• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Витебский курьер news»: Наш галоўны план — выжыць

    «Витебский курьер news» гэта медыя, якое ўжо пяты год трымаецца на энтузіязме аднаго чалавека яго ўладальніка і галоўнага рэдактара Аляксандра Корнышава. Нягледзячы на недахоп сродкаў, хваробу, працу без калектыву, ён працягвае абнаўляць сайт і строіць планы на будучыню.

    Паразмаўлялі з Аляксандрам Корнышавым пра штодзённыя выпрабаванні, два паралельныя «Кур’еры», супраціў прапагандзе і таямніцы мясцовых бюджэтаў.

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    «Витебский курьер news» пачынаўся ў 2019 годзе як пераемнік «Витебского курьера» найстарэйшага выдання Віцебшчыны. Газета з такой назвай існавала яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, а пасля была адноўленая ў 1989 годзе намаганнямі мясцовых журналістаў Уладзіміра Базана і Ігара Лейкіна. У 2019 наступная ўладальніца Вольга Карач прадала дамен мінскаму бізнесоўцу з умовай захаваць медыя. 

    Праз пару тыдняў новы ўладальнік пасварыўся з калектывам, і рэдакцыя засталася без сайта. Так у Віцебску з’явіліся два «Кур’еры» той, што развівае прадпрымальнік з Мінска, і «Витебский курьер news». Яго стала выдаваць былая рэдакцыя пасля таго, як Аляксандр Корнышаў стварыў новы сайт і дапамог набыць новы дамен.

    «Немагчыма, каб мы сталі другімі “Віцьбічамі”»

    «У свой час мы пачыналі з кавіду, гэта было важна. Можна сказаць, што і рэдакцыя тады аднавілася, па вялікім рахунку, з кавіду. Пісалі праўду пра тое, што адбываецца ў горадзе. На нас выходзілі іншыя СМІ і запытвалі інфармацыю. Бо, як вы памятаеце, кавід у Беларусь прыйшоў з Віцебска», узгадвае Аляксандр Корнышаў.

    Пасля былі прэзідэнцкія выбары, пра якія «Кур’ер» таксама пісаў вельмі актыўна. Корнышаў быў адным з нешматлікіх віцебскіх журналістаў, якія асабіста асвятлялі маршы і акцыі. У лістападзе 2020 года яму давялося з’ехаць з краіны, калегі засталіся ў Беларусі. 

    У той перыяд Аляксандр займаўся тэхнічнымі пытаннямі сайта і выступаў як камерцыйны дырэктар. Кантэнтам займалася рэдакцыя. У 2021 годзе супрацоўнікі ўзнялі пытанне пра самацэнзуру. Пазіцыя Корнышава, насупраць, была ў тым, каб захоўваць непраўладную пазіцыю і асвятляць палітычныя падзеі.

    «Я разумеў, што калі мы прыбярэм гэты сегмент, то пасля трэба будзе прыбраць і сацыялку, і гэтак далей. І што, мы тады станем другімі “Віцьбічамі”? Не, гэта немагчыма».

    У выніку супрацоўнікі сышлі з рэдакцыі. Аляксандр Корнышаў кажа, што цалкам прымае гэта рашэнне, бо займацца незалежнай журналістыкай унутры краіны ўжо немагчыма. Але працягваць справу давялося самому, у вельмі цяжкі перыяд: вайна, пераезд з Украіны ў Германію, праблемы з легалізацыяй, новая эміграцыя ў Польшчу, адсутнасць сродкаў, а пасля нечаканая хвароба, якая перакрэсліла ўсе планы.

    «Віцебскі кур’ер news»: Наш галоўны план — выжыць

    Аляксандр Корнышаў. Скрыншот відэа

    «Канешне, праца была нерытмічная. У самыя складаныя часы сайт проста быў я неяк знаходзіў сродкі на хостынг. Натуральна, нашыя магчымасці зменшыліся», прызнае Аляксандр Корнышаў. І ў той жа час дадае, што зробіць усё, каб захаваць выданне, а разам з ім незалежную інфармацыю для жыхароў Віцебшчыны. 

    Пра што мы б не ведалі без «Витебского курьера news»

    Як лакальнае СМІ «Витебский курьер news» шмат піша пра мясцовыя падзеі і праблемы усё тое, што хвалюе звычайных жыхароў Віцебска. Аляксандр Корнышаў адзначае, што зараз няма рэсурсу на лангрыды ці аналітыку, таму выданне засяроджваецца на стужцы навін. Але нават у такіх умовах атрымліваецца здабываць інсайды ці адшукваць у адкрытых крыніцах інфармацыю, якую не будуць публікаваць дзяржСМІ або паралельны «Витебский курьер» з прычыны самацэнзуры.

    Пра адказных за пажар у гандлёвым цэнтры

    У снежні 2024 года ў Віцебску згарэў буйны гандлёвы цэнтр «Беларусь», пацярпелі людзі. «Витебский курьер news» тады сабраў інфармацыю пра ўладальніка гэтай пляцоўкі Віктара Вялюгу. Высветлілася, што гэта не першы пажар на ягоным аб’екце. У той жа час Вялюга рабіў гучныя заявы пасля трагедыі ў расійскім Кемераве, што ў Віцебску не паўторыцца «Зимняя вишня».

    «Гэты гандлёвы цэнтр быў пабудаваны на месцы былога кінатэатра з выкарыстаннем старых канструкцый. Напэўна, ён эканоміў, не ўсе нормы выконваў. Людзі тады вельмі цікавіліся гэтай тэмай, шукалі інфармацыю, і мы адказвалі на запыт», адзначае Аляксандр Корнышаў. 

    Праз некаторы час пасля публікацыі Вялюгу затрымалі. Але на сёння вядома, што прысуд яму вынеслі не за пажар, а за «экстрэмізм». Дарэчы, зусім нядаўна «Витебский курьер news» паведаміў пра яшчэ адзін пажар на аб’екце гэтага прадпрымальніка.

    Пра грошы, што сышлі з мясцовага бюджэту на сцягі

    «Витебский курьер news» падлічыў, колькі грошай пайшло на ўсталяванне «бясплатнага» флагштока каля лядовага палаца ў Віцебску. Гарадскія ўлады падкрэслівалі, што аб’ект з’явіцца дзякуючы спонсарам. Аднак выданне высветліла, што на добраўпарадкаванне пляцоўкі вакол флагштока спатрэбілася амаль два мільёны рублёў з бюджэтных сродкаў, то бок з падаткаў гараджан.

    Інфаграфіка: vkurier.org

    А ў Шаркаўшчынскім раёне самым бедным у вобласці, вырашылі зрабіць адразу дзве інсталяцыі са сцягоў. Грошы на іх таксама адшукалі ў мясцовым бюджэце.

    Пра канфлікт калгасаў з ваенкаматамі

    З банка судовых рашэнняў выданне даведалася, што беларускія ваенкаматы масава судзяцца з кіраўнікамі калгасаў, бо апошнія не могуць даць тэхніку для «мабілізацыйных мерапрыемстваў». Гэты факт паказвае, з аднаго боку, стан беларускіх сельгаспрадпрыемстваў, а з іншага тыя працэсы, якія спрыяюць паступовай мілітарызацыі краіны.

    Дарэчы, аналіз судовых рашэнняў падсвечвае і іншыя тэндэнцыі. Напрыклад, «Витебский курьер news» выявіў, што справы супраць нелегальных мігрантаў сапраўды канцэнтруюцца ў памежных рэгіёнах, як бы ўлады не спрабавалі казаць, што праблемы няма.

    «Пісаць пра рэпрэсіі гэта місія»

    Адметна, што самыя папулярныя матэрыялы на сайце менавіта пра горад і гарадскія падзеі. 

    «Вось, напрыклад, лазню з 2011 года ніяк дабудаваць не могуць. А паралельна некалькі гадоў абмяркоўваюць будаўніцтва аквапарка ў розных частках горада. Людзям гэта важна, яны на наш сайт прыходзяць.

    Мы робім стужку: што, дзе, калі. Да крымінальнай хронікі. На маю думку, нічога дрэннага ў гэтым няма мы мясцовы рэсурс. Лепш няхай у нас чытаюць, чым на праўладных. Напрыклад, дарожна-траспартнае здарэннне — збілі дзіця, высветлілася, што за стырном быў святар. Ні ў водным дзяржСМІ пра гэта не напісалі».

    Разам з тым рэдактар канстатуе, што ў Беларусі сталі мала чытаць пра палітыку і рэпрэсіі.

    «Асабліва цяпер, калі баяцца. Калі нейкаму невядомаму чалавеку, з якім ты не знаёмы асабіста, далі тэрмін то гэта ўжо не так цікавіць людзей, як было спачатку. Але гэта місія каб такая інфамацыя была бачная. Бо калі гэта ёсць, значыць, гэта трэба паказваць».

    Аляксандр Корнышаў: «Віцебскі кур’ер NEWS» быў маім пропускам на блокпастах

    «Была паніка, падпісчыкі «выміралі»»

    У 2022 годзе беларускія ўлады абвясцілі «Витебский курьер news» «экстрэмісцкімі матэрыяламі», некалькі разоў блакавалі сайт. Ужо два разы Аляксандру Корнышаву даводзілася выцягваць яго з «ямы» пасля страты падпісчыкаў.

    «У нас была добрая аўдыторыя для мясцовага СМІ, нават у той сітуацыі, калі не было журналістаў. Але паказчыкі вельмі моцна ўпалі пасля блакіроўкі напрыканцы 2021 года. А калі ў студзені нас зрабілі «экстрэмістамі», пачалася паніка. Людзі проста «выміралі». Героі і аўтары прасілі выдаліць артыкулы, сацсеткі сталі пусцець. Калі ў цябе рэспубліканскае СМІ то, можа, гэта не так адчувальна. У нас жа не было мільённых праглядаў».

    У другі раз люстэрка выдання заблакавалі акурат у дзень прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня 2025 года. Прычым толькі ў Віцебску бо яго чыталі менавіта адтуль. Тады паказчыкі сайта ўпалі з 3–4 тысяч да 100 унікальных карыстальнікаў у дзень.

    Але Аляксандр Корнышаў не губляе надзею. Зараз ён ізноў перазапускае сайт і шукае магчымасці для ўстойлівага фінансавання. У планах развіваць відэафарматы і выходзіць на новыя пляцоўкі.

    Дарэчы, для падтрымкі рэдакцыі адкрыты збор на BYSOL

    Як працуе рэдакцыя «на паўтара чалавека»

    Дапамагаюць тэхналогіі, кажа рэдактар. Сваім галоўным прыярытэтам ён вызначыў захаванне сайта. Каб штодзённа сачыць за навінамі, Аляксандр Корнышаў вывучыў усе даступныя моўныя AI-мадэлі і на іх падставе стварыў праграму, якая аўтаматычна збірае інфармацыю па ключавых словах. Пасля штучны інтэлект піша рэрайты, якія можна адрэдагаваць.

    Пакуль на развіццё сацсетак не хапае рэсурсаў, прасоўваць кантэнт дапамагае SEO-аптымізацыя. Але нядаўна, паводле слоў Корнышава, Яндэкс змяніў алгарытмы і пачаў песімізаваць незалежнае медыя. 

    Зараз у «Витебского курьера news» няма магчымасці пашырацца, а сам ўладальнік жартам апісвае свой штат як «паўтара чалавека». Апошнім часам медыя супрацоўнічае з аўтарам, які дапамагае здабываць уласную інфармацыю.

    «Нейкія інсайды да нас даходзяць: у Віцебску засталіся знаёмыя, ёсць дыяспара. Плюс маніторынг сацсетак. Калі-нікалі нам пішуць, просяць штосьці апублікаваць. Мы ставім вельмі акуратна. Я баюся гэтага зараз, бо не магу браць адказнасць. Калі б была каманда, з якой хаця б можна было абмеркаваць публікацыю, было б прасцей».

    Найбольш чытаныя матэрыялы «Витебского курьера news»  — пра падзеі і праблемы Віцебска. Скрыншот: vkurier.org

    Але галоўныя цяжкасці звязаныя з адсутнасцю фінансавання. Вялікай праблемай Аляксандр Корнышаў называе тое, што беларускія медыі атрымліваюць, як правіла, праектную падтрымку, а не інстытуцыянальную. Напрыклад, у 2023 годзе ў «Витебского курьера news» была падтрымка ўсяго на тры месяцы.

    «Гэта не можа дапамагчы. Тут што ні прыдумляй, усё роўна нічога не зробіш. Бо як на тры месяцы штат набіраць?»

    «Нават калі ў мяне сто чытачоў з Віцебска, я лічу, што я штосьці зрабіў»

    «Витебский курьер news» застаўся адной з апошніх незалежных крыніц інфармацыі для жыхароў горада. Сёлета з прычыны ціску ўладаў закрыліся два медыяпраекты суполка ў Face­book «Навіны Віцебска» і адно з найстарэйшых мясцовых выданняў «Народныя навіны Віцебска»

    Таму працаваць далей і не спыняцца прынцыповая справа для «Витебского курьера news». Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны і выгаранне.

    «Мне цяжка, меркаваў, што будзе трохі прасцей. Тут яшчэ эмацыйны складнік. Калі ў цябе ўсё экстрэміскае — сайт, асабістыя старонкі ў сацсетках. Некаторыя нават пісаць мне баяцца. Калі няма грошай, калі ты не можаш нават жыллё аплаціць.

    Але мне дапамагае думка, што акрамя мяне ніхто больш гэта рабіць не будзе. І яшчэ тое, што “Витебский курьер news” хаця б будзе жыць.

    А выгаранне ну, яно ёсць, з ім трэба працаваць далей. Я выгарэў ужо, можа, гадоў дзесяць таму і тут выгараю пакуль усё нармальна. У мяне ніколі не было момантаў, калі б я думаў, што “Витебский курьер” трэба закрыць. Я чытаў яго яшчэ ў юнацтве. Гэта СМІ, якое існавала з 1906 года. Не хацелася б, каб яно знікла. 

    Таму місія і ў тым, каб захаваць сайт і выданне для будучыні. І нават калі ў мяне сто чытачоў з Віцебска, я лічу, што я штосьці зрабіў. 

    Значыць, гэтыя сто чалавек прачыталі штосьці цікавае і без цэнзуры. Распавялі родным, блізкім — іх стала больш за сто. А гэта азначае прабоіну ў прапагандысцкай машыне. Ёй дапамагае ўлада, яна зараз расце па праглядах. Таму што, канешне, калі перакрыць увесь кісларод назалежным медыям і тэхнічна, і ідэалагічна, і па чалавечым рэсурсе тады нічога, апроч прапаганды, не будзе. Калі так, то наша місія простая, без нейкіх вялікіх планаў: выжыць».

    Без нас вы б не ведалі…

    «…пра Віцебск. Вы проста чыталі б дзяржаўныя СМІ і не ведалі праўду. Гэта высакамоўна, вядома, гучыць, бо праўда ва ўсіх свая. Але пра многія рэчы вы не пачулі б увогуле. Яны ёсць, але вы пра іх не даведаліся б».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці