«Еўрарадыё»: Мы не завод, які спыняецца, калі нешта ідзе не так. Нават калі цяжка, мы працуем для Беларусі
Сёння «Еўрарадыё» — гэта не проста радыёстанцыя ў выгнанні. Гэта платформа штодзённых размоў пра Беларусь: вострых, спакойных, аналітычных, жывых.
Тут сочаць за палітыкай, тлумачаць эканоміку, падсвятляюць гістарычныя і сацыяльныя тэмы, даюць слова экспертам і звычайным беларусам. А галоўнае — гавораць з аўдыторыяй унутры краіны. Мы паразмаўлялі з прадстаўніком рэдакцыі пра штодзённую працу, адказнасць перад слухачамі і гісторыі, якія не з’явіліся б без журналістаў.
У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.
Місія, якая не падлягае спыненню
Бываюць часы, калі незалежныя медыі сутыкаюцца з пытаннем: а што, калі спыніцца? У выпадку «Еўрарадыё» адказ быў і застаецца кароткім: ніколі. Ні пад ціскам, ні ў эміграцыі, ні ў моманты стомленасці.
«Нават у самыя чорныя часы ў нас ні на секунду не ўзнікала думкі спыніць працу. Таму што ёсць місія. Мы працуем для беларусаў, для Беларусі і на будучыню Беларусі. Мы не завод, які спыняецца, калі нешта ідзе не так».
Для каманды «Еўрарадыё» гэта не метафара. Яны выходзяць у эфір штодня без перапынкаў. Размаўляюць, тлумачаць, слухаюць, крытыкуюць і аналізуюць.
«Наша асноўная задача — дасягаць аўдыторыі ўнутры краіны і даносіць да яе тое, што мы лічым правільным. Тое, што адпавядае каштоўнасцям свабоды, дэмакратыі і базавай інфармаванасці. Зберагаць праўду і падтрымліваць яе прысутнасць у інфармацыйнай прасторы. Нават калі гаворка ідзе не пра палітыку, а пра годнасць чалавека, пра грамадзянскую супольнасць, пра тое, што адбываецца з нашай эканомікай і жыццём увогуле».
Штодзённы эфір — гэта магчымасць быць побач
Для каманды «Еўрарадыё» эфіры — гэта спосаб заставацца побач, нават калі аўдыторыя падзеленая мяжой і часавымі паясамі. Гэта магчымасць гаварыць з людзьмі пра тое, што іх хвалюе: каб выслухаць і разам зразумець. Эфір становіцца не толькі крыніцай інфармацыі, але і формай прысутнасці, калі нехта з таго боку проста кажа: «Я побач. Я слухаю. Я тлумачу».
«Мы кожны дзень выходзім у эфір. Размаўляем пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Не толькі пра палітыку, але і пра тое, што датычыцца звычайнага жыцця — эканоміку, грамадства, культуру. Мы запрашаем экспертаў, тлумачым складаныя рэчы простымі словамі. І гэта важна, каб чалавек сам мог зразумець, што адбываецца».
Такія эфіры — гэта не шоу. Гэта размовы, якія дапамагаюць не разгубіцца, калі вакол шмат трывожных навін.
«Мы стараемся гаварыць спакойна. Без крыку. Без панікі. Бо людзі і так стомленыя. І калі нехта піша “дзякуй, што выказалі тое, што я сам адчуваю” — гэта для нас галоўны паказчык».
У YouTube «Еўрарадыё» часта выходзіць у лідары па праглядах сярод іншых СМІ. Дарэчы, лайвстрымы ўвогуле амаль заўсёды на першым месцы. Але ў рэдакцыі не гоняцца за лічбамі — проста штодзённа робяць сваю працу.
«Мы — адна з самых папулярных беларускіх платформ для прамых эфіраў. Хочацца верыць, што гэта не толькі праз тэмы, але і праз тон. Людзям патрэбна не толькі інфармацыя, але і прысутнасць».

Галоўны рэдактар Павел Свярдлоў у студыі «Еўрарадыё». Фота: Радыё Свабода
«А яшчэ мы сузаснавальнікі стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow, якая дапамагае шматлікім беларускім медыям трапляць у тэлевізары беларусаў праз спадарожнік. Бо на нашу думку, цяпер час не для канкурэнцыі паміж медыямі, а для яднання і працы дзеля сучаснай і будучай Беларусі».
Калі журналістыка сапраўды штосьці змяняе
У рэдакцыі «Еўрарадыё» не ўзнікае пытання: ці могуць эфіры і матэрыялы нешта змяніць. Яны ведаюць, што могуць. Не заўсёды гэта гучныя гісторыі.
«У нас быў выпадак (не магу сказаць праз бяспеку які), калі мы зрабілі відэа пра канкрэтную праблему, і літаральна праз тыдзень нам напісалі людзі: дзякуй, прынялі меры, сітуацыя вырашылася. Мы нават не чакалі такой хуткай рэакцыі, але гэта было».
Ёсць і больш шырокія гісторыі, калі тэмы, узнятыя «Еўрарадыё», абмяркоўваліся ў публічнай прасторы, траплялі ў СМІ, прымушалі чыноўнікаў нешта тлумачыць. Часам нават без згадкі крыніцы.
«Мы бачым, як афіцыйныя медыі, не называючы нас, спрабуюць апраўдвацца. Было, што пасля нашых матэрыялаў дзяржаўныя газеты ці БелТА пісалі: не верце фэйкам — гэта ўсё не так. Але яны нават не казалі, што гэта былі мы. Проста факт быў зафіксаваны, і давялося рэагаваць».
У выпадках з тэмамі, якія закранаюць жыццё людзей, сігналы яшчэ мацнейшыя. Пасля сюжэтаў пра затрыманых ці палітзняволеных часта адкрываліся зборы, рэальныя людзі атрымлівалі рэальную дапамогу, у рэдакцыю пісалі словы падтрымкі.
«Што мяне асабіста вельмі кранула — гэта калі мы выйшлі з відэа, і праз некалькі гадзін запусцілі збор, які амаль адразу закрыўся. Мы не толькі інфармавалі. Мы дапамаглі. І гэта важна».
Фідбэкі прыходзяць і з Беларусі, хоць усё радзей, праз страх. Але кожны такі водгук вельмі каштоўны.
«Нам пішуць: “Вы адзіныя, каму я яшчэ веру” або “Дзякуй, што не маўчыце”. Гэта кароткія паведамленні. Але яны значаць вельмі шмат. Бо мы ведаем, што нас чуюць. І гэта галоўнае».
Пра што мы не ведалі б без «Еўрарадыё»
Якія тэмы, на думку рэдакцыі, самыя важныя? Тыя, што замоўчваюцца. Тыя, дзе за афіцыйнай цішынёй хаваюцца рэальныя праблемы. У фокусе палітвязні, беларусы ў эміграцыі, сацыяльныя цяжкасці, наступствы вайны і стратэгічныя змены ў краіне.
«Мы не толькі ствараем інфармацыйную прастору, але і падтрымліваем дыялог паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто за мяжой. Гэта вельмі важная місія — захоўваць агульны інфармацыйны ландшафт».
Праз эфіры і сюжэты «Еўрарадыё» адкрыта кажа пра тое, як жывецца беларусам у розных краінах: ад праблем з дакументамі да бар’ераў у адукацыі ці медыцыне.
«Мы шмат робім на сацыяльныя тэмы. Пра тых, хто сутыкаецца з наступствамі палітыкі або вайны. У нас была серыя інтэрв’ю з добраахвотнікамі. Яны распавядалі, як размаўляюць з мамамі, як яны на гэта ўсё глядзяць. Гэта вельмі асабістыя гісторыі».
Яшчэ адзін прыклад — гісторыя з дзецьмі зніклай Анжалікі Мельнікавай. Каманда першай распавяла, што яны зніклі з поля зроку, дзе яны былі, з кім і што адбывалася. Пасля гэтага кейс падхапілі іншыя медыя, і ён стаў вядомы шырэйшай аўдыторыі.
Таксама «Еўрарадыё» адным з першых інфармавала пра крытычны дэфіцыт прадуктаў, праблемы з цэнаўтварэннем і наступствы дзяржаўнага рэгулявання. Пасля эфіраў тэмы выходзілі ў шырокую медыйную прастору і прымушалі ўлады апраўдвацца.
«Мы стараемся гаварыць простай мовай, але пра складаныя рэчы. І калі людзі нам пішуць, што дзякуючы нам зразумелі, што адбываецца, — гэта лепшая ацэнка».
Беларускае грамадства не мае доступу да шырокага палітычнага дыялогу. Таму «Еўрарадыё» рэгулярна дае слова экспертам, эканамістам, аналітыкам і людзям, чыё жыццё ўжо змянілася пад ціскам палітыкі.
«Для нас важна не быць першымі, а быць карыснымі. Не проста даносіць інфармацыю, а запускаць думанне. Мы хочам, каб чалавек сам мог зрабіць высновы».
«Апошні прыклад працы, якім мы вельмі ганарымся, — расследаванне пра харасмэнт з боку кіраўніка BySOL Андрэя Стрыжака. Нягледзячы на вялікую і добрую справу, якую робяць і фонд, і Андрэй, пра такія праблемы трэба казаць і абмяркоўваць іх, калі мы хочам пабудаваць дэмакратычнае і нармальнае грамадства».
У рэдакцыі прызнаюцца, што працаваць над тэмай было даволі складана. Адна з аўтарак тэксту распавяла ў калонцы на «Медыяжабе», што сутыкнулася з табуяванасцю тэмы. Нават журналістам падавалася рызыкоўным публікаваць такі тэкст. Але «замоўчванне гэта першае ад чаго трэба пазбавіцца».
Рэдакцыя, якую не відаць, але якая ёсць
Сённяшняе «Еўрарадыё» — гэта невялікі офіс і нязвыклы рытм рэдакцыі. Гэта людзі, раскіданыя па розных краінах, з розным досведам і надвор’ем за акном. Але іх яднае штосьці большае.
«Мы вельмі розныя. Хтосьці грае на гітары, хтосьці любіць быць у эфіры, хтосьці піша свае тэксты ананімна. Але калі мы сустракаемся, адчуваецца, што мы каманда, у часткі супрацоўнікаў нават ёсць агульнае хобі — разам наведваць кніжны клуб. У эміграцыі гэта асабліва важна: адчуваць, што ты не адзін».
Ва ўмовах, калі шмат хто працуе ананімна, немагчыма з’явіцца на канферэнцыі, падпісаць уласны тэкст або атрымаць публічную ўзнагароду. Але гэта не спыняе.
«Калі ёсць выбар паміж бяспекай і публічнасцю, мы выбіраем бяспеку. Так, гэта складана. Асабліва калі ты журналіст і табе хочацца, каб людзі ведалі, што гэта твой матэрыял. Але ўсё роўна працягваеш. Бо справа важней за прызнанне».
Унутры рэдакцыі падтрымліваецца не толькі прафесійны ўзровень, але і простыя чалавечыя сувязі і давер.
«У нас даволі гарызантальная структура. Калі ў каго-небудзь дзень нараджэння, святкуем разам. Калі скончылася кава, падзелімся. У эміграцыі гэта значыць больш, чым можа падацца. Гэта пра тое, што побач ёсць людзі, якім не ўсё роўна».
І нават калі няма публічнасці, ёсць тое, што больш важнае: унутранае разуменне, дзеля чаго ўсё гэта.
«Мы вельмі хочам жыць. Як людзі. Мы вельмі сумуем. І вельмі хочам, каб свабода была ва ўсіх. А яшчэ — дадому ў Беларусь».
