• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Hrodna.life: Мы даём чытачам оптыку здаровага чалавека

    Рэгіянальны партал Hrodna.life ў 2022 годзе ўлады абвясцілі «экстрэмісцкім фармаваннем». З таго часу рэдакцыя працуе ў выгнанні. Але імкнецца захоўваць сувязі з горадам і чытачамі, распавядаць мясцовыя гісторыі і змяняць Гродна да лепшага. Паразмаўлялі з галоўным рэдактарам Аляксеем Шотам пра «супертрыгерныя» публікацыі, гвалтоўную рэканструкцыю горада і сілу лакальных СМІ. 

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б нябачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    «Мы па‑ранейшаму выданне для тых, хто любіць Гродна — не важна, дзе яны і мы знаходзімся», — кажа Аляксей Шота. Нягледзячы на ціск, эміграцыю і фінансавыя праблемы, медыя працягвае развівацца і асэнсоўваць сваю ідэнтычнасць.

    «Зараз мы засяроджваемся на тым, навошта мы ў прынцыпе можам быць патрэбныя людзям. Якія ў нашай аўдыторыі ёсць праблемы, болі і што яе хвалюе»

    Медыя для тых, хто не згодны маўчаць

    «Не так даўно мы прыйшлі да высновы, што мы медыя для людзей, якія хочуць абурацца. Для тых, хто незадаволены, хоча штосьці змяніць. Бо мы і самі такія ў прынцыпе па жыцці. 

    Мы даём гэтым людзям оптыку здаровага чалавека. Бо хтосьці думае: можа, гэта са мной нешта не так. А насамрэч з ім усё ў парадку — гэта са светам навокал не ўсё ў парадку.

    Такім чынам мы дазваляем чалавеку адчуць, што ён мае рацыю. Што ён не адзін такі незадаволены, што мае права быць незадаволеным. Ну і фармальна ў многіх выпадках закон на яго баку — толькі працуе не так, як трэба».

    Аляксей Шота. Фота: з асабістага архіву

    Такі падыход, кажа рэдактар Hrodna.life, дапамагае змагацца з праблемай, калі людзі адчуваюць, што ад іх нічога не залежыць. Паводле яго, у жыхароў горада ёсць патрэба, каб выказваць свае меркаванні — хаця б на непалітычныя тэмы. Гэта бачна па каментарах і пастах у сацсетках. Разам з тым пляцовак для такой камунікацыі ў Гродне не засталося.

    «Мы стараемся адрэагаваць на гэтую незадаволенасць. Шукаць яе ў Face­book, Threads, Tik­Tok і трансляваць. Дзякуючы гэтаму дамагацца нейкага ўплыву людзей на іх лакальнае асяроддзе».

    «Прымушаем чыноўнікаў рабіць “харошую карцінку”»

    «Я спадзяюся, што ў гэтым годзе мы дапамаглі адрамантаваць камяніцу, якой больш за 120 гадоў», — расказвае Аляксей Шота. 

    Гэтую тэму рэдакцыя знайшла ў Tik­Tok. Адзін з пастоў распавядаў пра новы будынак у цэнтры, які атрымаў архітэктурную прэмію. У каментарах людзі прыйшлі з абурэннямі: зусім побач стаіць стары дом, у якім немагчыма жыць, бо не было рамонту дзесяцігоддзямі.

    «Роўна праз тыдзень пасля таго, як мы пра гэта напісалі, ЖКХ абвясціла тэндар на праект капітальнага рамонту гэтага дома. Я думаю, што гэта не супадзенне»

    У іншым выпадку пасля публікацыі Hrodna.life ўлады хутка аднавілі пляцоўку ў адным з мікрараёнаў, дзе падчас рамонту дома будаўнікі знішчылі дарожку і газон.

    «Зразумела, што, хутчэй за ўсё, плітку ўсё роўна паклалі б. Але пытанне ў хуткасці рэакцыі. Мы часта прымушаем чыноўнікаў рабіць “харошую карцінку”, рабіць хутчэй і лепш».

    Разам з тым рэдакцыя імкнецца, калі магчыма, не проста пісаць пра праблемы, але і расказваць, як іх вырашыць. Як у гэтай публікацыі пра затапленне дзевяці паверхаў жылога дома пасля ліўня. Журналісты зрабілі інструкцыю, каб жыхары маглі атрымаць кампенсацыю.

    Чацвёртая ўлада: як лакальныя медыі ўплываюць на гарадское жыццё

    Як гродзенскія ўлады згубілі помнік

    «Не заўсёды мы ўплываем так, што нешта змяняецца, але часта прымушаем улады апраўдвацца», — кажа Аляксей Шота.

    Напрыклад, калі ў Гродне знік памятны знак у гонар паўстання Кастуся Каліноўскага, рэдакцыя дамаглася афіцыйнага адказу чыноўнікаў. І ён быў красамоўным: гарвыканкам патлумачыў, што ўвогуле не ведае пра гэты аб’ект. Пасля тая ж гісторыя здарылася з шыльдай у гонар Тадэвуша Касцюшкі на Новым замку.

    «Гарадскія ўлады проста распісаліся, што яны не ў курсе: “Што за помнік, мы нічога не чулі”. А яму 30 гадоў. Такія адпіскі — гэта таксама вынік: прымушаць чыноўнікаў тлумачыць, паказваць іх дзеянні ў нязручным святле».

    Сёлета вясной Hrodna.life пісаў, як у Гродне вырашылі добраўпарадкаваць гістарычны цэнтр. На галоўнай пешаходнай вуліцы ўсталявалі аркі з кветкамі. Гэтае рашэнне выклікала шмат спрэчак і крытыкі з боку гараджан, бо ўпрыгожванні відавочна ўступалі ў дысананс з архітэктурным выглядам гістарычнай забудовы. У дадатак высветлілася, што кветкі ў верхняй частцы арак — пластыкавыя.

    Аркі з пластыкавымі кветкамі на вуліцы Савецкай у Гродне. Фота: Анна Саловіч / Threads

    Пасля публікацыі Hrodna.life на адным з праўладных каналаў з’явілася тлумачэнне гарвыканкама: пластыкавыя кветкі зрабілі, каб падчас паліву вада не лілася на галовы людзям — таму, на думку чыноўнікаў, усё добра і правільна.

    Топ бессэнсоўных дзяржаўных выдаткаў

    Праз адкрытыя крыніцы журналісты адсочваюць, куды сыходзяць грошы з мясцовага бюджэту.

    «Часам гэта смешныя, а часам і дурныя выдаткі. Мы не можам іх ніяк прадухіліць, але можам паказаць, наколькі яны бессэнсоўныя. З апошняга — гэта змаганне з чайкамі. Нібыта гродзенцам вельмі замінаюць чайкі, якія рассяліліся на дахах будынкаў. Выдаткоўваюцца грошы праз дзяржзакупкі на аналіз і правядзенне даследаванняў: ці тыя чайкі сапраўды шкодныя, ці не? а як з імі змагацца? а як іх прагнаць?».

    З самага абуральнага за апошні год рэдактар Hrodna.life называе набыццё Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем карціны «Песни великой победы» з выявай літары Z. Яе напісаў мясцовы мастак Уладзімір Качан, які ствараў партрэты гродзенскіх губернатараў і кіраўнікоў УУС.

    «Для мяне гэта момант, блізкі да карупцыйнага. Чаму абраная карціна, якая не мае ніякіх мастацкіх вартасцяў?» — задае пытанне Аляксей Шота.

    Праз той жа сайт дзяржзакупак Hrodna.life даведаўся, што ў цэнтры горада хочуць паставіць флагшток вышынёй амаль з Фарны касцёл. Журналісты падлічылі памеры і зрабілі візуалізацыю. Тэма атрымала шырокі рэзананс.

    «Пра гэта афіцыйна ніхто не казаў. І толькі пасля нашай публікацыі з’явілася навіна ў “Гродзенскай праўдзе”. Гэтая закупка тады адмянілася, а потым прайшла. Але пакуль нябачна, каб будавалі».

    Візуалізацыя флагштока на плошчы Савецкай у Гродне. Згенеравана рэдакцыяй Hrodna.life у нейрасетцы. Фота: Shutterstock.com via travel.by

    «Вось такія спробы паставіць пад сумнеў некаторыя ініцыятывы ўладаў — гэта для нас важна. Мы спадзяёмся, што такія тэмы карысна ўплываюць на горад. Там жа не ўсе чыноўнікі ідыёты. Магчыма, хтосьці пачытае і, канешне, ніколі не прызнаецца, што натхніўся Hrodna.life, — але пабачыць сэнсоўны голас у нашых матэрыялах».

    Часам важна проста расказваць

    Большасць дадзеных рэдакцыя здабывае з адкрытых крыніц. Але часам, каб яны склаліся «ў пазл», журналістам трэба правесці расследаванне. Як, напрыклад, у гісторыі, дзе працаўнікі гродзенскага прадпрыемства не маглі атрымаць заробак.

    «У гэтай гісторыі мы канкрэтна ні на што не паўплывалі наўпрост. Але мне падаецца важным, што мы яе расказалі», — адзначае Аляксей Шота. 

    Спачатку журналісты знайшлі інфармацыю, што прадпрымальнік Андрэй Барбашынскі — дырэктар беларуска-нямецкага прадпрыемства «Белабедынг», якое ўваходзіла ў СЭЗ і вырабляла матрацы, вырашыў стаць мясцовым дэпутатам. Але яго знялі з гонкі. Гэта падалося дзіўным, бо ў бізнесоўца праўладныя погляды.

    Пасля, аналізуючы базу судовых пасяджэнняў, рэдакцыя заўважыла тэндэнцыю: масава з’яўляюцца справы аб спагнанні запазычанасці па заробках з таварыства з абмежаванай адказнасцю «Б» з Гродзенскага раёна.

    «Гродзенскі раён не самы вялікі — колькасць ТАА на літару «Б» абмежаваная. Мы проста пастараліся ўсе перабраць. І вось тады акурат узгадаўся Барбашынскі, што ў яго былі нейкія праблемы з тым, каб стаць мясцовым дэпутатам. І з’явілася падазрэнне, што гэта можа быць яго фірма».

    Праз нейкі час знайшлося пацвярджэнне ў базе вынікаў судовых пасяджэнняў — там быў указаны адрас прадпрыемства. Тады праз пошук у іншых спецыялізаваных базах журналісты даведаліся, што нямецкі саўладальнік фірмы выйшаў з яе складу. Гэта адбылося пасля таго, як Барбашынскі падтрымаў вайну Расіі супраць Украіны.

    «Так удалося гэтую гісторыю раскруціць. У «Белабедынга» была супервыгадная схема — з матэрыяламі з Германіі і таннай працай у Беларусі. А свабодная эканамічная зона дазваляла не плаціць падаткі. Але паколькі гэта быў несапраўдны бізнес, то пасля зыходу інвестара ён разваліўся».

    Аляксей Шота: штучны інтэлект — такі ж інструмент, як сякера ці малаток

    Супертрыгерная тэма для гродзенцаў

    Для рэдакцыі Hrodna.life вельмі важныя ўрбаністычныя тэмы: як развіваецца гарадская прастора, як выглядае горад. І гэта знаходзіць водгук у чытачоў. 

    Але «супертрыгерная тэма для гродзенцаў» — усё, што звязана з захаваннем гістарычнай памяці і рэканструкцыяй, адзначае Аляксей Шота. 

    «Гэта змены ў горадзе, якія адбываюцца без уліку меркаванняў людзей. За апошні час гэта знішчэнне пад выглядам рэканструкцыі старых царскіх казармаў. Зараз разабралі дом на вуліцы Васілька. Частку сцен там адбудуюць са старой цэглы. Але пытанне ў тым, ці трэба было зносіць арыгінал».

    «Рэканструкцыя» 100-гадовага дома на вуліцы Васілька ў Гродне: будынак да пачатку работ і пасля. Фота: Hrodna.life і Newgrodno.by

    Дарэчы, пасля публікацыі ў рэдакцыю напісала жанчына з Францыі, чыя бабуля жыла ў тым доме. 

    «Наогул, тэма людзей, якія маюць карані з Гродна, перыядычна да нас вяртаецца. Некалькі месяцаў таму да нас звярнуўся чытач з Канады. Ён паходзіць з яўрэйскай сям’і, якая раней валодала домам на вуліцы Ажэшкі. Зараз ён піша пра сваю сям’ю кнігу і прасіў актуальныя фота гэтага дома. І ў нас атрымалася іх здабыць».

    «Значыць, гэта камусьці трэба»

    Сіла рэгіянальных медыяў у тым, што яны расказваюць пра рэчы, максімальна блізкія да чытача, разважае Аляксей Шота.

    «Не кожнаму будзе цікава чытаць пра хітрыя схемы па абыходу санкцый. Гэта крута, але гэта проста іншая тэма. А для нас як для лакальнага медыя важна падсвечваць тое, што наўпрост блізка да чалавека, што ён бачыць кожны дзень».

    Гэта цяжка рабіць у эміграцыі, калі немагчыма проста прайсціся па вуліцах і паразмаўляць з гараджанамі. Але ў Hrodna.life атрымліваецца.

    «Часам людзі ў Гродне могуць менш ведаць, што адбываецца, чым мы, седзячы за мяжой. І часта яны ад нас даведваюцца навіны. Таму мяркую, што ролю лакальнага медыя мы выконваем вельмі класна».

    Тым больш што ў горадзе не засталося выданняў, якія сапраўды займаліся б журналістыкай і ўздымалі б грамадска значныя тэмы. У мінулым годзе ўлады прымусілі закрыцца інтэрнэт-партал Grodno.in, дзе з’яўляліся журналісцкія матэрыялы. І знішчылі гарадскі блог s13. Ён працаваў пераважна як агрэгатар, але на каментары пад публікацыямі рэагавалі чыноўнікі.

    Таму на пытанне, дзеля чаго варта працягваць працу, у Hrodna.life адказ просты: калі не мы, то хто?

    «І яшчэ мы адчуваем, што наша дзейнасць карысная. Зараз пачалі збіраць грошы на дапамогу рэдакцыі — а калі людзі данацяць, значыць гэта камусьці трэба».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці