Ці здольны штучны інтэлект падмяць пад сябе журналістыку?
Пагрозы і магчымасці, якія нясе штучны інтэлект, на міжнароднай канферэнцыі ў Бруселі абмяркоўвалі палітыкі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і журналісты. Беларускую асацыяцыю журналістаў на форуме прадстаўляў юрыст Прававога цэнтра арганізацыі Яўген Пыльчанка.

Яўген Пыльчанка. Фота: з сайта defendersbelarus.org
7 траўня ў Бруселі пад эгідай ЮНЭСКА прайшла міжнародная канферэнцыя «Рэпартажы ў новым дзіўным свеце – уплыў штучнага інтэлекту на свабоду прэсы і СМІ». Сустрэча была прымеркаваная да Сусветнага дня свабоды прэсы, на ёй абмяркоўвалі ўплыў штучнага інтэлекту на медыясектар і на свабоду прэсы. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі журналісцкіх арганізацый, палітычных інстытуцый і міжнародных структур, у тым ліку ААН і АБСЕ.
Галоўная тэма абмеркавання — выклікі, якія ставіць перад сусветнай медыясупольнасцю пашырэнне ўжывання ШІ, і магчымасці.
Палітыкі і прадстаўнікі міжнародных арганізацый казалі пераважна пра пагрозы, якія нясе ўжыванне штучнага інтэлекту, журналісты — пра магчымасці. Але ўсе сышліся на думцы, што ШІ неабходна кантраляваць.
Нельга адмаўляць той факт, што ШІ трансфармуе журналістыку. Найноўшыя тэхналогіі прапаноўваюць інструменты, якія паляпшаюць журналісцкія расследаванні, дапамагаюць у стварэнні кантэнту і праверцы фактаў. ШІ забяспечвае большую эфектыўнасць, шматмоўную даступнасць і палепшаны аналіз дадзеных. Аднак гэтыя дасягненні таксама нясуць рызыкі: дэзінфармацыя, тэхналогія deepfake, перадузятая мадэрацыя кантэнту і пагрозы сачэння за журналістамі. Акрамя таго, роля ШІ ў мадэлі медыябізнесу выклікае перасцярогі, як медыйшчыкам атрымаць справядлівую ўзнагароду за журналісцкі кантэнт, які выкарыстоўвае штучная сістэма. Некаторыя медыяменеджары ўголас заяўляюць пра пагрозу пры новым тэхналагічным раскладзе жыццяздольнасці СМІ.
Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні заахвочвання і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды медыяў Ян Брату, спікеры рэгіянальных арганізацый па абароне правоў чалавека мяркуюць, што пашырэнне ўжытку ШІ нясе пагрозы як для спажыўцоў інфармацыі, так і для журналістыкі. Адна з найбольш маштабных праблем — распаўсюд непраўдзівай інфармацыі і фэйкаў.
Як выявы, створаныя штучным інтэлектам, змяняюць фотажурналістыку і ўсё нашае жыццё
Выступоўцы адзначалі, што адказнасць за «творчасць» штучнага інтэлекту ляжыць на чалавеку, які, адпаведна, мусіць кантраляваць сваё дзецішча.
— Бескантрольнае пашырэнне штучнага інтэлекту можа падмяніць сабой журналістыку, — папярэджвае Яўген Пыльчанка.
Бразілія думае пра кампенсацыю «настаўнікам» ШІ
Разам з тым, журналісты на форуме падзяліліся досведам нетрадыцыйнага выкарыстання штучнага інтэлекту.
Венесуэлу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2024 года ахапілі пратэсты супраць фальсіфікацый, на якія рэжым Мадура адказаў пераследам і рэпрэсіямі. Венесуэльскія журналісты стварылі два штучныя аватары, якія расказвалі насельніцтву навіны пра рэпрэсіі ў краіне. Як вядома, дыктатарскія рэжымы дзейнічаюць аднатыпна: хочаш схаваць праўду — заткні раты журналістам. Але аватарам на раток не накінеш нараток. Пад гэтай ідэяй аб’ядналіся большасць незалежных медыяў і выдавалі актуальную інфармацыю пра падзеі ў краіне.
Прадстаўніца ўраду Бразіліі Ніна Сантуш (Nina Santos) падзялілася вопытам, як у краіне выпрацоўваюць заканадаўства па рэгуляванні штучнага інтэлекту.
Еўразвяз першым у свеце прыняў закон пра рэгуляванне ШІ, які ўступіў у сілу 1 жніўня 2024 года.
Бразілія падхапіла гэты працэс, свой закон пабудавала на трох кітах: сумяшчальнасць з правамі чалавека, адпаведнасць стандартам правоў чалавека, шырокае кола абавязкаў, якія ўскладаюцца на распрацоўшчыкаў, распаўсюднікаў, карыстальнікаў ШІ, і кампенсацыя аўтарам твораў, што выкарыстоўваюцца для навучання штучнага інтэлекту.
У Бразіліі ставіцца пытанне, каб аўтары «вучэбных» матэрыялаў для ШІ атрымлівалі кампенсацыю.
Віктар Марчук: ШІ ў журналістыцы дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку
Штучны інтэлект: эканамічнае вымярэнне
Журналісты незаможных краін, як Малдова ці Перу, не маюць доступу да сучаснага праграмнага забеспячэння, што стварае няроўныя ўмовы працы.
Выступоўцы казалі, што агульная сітуацыя са свабодамі, з правамі меншасцяў пагаршаецца ва ўсім свеце. А штучны інтэлект часта вучыцца — і, адпаведна, працуе — на стэрэатыпах, што таксама ўплывае на правы меншасцяў. Напрыклад, стэрэатыпнае мысленне пра ролю мужчын і жанчын адбіваецца на штучным інтэлекце, які ўжо генеруе кантэнт, зыходзячы з атрыманых ярлыкоў.
З Афрыкай штучны інтэлект зусім дрэнна працуе: афрыканскія мовы дрэнна распрацаваныя, ШІ з насцярожанасцю ставіцца да цёмнага колеру скуры. Стэрэатыпы пра жанчын, якія генеруе ШІ, таксама ўплываюць на лічбавы гвалт у дачыненні да жанчын і ўвогуле на іхнія правы.
Гэта таксама сур’ёзны выклік, пра які гаварылі многія выступоўцы.
