• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Orsha.eu: Калі ў горадзе адбываецца аварыя, мы ведаем гэта раней за ДАІ

    Orsha.eu на сёння застаецца адзіным незалежным медыя ў Оршы і рэгіёне. Нават у эміграцыі журналісты захоўваюць сувязі з Беларуссю і расказваюць пра праблемы сваіх чытачоў. Паразмаўлялі з галоўным рэдактарам выдання Ігарам Казмерчакам пра рэзанансныя тэмы, перапісаны генплан горада і «пасхалкі» незалежнаму медыя ад чыноўнікаў.

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    Orsha.eu працуе з эміграцыі з канца 2021 года. Улетку 2024 года ўлады абвясцілі медыя «экстрэмісцкім фармаваннем». Нягледзячы на гэта, рэдакцыя па-ранейшаму атрымлівае інсайды і распавядае пра тое, што адбываецца ў горадзе і рэгіёне.

    Адзін з нядаўніх прыкладаў — крымінальная гісторыя з удзелам двух расійскіх паліцэйскіх пад Оршай. Вядома, абставіны гэтай трагедыі беларускія ўлады хацелі б схаваць.

    Журналісты высветлілі, што расіяне былі ў камандзіроўцы ў Смаленскай вобласці, ужылі там наркотыкі і, пераблытаўшы напрамак на трасе М1, заехалі ў Беларусь. Пры гэтым яны перасяклі мяжу на машыне без нумароў, мелі забароненую зброю. Пад Оршай паліцэйскія пасварыліся, і адзін забіў другога з траўматычнага пісталета. 

    Спачатку выданне апублікавала толькі кароткую навіну пра здарэнне, але міліцыя была вымушаная адрэагаваць літаральна праз 40 хвілін.

    «Яны далі сваю версію падзей, вельмі кастрыраваную  — пра тое, што адзін расіянін забіў другога. І адной фразай адправілі нам “пасхалачку”: “Род занятий граждан России уточняется”». Абвергнуць інфармацыю незалежнага медыя ўлады не змаглі.

    важныя публікацыі orsha.eu

    Фота з месца падзей ад прэс-службы МВД РБ, апублікаванае пасля навіны на сайце orsha.eu

    Публікацыя orsha.eu мела рэзананс — яе перадрукоўвалі іншыя СМІ, а ў каментарах людзі абмяркоўвалі, чаму небяспечна мець адкрытыя межы з Расіей. 

    Чаму важна пісаць пра здарэнні

    Не з‑за трафіка, лічыць Ігар Казмерчак. Рэгулярна адбывацца так, што ў працэсе збора інфармацыі журналісты знаходзяць факты, якія выкрываюць сацыяльныя праблемы ў грамадстве. Яшчэ адзін прыклад — выпадак, калі ў Оршы шматдзетная маці забіла сваіх дзяцей і сама скончыла самагубствам. Партал даведаўся, што гэта адбылося з‑за цяжкага становішча, у якое трапіла жанчына. Улады накіравалі ў ЛТП яе мужа, грошай не хапала, дзяцей пагражалі забраць у інтэрнат.

    Такога кшталту рэзанансныя тэмы становяцца вядомымі дзякуючы інсайдам, адзначае кіраўнік orsha.eu. Пры гэтым рэдакцыя нават у эміграцыі  імкнецца захоўваць стандарт праверкі звестак па двум ці больш крыніцам.

    «Мы стваралі сваю сістэму апавяшчэння і збору інфармацыі гадамі. Канешне, з‑за таго, што зараз мы не ў Беларусіі, гэтая сістэма працуе ўсё горш і горш. Але яна працуе. Паверце, калі адбываецца нейкая аварыя ў горадзе, мы ведаем гэта раней за ДАІ. Калі ў Оршы начальнік міліцыі памёр на працоўным месцы, мы напісалі і назвалі прычыну смерці амаль адразу ж. Дзяржаўныя СМІ змаглі даць інфармацыю толькі праз некалькі дзён, і тое ў фармаце некралога».

    Чыноўнікі рэагуюць на «экстрэмісцкія» публікацыі

    Як рэгіянальны партал, оrsha.eu шмат піша пра праблемы мясцовых жыхароў. Гэта і кепскія дарогі, і дрэнныя рамонты, і цёмныя вуліцы, і неякасныя прадукты ў краме — усё тое, што хвалюе звычайных аршанцаў. 

    «Дробязі, здаецца, але гэта праца рэгіянальнага медыя. Мы павінны пра гэта расказваць», — упэўнены Ігар Казмерчак.

    Цікава, што дагэтуль мясцовыя ўлады рэагуюць на публікацыі ў «экстрэмісцкім» выданні. Не так даўно, напрыклад, адрамантавалі затоплены пад’езд, пра які распавядаў orsha.eu. А пасля публікацыі пра тое, што на беразе рэчкі Аршыцы нехта выкінуў рэшткі некалькіх дзесяткаў кароў, узбудзілі крымінальную справу.

    важныя публікацыі orsha.eu

    «Перапіска» жыхароў з камунальшчыкамі. Фота чытача orsha.eu

    «Зараз у Оршы канфлікт паміж выканкамам і жыхарамі вуліцы Дзяржынскага, — прыводзіць яшчэ адзін прыклад рэдактар. — Там ёсць частка вуліцы з прыватным сектарам. І выканкам вырашыў замест яго пабудаваць некалькі 10-павярховых дамоў. Само сабой, для такога будаўніцтва ўвесь прыватны сектар трэба знесці. “Аршанская газета” пра гэта калі нешта і ўзгадвае, то вельмі абцякаема. Мы пішам больш смела. Так, мы пішам мала пра гэта, таму што людзі змагаюцца і не хочацца нашкодзіць. Але мы трымаем чытачоў ў курсе, што і як там адбываецца».

    «Блогеры расказваюць пра падзеі нашымі словамі»

    На сёння партал orsha.eu фактычна застаўся адзіным незалежным выданнем на Аршаншчыне. Астатнія СМІ — або дзяржаўныя, або пішуць з аглядкай на гарвыканкам, кажа Ігар Казмерчак. Таму важнай задачай для свайго медыя ён лічыць «трымаць павестку».

    «Напрыклад, забойства расійскага паліцэйскага — тут мы дыктуем павестку, прычым яна разышлася шырока. А тэму з шматдзетнай маці мясцовыя СМІ ўвогуле баяліся кранаць, пакуль на СТВ не выйшаў сюжэт».

    Менавіта оrsha.eu расказвае жыхарам Аршаншчыны пра рэпрэсіі, якія працягваюца з 2020 года. У 2022 годзе партал быў адзіным медыя ў Оршы, якое давала аб’ектыўную інфармацыю пра вайну ва Украіне і публікавала звесткі пра вайсковую тэхніку.

    Ігар Казмерчак: «Да 2020 года было няпісанае правіла заводзіць на мяне крыміналку раз на пяць гадоў»

    Адначасова журналісты адпрацоўваюць і афіцыйныя інфаповады, але са свайго пункту погляду. 

    «У гэтым годзе ў вёсцы Смаляны пад Оршай павінны прайсці раённыя дажынкі. Адпаведна чыноўнікі робяць там добраўпарадкаванне. І расказваюць, што паставяць першую ў Смалянах дзіцячую пляцоўку. Але мы напішам пра тое, што яны хутка знясуць стогадовы дом. Бо гэта, відавочна, больш хвалюе людзей. Такіх звычайных дзіцячых пляцовак можна паставіць хоць пяць (выбачайце, чаму вы раней гэта не зрабілі ў вёсцы на тысячу жыхароў?). А дом, які пойдзе пад снос, ужо нічым не заменіш». 

    З іншага боку, адзначае рэдактар, у мясцовым медыяполі з’яўляюцца блогеры, якія таксама супрацьстаяць афіцыйнаму інфармацыйнаму ўплыву.

    «І я бачу, што яны ідуць больш-менш у нашай канве. Калі мы асвятляем нейкую праблему, то яны ледзьве не нашымі фразамі пра яе распавядаюць. І мы разумеем, што многія нас чытаюць. А нават калі не чытаюць, то абмяркоўваюць нашыя матэрыялы, а не “Аршанскай газеты” ці “Віцьбічаў”». 

    Згубілі падпісчыкаў, але пашырылі аўдыторыю

    «Мы заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі як сайт, заблакаваныя нашы старонкі ў “Аднакласніках” і “Вконтакте”, мы прызнаныя экстрэмістамі. Само сабой, наш шлях быў у сацсеткі. І дзякуй богу, што мы пачалі рыхтаваць іх задоўга да гэтых прызнанняў», — распавядае кіраўнік orsha.eu. 

    Зараз асноўны канал медыя — гэта Insta­gram, таксама ёсць кантэнт на YouTube. Калі оrsha.eu абвясцілі «экстрэмісцкім», старонка ў Insta­gram згубіла палову падпісчыкаў (ад  30 тысяч да 14 тысяч), але зараз паступова паказчык расце. 

    «Падпісчыкаў мы згубілі, а аўдыторыю пашырылі, — кажа Ігар Казмерчак. — Людзі нас глядзяць без падпісак. Нават ёсць рост — 2 мільёны праглядаў за месяц [у Insta­gram], гэта вельмі вялікая лічба. І амаль 600 тысяч ахопу аўдыторыі, то бок удвая больш, чым жыве людзей ва ўсім рэгіёне — у Оршы і суседніх раёнах. У нас, дарэчы, такога не было і ў 2020 годзе».

    Да таго ж аўдыторыя выдання вельмі лакалізаваная: у Insta­gram больш за 80 працэнтаў знаходзіцца ў Беларусі, пераважна ў Віцебскай вобласці. Гэта заўважна і па тэмах, якія збіраюць прагляды. Напрыклад, людзям цікавы пост пра тое, што са Смаленска ў Оршу могуць запусціць цягнікі, якія не ходзяць яшчэ з часоў кавіда.

    Гісторыя гэта не толькі пра вайну

    Асобная тэма для orsha.eu — гэта гісторыя і краязнаўства. У рэдакцыі працуе некалькі журналістаў, якія цікавяцца такімі даследаваннямі.

    «ДзяржСМІ зараз каласальна падселі на тэму вайны, і акрамя Другой сусветнай іх нічога не цікавіць», — кажа Казмерчак. Незалежнае медыя дае чытачам больш шырокі агляд і па-іншаму глядзіць на сюжэты.

    «Нядаўна ў афіцыйнай прэсе быў артыкул пра сярэдневечныя будынкі ў Смалянах. Кантэкст матэрыяла быў такі, што мы зразумелі: рэстаўраваць іх не збіраюцца. А мы заўсёды выступаем за тое, што гэта трэба як мінімум захаваць, а як максімум аднаўляць».

    Сёлета 1 чэрвеня журналіст orsha.eu Арцём Сізінцаў прэзентаваў у Вільні кнігу пра гісторыю аршанскага футболу «На “Старт” і ў “Тэмпе”». Гэтая кніга, паводле Казмерчака, з’явілася дзякуючы рэдакцыі, бо медыя знайшло для журналіста магчымасці доступу да архіваў. 

    «Мяне такія рэчы вельмі радуюць, гэта таксама поспех. Бо ў Оршы такога ўзроўню краязнаўчая літаратура зараз проста не выходзіць. 460 старонак, амаль на кожнай ілюстрацыі — гэта грандыёзная работа».

    Журналіст Арцём Сізінцаў і галоўны рэдактар orsha.eu Ігар Казмярчак

    Журналіст Арцём Сізінцаў і галоўны рэдактар orsha.eu Ігар Казмерчак падчас прэзентацыі кнігі ў Вільні. 1 чэрвеня 2025 года. Фота: Марыя Лугавая

    Калі рэдакцыя працавала яшчэ ў Беларусі, журналісты рабілі рэпартажы пра нязведаныя мясціны ў сваім рэгіёне. Напрыклад, знайшлі месца, дзе быў штаб паўстанцаў Каліноўскага Магілёўскай губерніі. А таксама першымі на шырокую аўдыторыю расказалі пра тое, што з‑пад Оршы паходзіць каталіцкая блаславёная Цэліна Бажэнцкая. Менавіта рэгіянальны партал адкрыў для аршанцаў вёску Антавіль, дзе нарадзілася гэтая жанчына.

    Выправілі генплан Оршы і спынілі будаўніцтва ГЭС

    У эміграцыі штат рэдакцыі скараціўся — зараз працуе менш за 10 челавек. Але нават у самыя складаныя часы ў журналістаў не было думак пра тое, каб спыніць працу. 

    «Цягнуць orsha.eu — гэта прынцыповая пазіцыя, — падкрэслівае Ігар Казмерчак. — У гэтым годзе нам 18 — паўнагадовыя. Хацелася б і да 50 дацягнуць».

    Сярод найбольш значных дасягненняў за гэты час галоўны рэдактар называе выпадкі, калі дзякуючы публікацыям парталу ўдалося паўплываць на дзеянні мясцовых чыноўнікаў. 

    Напрыклад, у 2017 годзе журналісты «адкарэктавалі» генплан горада, па якому збіраліся пракласці дарогу на месцы сталінскіх расстрэлаў. А трохі раней паказалі бессэнсоўнасць будаўніцтва ГЭС на Дняпры, бо крэдыт, на які планавалася будаваць станцыю, не змог бы акупіцца. Пры гэтым шкоды для экалогіі было б шмат.

    «Мы тады змаглі адбіць гэта — і пад Оршай няма гідраэлектрастанцыі. А вось пад Віцебскам з’явілася ГЭС разам з камарыным балотам». 

    Ігар Казмярчак: Калі ўсё губляеш, прыходзіць невымоўная свабода

    «Пра праблемы трэба казаць толькі тады з’явіцца іх рашэнне»

    «Я думаю, што зараз наша задача ў тым, каб проста захаваць незалежную інфармацыю для аршанцаў. І трымаць павестку. Не ўладную, а рэальна тое, што людзей цікавіць. Тое, што падаецца важным нам. Напрыклад, пра бітву пад Оршай на мясцовым узроўні ніхто не напіша», — разважае Ігар Казмерчак пра місію выдання. І дадае, што нават ва ўмовах інфармацыйнай вайны трэба прытрымлівацца журналісцкіх стандартаў і пісаць аб’ектыўна.

    «Гэта рэальна вельмі важна. Да 2020 года мы стараліся пісаць максімальна нейтральна. Ідэя была такая: дзяржаўныя СМІ калі не хлусяць, то перабольшваюць. І калі мы будзем аб’ектыўнымі, то людзі самі ўбачаць, што нешта з гэтай уладай не так. Таму што нават афіцыйныя лічбы выклікаюць пытанні. Зараз складана пісаць неперадузята, але мы намагаемся вярнуцца ў гэты рэжым».

    «Мы павінны паднімаць праблемы — у гэтым роля сапраўдных мясцовых СМІ, — кажа Ігар Казмерчак. — Таму што дзяржаўныя медыі нас толькі радуюць тым, што сёння ў Межава пачаўся пакос кармоў. Гэта супер, але ў Лёзна з‑за пазыкі выставілі на аукцыён камбайн. Пра гэтыя праблемы трэба казаць — толькі тады ў дыскусіі з’явяцца добрыя варыянты для іх рашэння».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024

    Стваральнікі «Медиажабы»: Матамі мы выказваем экспрэсію, а на дуэль пакуль ніхто не выклікаў

    29.10.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці