• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Бюро Медыя»: Людзі не перастаюць дзяліцца інфармацыяй, бо ім баліць

    «Бюро Медыя» — каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў. Яны выкрываюць тых, хто выкарыстоўвае грошы і ўладу на шкоду грамадству. «Бюро» піша пра карупцыю, абыход санкцый і іншыя парушэнні законаў. Каб потым гэтай інфармацыяй магло скарыстацца грамадства — дзеля пераменаў да лепшага.

    Паразмаўлялі з сузаснавальнікам «Бюро Медыя» Аляксандрам Ярашэвічам пра ўзровень беларускіх расследаванняў, інсайды ад чытачоў, сакрэты сям’і Лукашэнкі і «антыстрэсавыя» правілы рэдакцыі.

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    «Бюро» — маладое медыя. Журналісты працуюць з снежня 2023 года, але за гэты час ужо паспелі зрабіць шмат рэзанансных публікацый, на якія была рэакцыя ў Беларусі і за яе межамі.

    «У нас ёсць дэвіз: мы робім нябачнае бачным. І ў гэтым сэнс расследавальніцкай журналістыкі — паказваць тое, што хтосьці спрабуе схаваць», — кажа Аляксандр Ярашэвіч.

    Cузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч

    Cузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч. Фота: асабісты архіў

    Пра што мы не ведалі б без «Бюро»

    Кожная тэма, якая з’яўляецца на сайце, важная, перакананыя журналісты «Бюро». Каманда раз на месяц выдае буйное расследаванне і раз на тыдзень — міні-расследаванне альбо экслюзіўныя навіны. У іх рэдакцыя распавядае пра тое, што старанна хаваюць беларускія ўлады і бізнес.

    Пра абыход санкцый

    «Бюро» рэгулярна робіць такія матэрыялы. У адным з іх журналісты паказалі, што беларускі холдынг «Алютэх» працягваў пастаўкі ў Еўропу праз складаную схему з удзелам Расіі і Чэхіі. Асноўныя тавары — сталёвыя вароты і панэлі — ішлі праз расійскую фірму «Алютэх-Сібір» і чэшскую Alutech Sys­tems S.R.O., нягледзячы на забарону Еўрасаюза. Пасля публікацыі дыстрыб’ютар «Алютэх» у Чэхіі і Славакіі спыніў продаж прадукцыі холдынгу. Гэты матэрыял «Бюро» рабіла разам з чэшскімі калегамі з выдання Investigace.cz.

    У іншай публікацыі журналісты распавялі пра міжнародны холдынг «Армтэк», які займаецца дыстрыбуцыяй аўтазапчастак па ўсім свеце. Яго стварылі беларусы Вадзім і Алег Грынкевічы. «Бюро» высветліла, што «Армтэк» абслугоўваў асабісты гараж Лукашэнкі, а пасля пачатку вайны пастаўляў у Расію падсанкцыйныя тавары падвойнага прызначэння — падшыпнікі з Еўропы. Пасля выхаду расследавання ўзгаданыя ў ім кампаніі патрапілі пад санкцыі.

    Пра ўдзел беларускага бізнесу ў вайне

    Расследавальнікі раскрылі, як заходняе тэхналагічнае абсталяванне, нягледзячы на санкцыі, працягвала трапляць у Расію і выкарыстоўвацца для вытворчасці зброі. Дзякуючы OSINT-дадзеным, мытным запісам і бізнес-рэгістрам, расследавальнікі высветлілі, што праз беларускія і казахстанскія кампаніі расійская група «ОСТЕК» атрымлівала абсталяванне для вайсковай прамысловасці з ЕС, Японіі і Карэі нават пасля пачатку вайны ва Украіне. У цэнтры схемы апынуліся беларускі бізнесовец Яўген Касцюк і яго дачка Вольга Хетых. Пасля гэтай публікацыі ЗША ўвялі санкцыі супраць казахстанскага пасярэдніка «КБР-Тэхналогіі».

