Сям’я Лукашэнкі запусціла ў Беларусі ўжо трэцюю радыёстанцыю — «Радио Шансон»
У Беларусі запрацавала «Радио Шансон» — ужо трэцяя радыёстанцыя, за якой стаіць кампанія «Музычная частата», у саўласніках якой — сям’я Дзмітрыя Лукашэнкі.

Руслан Аляхно і Ганна Лукашэнка на расійскай прэміі «Шансон года». Фота: Instagram Г. Лукашэнка
Пра запуск «Радио Шансон» паведаміла Міністэрства інфармацыі.
«Новая радыёстанцыя пачала вяшчанне на частотах 90.9 FM у Мінску і 91.7 FM у Віцебску. З першых хвілін эфіру слухачоў сустракаюць лепшыя кампазіцыі ў жанры гарадскога раманса, душэўныя песні пра жыццё, каханне і лёс — тое, што аб’ядноўвае пакаленні і застаецца ў сэрцах людзей», — адзначыла ведамства.
Урачысты старт радыё быў дадзены на адмысловым канцэрце «Любимый шансон», які ладзіцца ў межах «Душэўнага фестывалю»: зоркай на шоу стаў Міхаіл Шуфуцінскі.
Можна сказаць, што саўладальнікі пастараліся, каб запуск новай радыёстанцыі не прайшоў незаўважным. Сёння, напрыклад, «Душэўны фестываль» працягваецца канцэртам «Душа народная», а ўвечары чакаецца дыскатэка «Танцпляцоўка з Душэўным радыё» з удзелам гуртоў: «Вірус», Cosa Nostra, Рэтра Вумен Трыо «Ружовыя ружы» і гэтак далей. То-бок «залаты дождж шансону» абрынуўся на мінчукоў і з радыёстанцый, і з канцэртных пляцовак.
Для кампаніі «Музычная частата», якія атрымала ліцэнзію на вяшчанне «Радио Шансон», гэта ўжо трэці праект пасля ўзгаданага «Душэўнага радыё» і «Супер FM». І падаецца на тое, што яшчэ адзін бізнес, за якім стаіць сям’я Лукашэнкі, пашыраецца.
Нагадаем, якім чынам сям’я Лукашэнкі ажыццяўляе кантроль на трыма радыёстанцыямі.
Як пісала яшчэ летась каманада журналісціх расследаванняў «Бюро» , 49% фірмы «Музычная частата» валодае ТАА «Музычная медыякампанія», якая ў сваю чаргу на 70% належыць прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» і Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі. «АНСЛ прадакшн» узначальвае Андрэй Урублеўскі, адзін з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі.
Тут ужо складана не ўзгадаць імя жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі — Ганны Сяргееўны Лукашэнка (Ганны Сялук), добра вядомай аўтаркі ўхвальных кампазіцый пра Аляксандра Лукашэнку. «Галоўная песенніца прапаганды» збірае ўсе ўзнагароды на беларускіх дзяржаўных музычных прэміях, а ў 2023 годзе Алякснадр Лукашэка асабіста ўганараваў яе «за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятываў». Летась Ганна Сялук атрымала яшчэ і прэмію «Шансон года» ад расійскай радыёстанцыі «Шансон», заснаванай сябрам Лукашэнкі, алігархам Міхаілам Гуцэрыевым. Не выключаем, што менавіта тады спадарыня Ганна вырашыла запусціць сваю радыёстанцыю шансону ў Беларусі.
Карэспандэнт Reform.new трыццаць хвілін паслухаў новае «Радио Шансон», і, прызнацца, песень Ганны Сялук так і не дачакаўся. Але наслухаўся рознага: ад, уласна, хітоў Міхаіла Шуфуцінскага — да кампазіцый Георгія Лепса, ансамбля «Кросны», Стаса П’ехі, ды нават Уладзіміра Высоцкага ў дзіўнай эстраднай апрацоўцы. Плэй-ліст новага радыё складала «сумесь» беларускай эстрады ў духу «чарка-шкварка» і «праверанага» расійскага шансону і попу.
Радыёімперыя Лукашэнкі: колькі прыбытку яна прыносіць гэтай сям’і?
