Як загінаюцца СМІ і чаму «так ім і трэба». Песімістычныя развагі калегі па цэху
Беларускіх СМІ хутка не будзе. Кажу вам як беларускі журналіст, які там працуе вось ужо 15 гадоў. Канешне, застануцца прапагандысты, нейкія галіновыя праекты, якія паставяць на сайт навіну пра курс долара ці пра закрыццё чарговага завода. Той, хто ў Беларусі яшчэ не пад крылом дзяржавы, ці то будзе там, ці то проста закрыецца. Гаворка не пра іх.
Калега па журналісцкім цэху вырашыў падзяліцца з паплечнікамі сваімі сумнымі прагнозамі пра лёс медыя. Мы друкуем ягоныя развагі пад псеўданімам, але за ім стаіць не абстрактны аўтар ці ChatGPT, а сапраўдны чалавек, якога мы добра ведаем.

Выява створаная з дапамогай ChatGPT
Я кажу пра СМІ, якія дзяржава выдавіла з Беларусі, а зараз сусветная сітуацыя выціскае іх з жыцця. Пра нястачу фінансавання, зборы сродкаў абвесцілі больш за дзясятак беларускіх мэдыйных праектаў. Адзінкі заявілі пра закрыццё, але гэта толькі пачатак.
У гэты шэраг трапілі найбуйнейшыя агульнаграмадскія праекты, медыя, якія займаліся культурай, сацыяльныя праекты. Гісторыя некаторых налічвае дзясяткі гадоў. Сталася менавіта так з дзвюх прычын: па-першае — беларускія праекты ў Беларусі былі важныя і донарам, і рэкламадаўцам. За мяжой, калі СМІ будзе працаваць на рэкламу, то яму трэба зрабіцца польскім, літоўскім, грузінскім ці амерыканскім, але не беларускім СМІ. Па другое — змяніўся сусветны парадак, дзе гуманітарны чыннік, чыннік каштоўнасцяў мала каго хвалюе. Давайце шчыра, 2020 год быў даўно, і многія проста забыліся на беларусаў.
Крыху скажу пра сябе, бо што дае мне права пра гэта разважаць.
Я прыйшоў у журналістыку ў 2008 годзе, гэта быў маленькі праект, які расказваў пра культуру, беларускую ідэнтычнасць, гісторыю, важнасць роднай мовы і нацыянальнай адметнасці. Ён, дарэчы, яшчэ існуе і таксама можа закрыцца. Пасля працаваў у тройцы буйных медыяў, кожнае са сваім фірмовым стылем і падыходам, але з аднолькавай місіяй расказаць людзям пра самае важнае.
Чаму ў Беларусі не заўжды працуюць законы, чаму і як улада парушае правы грамадзян, чым насамрэч займаюцца чыноўнікі, як працуе бізнес пад крылом дзяржавы, хто і чаму падманвае беларусаў, ці ёсць у Беларусі альтэрнатыва існай уладзе і што яны прапаноўваюць. Гэта толькі адзінкі тэмаў, за якія мы браліся.
Таксама мы задавалі чыноўнікам нязручныя пытанні і нават адмянялі іх рашэнні і законы, якія шкодзілі людзям. Вельмі рэдка, але здаралася і такое. Калі хто не ведае, гэтая праца ніколі не была вельмі прыбытковай. Мы не галадалі, канешне, але і не маглі сабе дазволіць тое, што лічылася ў Беларусі паказчыкам заможнасці — домік за горадам, добрая машына. Аднак мы рабілі гэта дзеля іншых мэтаў, нам хацелася пазітыўных зменаў для грамадства. Зрэшты, гэта адна з галоўных функцыяў медыяў.
Доўгі час нам, у прыватнасці, мне падавалася, што гэта ўсё працуе ўпустую. Ну нейкія зрухі, вядома, ёсць, але толку з іх. Забіты канчаткова пратэсны рух маргіналізуецца, чыноўнікі і ўлады становяцца больш нахабнымі, а журналістаў паціху прыціскаюць у іх магчымасцях. Згадаем тут пасадкі ў справе Тут.бай ды БелаПАН у 2018 годзе.
Але здарыўся 2020 год, і стала зразумела, што нашая праца на працягу многіх гадоў была недарэмнай. Канешне, журналісты не рыхтавалі пратэсты, як потым раскажа прапаганда. Нікога з палітыкаў СМІ адкрыта не падтрымлівалі і проста рабілі сваю справу. Так грамадства даведалася пра альтэрнатыву, свае правы, беларускую гісторыю і культуру. Згадайце, які сцяг лунаў над стотысячнымі калонамі ў Мінску, хоць падавалася, што ён даўно і амаль усімі забыты.
Я не кажу, што грамадскі выбух быў заслугай журналістаў. СМІ, найхутчэй, былі тымі, хто паўплываў на палітычную спеласць народа. А пасля журналісты расказалі і паказалі, які трэш тварыла з беларусамі ўлада на вуліцах, у засценках і іхных уласных кватэрах. Зрэшты, увесь гэты жах працягваецца і зараз, і журналісты працягваюць пра яго распавядаць.
А цяпер уявіце, што было б, калі пра 2020 год проста ніхто б нічога не расказаў?
Дзе былі б цяпер гуманітарныя візы, магчымасць атрымаць прытулак і больш-менш, але разуменне беларускай сітуацыі за мяжой. Я часта бачу пад пастамі з крыкамі аб дапамозе беларускім медыям з’едлівыя каментары а‑ля: «Дармаеды, вам ніхто нічога не вінны, самі сябе можаце пракарміць». Ці, напрыклад: «Так вам і трэба, ведалі, куды ішлі». Часта гэта кажуць тыя самыя людзі, якія ў 2020‑м гаварылі: «Дзякуй вам за вашу працу».
Зараз беларускія медыі знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Гэта тычыцца амаль усіх праектаў, проста некаторыя пакуль не кажуць пра гэта адкрыта. Без іх беларусы ўнутры і за межамі краіны не будуць мець альтэрнатыўнай, праўдзівай і ўзважанай інфармацыі самі пра сябе. На гэтае поле прыйдзе прапаганда, расійскія ліберальныя СМІ ды, можа, нават кітайскія. Ці будзе ім цікава расказваць пра Беларусь з беларускага пункту гледжання, пытанне рытарычнае. Ну а яшчэ без свабодных СМІ немагчыма пабудаваць спелае, удумлівае, развітое грамадства. Гэта проста база.
Таксама пра праблемы беларусаў паступова забудуцца за мяжой, бо хто пра іх раскажа. Інтарэс будзе таяць і ўрэшце прывядзе да прыняцця сітуацыі як нармальнай замежнымі чыноўнікамі, якія цяпер яшчэ выдаюць дазволы на жыхарства і даюць прытулак беларусам.
Што рабіць з гэтай сітуацыяй, я не ведаю. Недзе адказнасць за СМІ бярэ на сябе дзяржава — у беларусаў беларускай дзяржавы больш няма. Недзе бярэ грамадства ці бізнес — такіх памкненняў я таксама не бачыў. У вяртанне замежнага фінансавання я не веру, а таксама мяркую, што заходнія дзяржавы не маюць такога абавязку. Гэта добрая воля і жаданне. Таму прагноз самы песімістычны: праблемы беларусаў са старонак выданняў перамесцяцца ў галовы і на кухні.
А журналісты?
Ну, мы скарыстаемся ўсімі парадамі ў каментарах і нарэшце «знойдзем сабе нармальную працу».
***
Вы не згодны? Абмеркаванне тэксту ідзе на нашай старонцы ў Фэйсбуку
Меркаванні калумністаў не адлюстроўваюць пазіцыю БАЖ, а друкуюцца дзеля прафесійнай дыскусіі.