    А разам з калегамі з Латвіі «Бюро» распавяло пра дзейнасць беларускага прадпрымальніка Сяргея Хвалько. З аднаго боку, ён і яго партнёры былі ўласнікамі завода па вытворчасці мікрасхем у Даўгаўпілсе, атрымлівалі дапамогу з ЕС, асуджалі расійскую агрэсію ва Украіне. А з іншага — займаліся пастаўкамі чыпаў у Расію.

    «У нас няма наўпроставых доказаў, што мікрасхемы з латвійскага завода траплялі ў Расію. Але мы ведаем, што Хвалько і партнёры стварылі сетку кампаній у Беларусі і Расіі, праз якія дастаўлялі мікрасхемы ў Расію, у тым ліку у абыход санкцый. Сярод іх кліентаў быў вытворца баявых дронаў, дзе ёсць доля фонду на чале з дачкой Пуціна».

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Пра таямніцы сям’і Лукашэнкі

    «Бюро» публікуе інфармацыю пра атачэнне Лукашэнкі: пра іх патаемныя бізнесы, як яны выкарыстоўваюць сувязі для прасоўвання ўласных спраў, куды ўладкоўваюць сваіх дзяцей і колькі зарабляюць гэтыя дзеці.

    Так «Бюро» знайшлі меркаваную пазашлюбную дачку Аляксандра Лукашэнкі. Даведаліся, што  Лукашэнка ўжо не дзед, а прадзед. І што ягоную ўнучку, якая нарадзіла дзіця, уладкавалі сакратаркай у Міністэрства замежных спраў.

    Таксама журналісты распавядалі, як нявестка Лукашэнкі Ганна агітавала за свёкра на выбарах за грошы падаткаплацельшчыкаў насуперак выбарчаму заканадаўству. Высветлілі, дзе працуюць і колькі зарабляюць экс-фаварыткі правіцеля і што за людзі яму прыслужваюць.

    Пра фінансаванне «рускага свету» ў Беларусі

    Дзякуючы масіўнай уцечцы звестак з аднаго з расійскіх фондаў расследавальнікі даведаліся, як Крэмль ужо доўгі час спансуе «рускі свет» у Беларусі. 

    «Ён намагаецца перапісаць нашую гісторыю. Фінансуе прарасійскіх актывістаў у Беларусі, якія займаюцца прапагандай альбо ўвогуле ладзяць нейкія прарасійскія акцыі кшталту “Бессмяротнага палка”, канферэнцый, чытанняў і гэтак далей».

    «Бюро» падрабязна распавядала, як працуе «мяккая сіла» Расіі ў Беларусі, хто яе прасоўвае і за якія грошы. Пасля гэтай публікацыі прапагандыст Рыгор Азаронак быў вымушаны апраўдвацца ў сваім Telegram-канале, быццам уплыву Расіі не існуе.

    «Бюро» стала сябрам глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў GIJN

    Еўрапейскія чыноўнікі рэагуюць, а беларускія абвяшчаюць у вышук

    «Я скажу так: мы спрабуем уздымаць балючыя і важныя тэмы — і для беларускага грамадства, і для нас персанальна».

    Апроч іншых, можна ўзгадаць і сацыяльныя тэмы. Сярод іх — расследаванне пра Беларускі Чырвоны Крыж.

    «Мы даведаліся, што арганізацыя атрымлівае грошы з міжнародных грантаў. І потым гэтыя гранты выдаткоўваюцца на тое, каб утрымліваць раздуты штат супрацоўнікаў або плаціць за дарагія паездкі».

    Пра дэталі фінансавання Беларускага Чырвонага Крыжа «Бюро» даведалася са справаздачы арганізаці, якая трапіла ў распараджэнне расследавальнікаў. Ілюстрацыя: buromedia.io

    Вынік публікацыі быў гучным — ААН заявіла пра спыненне супрацоўніцтва з Беларускім Чырвоным Крыжам. У Беларусі сайт выдання заблакавалі праз 30 хвілін пасля выхаду матэрыяла.

    «Часцей на нашыя расследаванні рэагуюць еўрапейскія чыноўнікі. Бо ў іх ёсць такая традыцыя, калі журналісты публікуюць нейкую інфармацыю, то яны бяруць яе да ўвагі і потым прадпрымаюць нейкія дзеянні. У асноўным гэта дадатковыя абмежаванні і санкцыі».

    Беларускія ўлады рэагуюць нервова. Яны крыміналізуюць выданне. Цяпер «Бюро» — «экстрэмісцкае фармаванне». Супраць журналістаў завялі крымінальныя справы, іх абвясцілі ў міждзяржаўны вышук у Беларусі і Расіі. 

    Расследавальніцкая журналістыка выйшла на новы ўзровень

    У той жа час, нягледзячы на ціск з боку ўладаў, у беларускіх расследавальнікаў з’явіліся новыя магчымасці.

    «Па-першае, людзі не перасталі дзяліцца інфармацыяй, бо ім баліць. Па-другое, з’явіўся вялізны масіў дадзеных ад Кіберпартызанаў. З дапамогай гэтых звестак стала прасцей рабіць расследаванні.

    Па-трэцяе, што важна, беларуская расследавальніцкая журналістыка выйшла на новы ўзровень у плане міжнароднага супрацоўніцтва. Калі мы бачым, што ў нашай гісторыі ўсплываюць людзі ці кампаніі з іншых краін, заўсёды звяртаемся да калег. У выніку робім супольнае расследаванне, і рэзананс ад яго — больш значны».

    Рэдакцыю вельмі падтрымлівае зваротная сувязь ад чытачоў, адзначае Аляксандр Ярашэвіч. Людзі робяць данаты, рэагуюць на публікацыі. У Tik­Tok-акаўнце выдання нават разгортваюццца спрэчкі. Пад кароткімі відэа «Бюро» адныя абараняюць Лукашэнку, іншыя — яго крытыкуюць. Гэта дазваляе журналістам адчуваць, што іх праца выклікае цікавасць у грамадства. 

    @buromedia Какая зарплата у Александра Лукашенко на посту руководителя Беларуси #лукашенко #новостибеларуси #беларусьсейчас #выборывбеларуси #выборы #беларусь🇧🇾 #беларусь #тикток #минск #александрлукашенко #lux­u­ry #lux­u­rylife #lux­u­rycars ♬ оригинальный звук — Buro Media

    Неаднаразова бывала такое, што людзі выказвалі медыя сваю падзяку. Але самым важным для журналістаў з’яўляецца тое, што пасля публікацый людзі прыходзяць з інсайдамі. 

    «Кажуць “а вось звярніце ўвагу на гэты завод”. Альбо “ў мяне ёсць дадатковая інфармацыя”. І гэта становіцца нагодай для наступных расследаванняў. Усё ж такі мы экстрэмісты. Але нягледзячы на гэты статус, людзі нам пішуць».

    «Жыццё гэта не толькі праца» 

    «У нас класная каманда прафесіяналаў, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Мы маем зразумелую мэту і рухаемся да яе. Мы апанаваныя гэтай справай. Ну так бывае, што ў людзей гараць вочы», — расказвае Аляксандр Ярашэвіч пра калег.

    У журналістаў «Бюро» розны досвед, раней яны працавалі ў розных СМІ. Але ўсе так ці інакш займаліся расследавальніцкай журналістыкай.

    «Так аказалася, што мы знайшлі адзін аднаго. І самае важнае — мы навучыліся цаніць адзін аднаго, клапаціцца адзін пра аднаго». 

    Каб у журналістаў не было выгарання, рэдакцыя імкнецца падтрымліваць больш-менш спакойны рэжым працы. Пры гэтым у кожнага з каманды, апроч расследаванняў, ёсць дадатковыя функцыі. Хтосьці адказны за франдайзінг, хтосьці за фінансы, адміністрацыйныя справы, сацсеткі і гэтак далей.

    «Мы дапамагаем адзін аднаму — так і працуем».

    Вытрымліваць нагрузку яшчэ ўдаецца дзякуючы звычайным жыццёвым справам і блізкім людзям.

    «Жыццё — гэта ж не толькі праца. У мяне ёсць любімая жонка, ёсць класныя сябры, з якімі я разам баўлю час. Гуляю ў футбол, чытаю кніжкі, вандрую. Усё гэта мне дапамагае захоўваць, як гэта модна зараз называць, “ворк лайф баланс”».

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці