• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Трыбуна»: Мы працуем дзеля таго, каб таварышы з праборамі і начосамі не маглі спаць спакойна

    «Трыбуна» — першае беларускамоўнае незалежнае медыя пра спорт. Але яно піша не толькі пра галы і падачы. Спорт — таксама прастора для палітыкі і прапаганды. Паразмаўлялі з кіраўніком медыя Максімам Беразінскім пра місію, падтрымку аўдыторыі і чорныя спісы ў спорце.

    што чытачы б не ведалі без «Трыбуны»

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    “Мы і раней пісалі пра спорт ва ўсёй яго паўнаце, то бок і пра спартсменаў, і пра іх погляды, у тым ліку палітычныя. Напрыклад, у нас яшчэ недзе ў 2011 годзе выйшла апытанка з меркаваннямі беларускіх спратоўцаў пра забойства Муамара Кадафі. Гэта было дастаткова незвычайным для спартовага сайта”, заўважае кіраўнік “Трыбуны” Максім Беразінскі.

    Выданне і зараз імкнецца распавядаць пра падзеі ў беларускім спорце без цэнзуры і не даваць спакою беларускім чыноўнікам. Менавіта праз гэта 9 жніўня 2020 года “Трыбуну” першай заблакавалі ў Беларусі. У 2021 годзе выданню надалі статус “экстрэмістаў”, давялося выехаць у эміграцыю. 

    У рэдакцыі разумелі, што закрыццё праекта было б вельмі добрым падарункам рэжыму, кажа Максім Беразінскі.

    “Мы хочам працягваць працаваць дзеля таго, каб гэтыя таварышы з праборамі і начосамі не маглі спаць спакойна. Таму што, канешне, у любой дыктатуры ўлада хоча замесці ўсё пад дыван. І, канешне, мы ім надакучваем. Нягледзячы на тое, што мы працуем не ў Беларусі, мы ўсё адно знаходзім варыянты і крыніцы, якія дазваляюць нам распавядаць, што адбываецца ў беларускім спорце ў рэальнасці”.

    “Пасля нашых публікацый трэнеры адкрыта казалі, што існуюць чорныя спісы”

    Важнай тэмай, якую раскрыла “Трыбуна”, Максім Беразінскі лічыць чорныя спісы ў беларускім футболе. Яны з’явіліся пасля таго, як у 2020 годзе частка спартоўцаў запісвала ролікі супраць гвалту. Футбалістаў, якія ўдзельнічалі ў відэа, пакаралі забаронай на прафесію: Мінспорта стварыла адмысловы пералік тых, з кім нельга працаваць.

    “Мы паказалі, што гэтыя спісы насамрэч існуюць. У выніку частка трэнераў адкрыта казала пра спісы і тое, што яны існуюць, на падставе нашай інфармацыі. Незалежныя медыі таксама распавядалі гэтую гісторыю, і такім чынам яна стала вядомай грамадскасці. У іншым выпадку ўсе думалі б, што футбалісты проста самі скончылі кар’еру”. 

    Каманда БАТЭ страціла праз «чорныя спісы» лепшых гульцоў і скацілася да найгоршых паказчыкаў у сваёй гісторыі. Фота: ТГ-канал «БАТЭ | На желто-синей волне»

    Журналісты сачылі за развіццём гэтай тэмы і паказвалі, наколькі яна абсурдная. У выніку большая частка тых футбалістаў, якія былі пакараныя, зараз гуляюць. Але кагосьці прымусілі запісаць пакаяльныя відэа.

    “Зразумела, што ў Беларусі, не стаяць чэргі з добрых футбалістаў, каб проста выкінуць іх на вуліцу. Гэта нейкая бязглуздзіца”, кажа Максім Беразінскі.

    Рэальныя настроі не адпавядаюць гучным флэшмобам

    Адна з задачаў выдання зафіксаваць рэпрэсіі, якія адбываюцца ў беларускім спорце. Іх вельмі шмат людзей па самых розных прычынах даганяюць з дваццатага года. Усё гэта працягваецца да сённяшняга дня.

    З іншага боку, “Трыбуна” намагаецца паказваць рэальныя настроі спартоўцаў у Беларусі і тое, што яны адчуваюць, знаходзячыся ў рамках рэжыму.

    Напрыклад, перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў студзені гэтага года спартоўцаў прымушалі здымацца для праўладнага флэшмобу “Надо!” Журналісты паразмаўлялі з людзьмі, якія ўдзельнічалі ў такіх відэа.

    “Яны гэта робяць таму, што ў Беларусі адмовіцца нават ад такіх гісторый ужо небяспечна”, адзначае Максім Беразінскі. Пры гэтым высветлілася, што люзей нават не папярэдзілі, з якімі мэтамі праводзяцца здымкі.

    Падчас флэшмобу беларусаў прымушалі прасіць Лукашэнку ісці на сёмы прэзідэнцкі тэрмін. На фота: Супрацоўнікі МТЗ з плакатамі «Надо». Крыніца: BelarusTractors_official / Telegram

    Яшчэ рэдакцыя пільна назірае за выказваннямі беларускіх чыноўнікаў. Максім заўважае, што хоць так і было заўжды, але зараз асабліва відавочна яны любяць нешта прыдумаць “для краснага слоўца”. Узяць з галавы нейкую байку ці лічбу, каб было прасцей расказваць, што ва ўсім свеце дрэнна, а ў Беларусі — лепшая сістэма падрыхтоўкі спартоўцаў.

    “Мы спынілі агрэсіўную прапаганду вайны ў спорце”

    Калі летам 2024 года праходзіла Алімпіяда ў Парыжы, журналісты “Трыбуны” адсочвалі, хто з беларускіх спартоўцаў будзе дапушчаны да спаборніцтваў. У Міжнароднага алімпійскага камітэту былі пэўныя патрабаванні. Яны ўключалі тое, каб спартсмен не ўдзельнічаў у складзе нейкіх мілітарных структур. 

    Але ў Беларусі ўсе спартсмены так ці інакш прывязаныя да КДБ, ці да міліцыі, ці да іншых падобных арганізацый, тлумачыць Максім Беразінскі. Спачатку ўлады заяўлялі на спаборніцтвы ўсіх як ёсць. А потым, пасля публікацый у медыя, пачалі гэта хаваць. Для “Трыбуны” важным момантам стала не даць магчымасці лёгка з’яўляцца на Алімпіядзе такім капітанам або маёрам. Беларуская структура ў спорце складаная, МАК мог не разабрацца да канца, што да чаго. Журналісты гэтыя моманты падсвячалі. 

    У выніку “Трыбуна”, як міжнароднае выданне, сабрала “базу ганьбы” не толькі беларускіх, але і расійскіх спартоўцаў, якія падтрымлівалі вайну. На Алімпіяду ад Расіі паехалі ўсяго 15 удзельнікаў гэта менш за ўсё ў гісторы, ад Беларусі 17.

    МАК не дапусціў да Гульняў-2024 9 з 10 беларускіх барцоў. У Парыж паехаў толькі Абубакар Хасланаў (на фота). Крыніца: 024.by

    Журналісты таксама змаглі абмежаваць удзел спартоўцаў у ідэалагічных акцыях у падтрымку вайны. Раней такое часта адбывалася ў Расіі, але і беларусы маглі дазволіць сабе такога кшталту выказванні.

    “Калі мы проста пачалі гэта фіксаваць і складаць у папку, гучнай падтрымкі вайны стала значна менш. І я думаю, што гэта вельмі важная гісторыя з пункту гледжання абмежавання прапаганды. У спартоўцаў вялікая аўдыторыя, але зараз яны не могуць адкрыта выказвацца за вайну. Падтрымаў не паехаў на Алімпіяду. Такім чынам мы спынілі тую агрэсіўную прапаганду вайны, якая была ў спорце”.

    “Людзі гатовыя дапамагаць, упісвацца”

    Нягледзечы на інфармацыйную блакаду медыя з боку беларускіх уладаў, журналісты ўсё ж атрымліваюць зваротную сувязь ад аўдыторыі. Гэта дазваляе ім самім адчуваць, наколькі іх праца важная.

    Зараз фідбэк прыходзіць ў асноўным з сацсетак, бо там людзям прасцей каментаваць. Час ад часу да выдання звяртаюцца чытачы з Беларусі. Кажуць, што насамрэч нешта не зусім так, як  напісалі ў матэрыяле, ці дзеляцца дадатковай інфармацыяй.

    Максім Беразінскі ўзгадвае, што самая цёплая рэакцыя была, калі “Трыбуна” запускала беларускую версію сайта ў 2022 годзе. Да гэтага ў краіне не было беларускамоўнага медыя пра спорт.

    “Мы вырашылі, што гэта вельмі важна, і мы гэтую місію нясем. Рэакцыя людзей была вельмі пазітыўная, у тым ліку было шмат прапановаў кшталту “хочам дапамагчы з беларускамоўнай версіяй, можна без грошай, проста скажыце, што рабіць”. Мы не чакалі, што будзе настолькі цёплая рэакцыя ў людзей. Калі ты чытаеш такія лісты, то гэта вельмі ўражвае. Ты разумееш, што робіш нешта карыснае”.

    «Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання

    Яшчэ адзін яскравы момант падтрымка аўдыторыі, калі стала зразумела, што журналіста Сашу Івуліна не выпусцяць хутка з‑за кратаў. Прыходзілі прапановы асвятліць гэтую сітуацыю і ад вядомых беларусаў, з якімі раней не было ніякіх сувязяў, і ад міжнародных арганізацый.

    “Вельмі крута, калі такая еднасць здараецца. Гэта дазваляе зразумець, што тое, што мы робім, людзей кранае. Яны гатовыя дапамагаць, упісвацца”.

    “Зламаць чалавека і яго веру ў нешта больш светлае гэта вельмі складана”

    У Беларусі “Трыбуна” была адкрытай рэдакцыяй. Прыходзілі чытачы і чытачкі, ладзіліся мерапрыемствы. Даведацца пра жыццё журналістаў і пазнаёміцца з імі было нескладана.

    Цяпер сітуацыя мяняецца. Не заўжды і не ўсе хочуць публічнасці, бо гэта можа быць небяспечным. Даводзіцца паказваць чытачам, хто ёсць “Трыбуна”, працай:

    “Мы за добрыя справы. Мы супраць дрэнных гісторый. І мы паказалі гэта не толькі словамі. Шмат хто з нас вымушаны быў з’ехаць, шмат каму давялося моцна змяніць жыццё. У некаторых сустрэчы з бацькамі могуць быць раз на год ці радзей. Гэта вельмі вялікія страты для чалавека”.

    Не ўсе хлопцы і дзяўчаты, якія працуюць у “Трыбуне”, маглі ўявіць такое, кажа Максім Беразінскі. Але рэдакцыю атрымалася захаваць.

    “І гэта вельмі добры паказчык таго, што нейкі стрыжань у рэдакцыі ёсць і мы гатовыя шмат на што дзеля нашых добрых памкненняў”.

    Журналіст Трыбуны Аляксандр Івулін два гады адсядзеў за кратамі, а пасля вярнуўся ў прафесію. Фота: Insta­gram @a_ivulin

    Максім прыгадвае гісторыю журналіста “Трыбуны” Сашы Івуліна, які адсядзеў два гады па палітычным прысудзе. Але пры гэтым не страціў свайго пазітыву, імпэту да жыцця і працягвае працаваць. Зараз ён распавядае не толькі пра спорт.

    “Вельмі крута, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, ён усё адно застаўся добрым чалавекам. Гэта гісторыя паказвае, што, нягледзячы на ўсе тыя моманты, якія здараюцца ў Беларусі, зламаць чалавека і яго веру ў нешта больш светлае гэта вельмі складана”.

    “Мы звычайныя хлопцы і дзяўчаты, якія таксама цікавяцца спортам”

    У той жа час журналісты “Трыбуны” гэта такія ж самыя людзі, вельмі блізкія да сваіх чытачоў, кажа Максім Беразінскі.

    “Мы звычайныя хлопцы і дзяўчаты, якія таксама цікавяцца спортам, як і шмат людзей у свеце. Проста мы можам пра гэта цікава распавядаць. Наша аўдыторыя ведае, што мы можам быць крэатыўнымі, калі трэба атрымаць інфармацыю”.

    Максім узгадвае, як яшчэ ў Беларусі БАТЭ забараніў “Трыбуне” прысутнічаць на сустрэчы каманды з заўзятарамі.

    “Мы выйшлі з сітуацыі такім чынам, што Саша Івулін пераапрануўся ў балельшчыка БАТЭ, і яго ніхто не пазнаў. Ён напісаў адтуль рэпартаж, і гэта было прыкольна. Нестандартна і крэатыўна, і мы змаглі зрабіць сваю працу. Старшыня БАТЭ, на той момант Анатоль Капскі, быў крыху раз’юшаны, але потым доўга яшчэ смяяліся з гэтай гісторыі”.

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Чаму важныя не толькі навіны

    Без “Трыбуны” чытачы не ведалі б праўду пра тое, што адбываецца ў беларускім спорце, упэўнены Максім Беразінскі. 

    “Бо яе заўжды намагаюцца замаўчаць, не сказаць, перайначыць. Таму мы стаім, так бы мовіць, на стражы, і кантралюем, каб там людзі не неслі зусім нейкую акалесіцу”.

    Але спорт гэта яшчэ і эмоцыі, падкрэслівае кіраўнік “Трыбуны”. І рэдакцыя спрабуе адшукаць сваю ідэальную формулу, каб сумяшчаць навіны — не заўсёды прыемныя, і той складнік, які дазваляе чытачам выдахнуць і перавесці ўвагу.

    “У людзей часта бывае патрэба ў тым, каб проста парадвацца за любімую каманду ці перажыць напружаны момант. Мы дапамагаем перажываць гэты момант разам з намі. Мы паказваем тыя ці іншыя абставіны, пры якіх гэты момант здарыўся. Таму хочацца, каб нас разглядалі не толькі як людзей, якія інфармуюць, але і як сучаснае медыя, якое выконвае розныя функцы — у тым ліку і забаўляльную”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці