры» — Анастасіас Малукас з Грэцыі. Ён зрабіў здымкі сібірскіх шаманаў на возеры Байкал.

    Бурацкі шаман Віталь выконвае рытуал для сувязі з духамі. Сібір лічыцца сэрцам шаманства, а возера Байкал - іх самае святое месца

    У намінацыі «Візуальныя гісторыі» перамог Ален Шрэдэр з Бельгіі — фатограф, які з 2013 года жыве ў падарожжах. Ён зрабіў серыю здымкаў са спаборніцтваў сталых людзей.

    97-гадовы Дыксан Хэмфіл фінішыруе на 200-метровай дыстанцыі на спаборніцтвах USATF Masters Indoor Championships at The Armory у ЗША. Побач ідзе жанчына, якая сочыць за бяспекай удзельнікаў у катэгорыі «Мужчыны ад 95 да 99 гадоў»

    Катэгорыя «Народны выбар» — адзіная, дзе пераможцу абіраюць не суддзі, а гледачы. На фінальным этапе на сайце конкурсу былі апублікаваныя 200 фатаздымкаў. Больш за ўсё галасоў набраў 16-гадовы Рохан Ніл Шах з Кеніі. На яго здымках — краявіды роднай краіны, якая яго натхняе. 

    Вялікая міграцыя антылопаў гну. Маладая жывёла стаіць у замяшальніцтве, у той час як астатнія пераходзяць раку

    Вось яшчэ некалькі фотаздымкаў, якія адзначылі суддзі:

    Возера Сіракава ў Японіі падчас вясновай павадкі. Фота Кадзуакі Касекі з Японіі (катэгорыя «Пейзаж і навакольнае асяроддзе»)

    Дзеці народнасці калашы, што жыве на мяжы Пакісана і Аўганістана, у школе. Гэта адна з нешматлікіх школ у гэтай мясцовасці, дзе яшчэ засталося сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Фота зрабіў Ф. Дзілек Юрдакул з Турцыі (катэгорыя «Візуальныя гісторыі»)

    Гэта фота зрабіў ветэрынар П'ер Луіджы Додзі з Італіі, калі вяртаўся з працы. «Я ўбачыў гэтую карову і здзівіўся: «Гэта аптычная ілюзія ці генетычная мутацыя?!» (катэгорыя адзіночных здымкаў)

    Жанчыны з Южнай Карэі рыхтуюцца да шматгадзіннага дайвінгу. Яны збіраюць у акіяне каштоўныя ракавіны без аквалангаў — так, як яны гэта рабілі больш за тысячу гадоў. Здымак 14-гадовага Кейдэна Шэпарда Чоя з ЗША (катэгорыя для фатографаў да 14 гадоў)

    Жоўты Гобі у сваім «крыштальным замку» — шклянай бутэльцы, якая з'яўляецца адным з галоўных забруджвальнікаў акіяна. Фота Марціна Броэна з ЗША зроблена на Філіпінах (катэгорыя «Прырода, дзікая прырода і ахова»)

    Чальцы нігерыйскай зборнай ампутантаў па футболе трэніруюцца на пляжы Лагоса. Фота Джэка Лусана з Велікабрытаніі (катэгорыя «Людзі і культуры»)

    Паўночнае ззянне ў Нарвегіі. Фота Анджыола Манеці з Італіі (катэгорыя адзіночных здымкаў)

    Фота Донны Феледзічук з Канады адзначана ў катэгорыі «Прырода, дзікая прырода і ахова». Гэта кадр з серыі пра жыццё сямейства рудых лісіц у Канадзе

    Гэта фота называецца «Вандроўнікі ў часе». Яно зроблена ў пустыні Гобі ў Манголіі. Увагу аўтара прыцягнулі дзьве групы мужчын, якія глядзяць на закат. Першыя з вярблюдамі, другія – з матацыклам. Фатограф Томас Акерман з Германіі раптам заўважыў кантраст паміж сучасным і старажытным «транспартам». Фота з катэгорыі адзіночных здымкаў

    Фатограф Дмітро Гешангорын з Германіі сустрэў выканаўцу брэйк-данса Карласа на пляжы ў Бразіліі. Яны пазнаёміліся і пасябравалі. «Гэта тое, што мне падабаецца ў падарожжах. Гаворка не толькі пра адпачынак і прыгоды, але таксама пра сустрэчы з людзьмі» (катэгорыя адзіночных здымкаў)

    Усе фатаграфіі пераможцаў можна паглядзець на афіцыйным сайце конкурсу

    Чытайце яшчэ:

    «Дочкі-маткі». Пра сэкс, адукацыю, прыгажосць і працу — дзве журналісткі з Гродна стварылі падкаст, каб расказваць пра канфлікт пакаленняў

    «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі

    Саша Раманава: «Цяпер перыяд ахалоджвання да пратэснага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці