• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Флагшток»: Часам людзі звяртаюцца да нас з такімі пытаннямі, як быццам бы мы гарвыканкам

    Гомельскае медыя «Флагшток» паўстала ў 2020 годзе дзякуючы грамадскай ініцыятыве, якая выступіла супраць будаўніцтва ў Гомелі 60-мятровага флагштока за паўмільёна долараў. І хаця канструкцыя ўсё ж такі з’явілася, жыхары Гомельшчыны атрымалі незалежнае выданне, якое асвятляе рэзанансныя падзеі рэгіёна і робіць журналісцкія расследаванні. Пра самыя важныя з іх БАЖ пагутарыў са стваральніцай «Флагштока» Марыяй Булавінскай.

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б нябачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    Асноўная місія «Флагштока» — асвятляць актуальныя падзеі Гомельскага рэгіёна з пазіцый незалежнага медыя. Перш-наперш гэта робіцца для беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Бо менавіта ім зараз не хапае інфармацыі.

    Разумеючы важнасць такой задачы, каманда «Флагштока» за ўсе пяць гадоў існавання рэдакцыі ніколі не дапускала думкі пра тое, каб спыніцца. Хаця былі і цяжкія моманты, калі журналісты працавалі выключна на энтузіязме. 

    «Проста наша дзейнасць была вельмі актуальная ў гэты час, і немагчыма было яе прыпыніць. Напрыклад, калі пачалася вайна ва Украіне, мы асвятлялі яе вельмі шмат. Да нас выпрацаваўся давер, і людзі дасылалі інфармацыю. Мы не маглі не рабіць гэта, нават калі самім было складана». 

    Марыя Булавінская. Фота з асабістага архіва

    «Флагшток» супраць КДБ: хто кіруе праўладнымі паблікамі

    Найбольш значнымі матэрыяламі каманда «Флагштока» лічыць свае расследаванні. Напрыклад, журналісты змаглі ідэнтыфікаваць людзей, датычных да ананімных праўладных гомельскіх паблікаў «Гомель против» і «Без «Б» Беларусь». Гэтыя суполкі, створаныя яшчэ ў 2017 годзе, выглядалі як звычайныя гарадскія паблікі, але насамрэч збіралі звесткі пра актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, публікавалі іх прыватныя дадзеныя, абразлівыя допісы і нават фотаздымкі з вобшукаў. Пасля 2020 года паблікі пачалі адкрыта падтрымліваць «рускі мір» і прапагандаваць вайну супраць Украіны.

    Ключавым момантам стаў здымак, размешчаны на старонцы адміністратара пад нікам «Сергей Байков». Па аб’ектах на фота журналісты вызначылі кватэру ў Гомелі, затым з дапамогай кіберпартызанаў даведаліся, што па гэтым адрасе быў зарэгістраваны Яўген Бажок — аператыўнік КДБ родам з Петрыкава.

    Дзякуючы гэтаму фота ў акаўнце адміністратара прапагандысцкага канала журналісты змаглі раскрыць яго асобу 

    Далей знайшліся новыя сведчанні: публікацыі з месцаў, дзе Бажок жыў, яго захапленне рыбалкай у Петрыкаве, а таксама факты пра яго працу куратарам у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. 

    Каб праверыць інфармацыю, блогер Андрэй Павук патэлефанаваў Бажку — той занерваваўся і не змог адназначна абвергнуць сваю датычнасць да прапагандысцкіх каналаў. Пасля публікацыі фактаў Бажок змяніў налады ў сваіх акаўнтах, некаторыя яго старонкі зніклі. А самі каналы сталі горш абнаўляцца.

    Таксама «Флагшток» выявіў, што ў цкаванні актывістаў удзельнічалі і іншыя сілавікі. Напрыклад, міліцыянт Аляксандр Мельнікаў і камандзір групы АМАП Аляксандр Гапонаў хадзілі на палітычныя суды і перадавалі інфармацыю ў паблікі.

    Передел сфер влияния? Что происходит с городскими Вк-пабликами Гомеля

    Як аэрапорт Гомеля стаў ваенным аб’ектам

    Яшчэ адна вельмі важная тэма вайна ва Украіне. «Флагшток» падае шмат інфармацыі пра ваенную актыўнасць, якая адбываецца на Гомельшчыне. Дзякуючы медыя беларусы ведаюць пра расійскія шахеды, якія залятаюць на тэрыторыю вобласці. Хаця ўлады хаваюць гэтую інфармацыю.

    А ў лютым 2022 года «Флагшток» распавёў, што мясцовы аэрапорт фактычна стаў ваенным аб’ектам. Доўгі час ён працаваў з мінімальнай загрузкай, але пасля пачатку вучэнняў «Союзная решимость» сюды пачалі прылятаць вайсковыя рэйсы. Публічныя сэрвісы іх не паказвалі, а сам аэрапорт афіцыйна не ўваходзіў у спіс пляцовак вучэнняў. 11 лютага над ім зафіксавалі самалёт Ту-134Ш, прызначаны для падрыхтоўкі штурманаў бамбардзіроўшчыкаў Ту-22, а ўжо 27 лютага крылатая ракета з Ту-22 была збітая пад Кіевам.

    Чытачы «Флагштока», якія назіралі за сітуацыяй, паведамілі, што 21 лютага 2022 года аэрапорт цалкам перайшоў пад кантроль расійскіх вайскоўцаў. Грамадзянскі персанал і мясцовыя службы былі адпраўленыя ў адпачынак. У апошнія дні перад пачаткам вайны гараджане ўсё часцей бачылі пасадкі цяжкіх транспартнікаў Іл-76 і калоны бронетэхнікі, якія выязджалі з тэрыторыі аэрапорта. 

    Ваенна-транспартныя самалёты Іл-76 ВС РФ на тэрыторыі аэрапорта Гомеля 25 лютага 2022 года. Фота: Флагшток

    Спачатку гэта тлумачылі пастаўкамі ўзбраенняў і эвакуацыяй параненых і загінулых, але 20 сакавіка Мінабороны Расіі апублікавала відэа з ударамі беспілотніка «Фарпост» па Украіне. На кадрах было бачна, як ён узлятае і садзіцца менавіта ў гомельскім аэрапорце. Так з’явілася пацверджанне, што грамадзянскі аб’ект выкарыстоўваецца для нанясення ракетных удараў.

    Пасля журналісты і мясцовыя жыхары сабралі сведчанні, што праз аэрапорт праходзяць «груз 200» і «груз 300». Цяжка параненых дастаўлялі з бальніц Мазыра, Нароўлі і Гомеля, а загінулых — з часовага морга ў старым ангары РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Далей іх адпраўлялі ў Расію на Іл-76. У той час як расійскія СМІ паралельна паведамлялі пра дастаўку «гуманітарных грузаў» для акупаваных тэрыторый.

    Российские власти требуют от американской компании заблокировать «Флагшток»

    «Людзі могуць уплываць на працэсы» 

    А пачыналася актыўнасць «Флагштока» з публікацый пра горадабудаўнічыя працэсы. Дзякуючы медыя жыхары даведваліся пра грамадскія абмеркаванні рэзанансных праектаў, хаця ўлады наўмысна не давалі абвестак. І калі людзі туды прыходзілі, чыноўнікам ўсё ж такі даводзілася нешта тлумачыць і змяняць.

    «Такіх сітуацый было шмат, калі адмяняліся будоўлі, уносіліся карэктывы», кажа Марыя Булавінская.

    Самы вядомы прыклад будаўніцтва ў Гомелі 60-мятровага флагштока за паўмільёна долараў. На думку чыноўнікаў, металічная палка павінна была стаць сімвалам патрыятызму. Але праект выклікаў шмат пытанняў у гамяльчукоў, і ўладам даводзілася рэагаваць на грамадскае незадавальненне.

    «Былі проста камічныя сітуацыі. Будоўля то пачыналася, то спынялася. Тэхніка то прыязджала, то з’язджала. Тэндары на будаўніцтва аб’яўляліся, потым адмяняліся. Усё гэта паказала, наколькі людзі могуць уплываць на працэсы».

    Адзінае, што флагшток усё ж такі пабудавалі. Улады правялі нават «таемную» цырымонію адкрыцця канструкцыі, куды запрасілі толькі вызначаных людзей. Але, нягледзячы на гэта, сваёй працай «Флагшток» зарабіў сабе сапраўдны давер і падтрымку з боку чытачоў.

    Адкрыццё 60-мятровага флагштока ў Гомелі, верасень 2020 года. Фота: Марыя Амелінаі/ onliner.by

    «А аднойчы, пасля публікацыі нашых тлумачэнняў да новага генеральнага плана горада, мы сутыкнуліся з тым, што да нас пачалі звяртацца жыхары Гомеля як да нейкай інстанцыі, якая валодае большай інфармацыяй, чым чыноўнікі: “Ці будуць нас зносіць?”. Часам нам задаюць такія пытанні, як быццам бы мы гарвыканкам».

    Медыя існуе дзякуючы чытачам

    «Мы вельмі любім Гомель, і ідэйна мы пачалі гэты праект, каб наш горад быў лепей», распавядае Марыя Булавінская. І падкрэслівае, што сёння медыя існуе дзякуючы чытачам. Бо менавіта праз іх ў «Флагштока» ёсць інструменты для аператыўнага пацверджання інфармацыі. З іншага боку, зваротная сувязь і падзякі ў адказ на публікацыю важных тэм дадаюць журналістам матывацыі працаваць далей.

    Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне

    Часам рэдакцыя атрымлівае нечаканыя паведамленні, але яны таксама сведчаць пра давер аўдыторыі.

    «Напрыклад: “Мяне прымусілі падпісаць нейкае пагадненне аб супрацы з КДБ. Але я хачу вам паведаміць, што я яе падпісаў толькі таму, што мяне прымусілі. І гэта не маё рашэнне. Я з імі не хачу супрацоўнічаць”. Чалавек папярэджвае наша медыя пра такі выпадак і кажа, што ён супраць гэтага. Што ён падпісаў гэтую дамову не шчыра».

    А самымі нечаканымі для журналістаў сталі звароты ад людзей з сістэмы. Яны пісалі, што сітуацыя для іх складаная. І што іх таксама не задавальняе тое, што адбылося ў 2020 годзе. Што яны хочуць нешта змяніць і таму звяртаюцца да «Флагштока», каб дадаць свой унёсак у гэтыя змены. 

    Без нас вы б не ведалі…

    «…пра флагшток у Гомелі. Уся Беларусь ведае пра гэты флагшток. Пра яго нават спяваюць песні». 

    Але гэта не адзінае дасягненне медыя, падкрэслівае рэдактарка. Каманда вельмі ганарыцца тым, што шмат асвятляе падзеі, звязаныя з вайсковай актыўнасцю. Сёння людзі ведаюць пра расійскія дроны на Гомельшчыне. І пагаджэнні аб абавязках нікому нічога не паведамляць не замінаюць «Флагштоку» працягваць працу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці