• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Грамадскае вяшчанне Грузіі: хроніка бесперапыннага крызісу

    «Грузінскія грамадскія СМІ не апраўдваюць сваёй ролі, прынамсі так лічаць грузінскія ўлады», — расказаў у размове з БАЖ адзін са стваральнікаў грамадскага вяшчання ў Грузіі, медыяэксперт Звіяд Карыдзэ. Зараз абмяркоўваецца магчымасць продажу грамадскіх СМІ, але чаргі з пакупнікоў пакуль не назіраецца.     

    грузінскі медыяэксперт Звіяд Карыдзэ

    Медыяэксперт Звіяд Карыдзэ. Фота: з архіва суразмоўцы

    Праект «Грамадскія СМІ: міжнародны досвед» — гэта працяг даследавання БАЖ па фарміраванні сістэмы грамадскіх СМІ ў Беларусі. У першай частцы мы разглядалі заканадаўчую базу для стварэння грамадскага тэле- і радыёвяшчання, другая прысвечана вывучэнню адпаведнага вопыту краін нашага рэгіёна. Медыяэсперты і асобы, якія стаялі ля вытокаў сістэмы грамадскіх СМІ ў розных краінах, падзяліліся з БАЖ сваім досведам і рэкамендацыямі для Беларусі, а таксама расказалі, якіх памылак варта пазбягаць. 

    Грамадскае радыё і тэлебачанне ў Грузіі з’явілася ў 2004 годзе, калі прэзідэнтам стаў Міхаіл Саакашвілі. Быў прыняты «Закон аб вяшчанні», згодна з ім грамадскі вяшчальнік стаў незалежнай ад уладаў установай, якая кіруецца Апякунскай радай.   

    У склад грамадскіх СМІ ўваходзяць Першы і Другі каналы грузінскага тэлебачання, Першы і Другі каналы грузінскага радыё. Асобная адзінка — Аджарскае радыё і тэлебачанне Грамадскага вяшчальніка.  

    Першыя крокі 

    — Грузінскі грамадскі вяшчальнік быў створаны на базе дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Грузіі. Кіраваліся досведам суседняга Азербайджана. Там, калі паўстала пытанне ўступлення краіны ў склад Рады Еўропы, адной з умоў было стварэнне грамадскага вяшчальніка. Прэзідэнт Гейдар Аліеў не разумеў, чаму не павінна існаваць дзяржаўнага тэлебачання, аднак было прынята «саламонава рашэнне»: калі Рада Еўропы хоча, каб быў грамадскі вяшчальнік, а мы жадаем увайсці ў Раду Еўропы, тады мы дзяржаўнага вяшчальніка трасфармуем у грамадскага і самі для сябе будзем лічыць яго такім.  

    У Грузіі таксама пайшлі па гэтым шляху і стварылі грамадскі вяшчальнік на базе дзяржаўнага радыё і тэлебачання. То-бок пакінулі  матэрыяльна-тэхнічную базу, усе актывы і пасівы, супрацоўнікаў.  Першапачаткова працэс пачынаўся яшчэ пры прэзідэнце Шэварднадзэ ў 1997–98 гадах, пасля быў замарожаны і запушчаны па новай у 2004 годзе.

    Крызіс грамадскіх СМІ ў Польшчы: ці дапаможа рэформа?

    Спробы вырвацца з‑пад уплыву палітыкаў  

    — Было прынята рашэнне, што генеральнага дырэктара грамадскага вяшчальніка прызначае Апякунская рада, а саму Раду — парламент. У першай рэдакцыі закона было палажэнне, што ў склад Рады ўвойдзе 9 чалавек. Гэта былі не палітыкі, а прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый, якіх вылучала і парламенцкая большасць і парламенцкая меншасць. Але…

    Калі ў парламенце большасць у адной партыі, яны заўсёды могуць «прасунуць» сваіх кандыдатаў. Так адбывалася і пры «Грузінскай мары» і пры «Адзіным нацыянальным руху».

    Першы крызіс у грамадскім вяшчанні быў яшчэ ў 2007 годзе, калі ў эфір выйшла праграма «Ад лістапада да лістапада». Яе падрыхтавала Генеральная пракуратура Грузіі, а не журналісты тэлеканала. У фільме паказалі палітыкаў, грамадскіх дзеячоў і казалі наўпрост, што гэта «агенты Расіі». Пазней Саакашвілі, канешне, папрасіў прабачэння, але ў той момант адпаведная рыторыка была патрэбна «правячым колам». Скандал на грамадскім тэлебачанні перарос у адстаўку прэзідэнта Ніно Бурджанадзэ. Наступным прэзідэнтам стаў зноў Міхаіл Саакашвіші.

    Зразумела, з‑за таго скандалу прыйшлося пайсці ў адстаўку генеральнаму дырэктару тэлеканала. Склала паўнамоцтвы і Апякунская рада.    

    Пасля гэтага ў 2008 годзе, не зменяючы закон, была прынята новая норма пра Апякунскую раду: яе вырашылі зрабіць па прынцыпы «кватавання»: 4 кандыдаты ад правячай партыі, 4 — ад апазіцыі, і адзін — незалежны.

    Такая Рада была абрана і парламент яе зацвердзіў. У пачатку 2008 году я ўдзельнічаў у выбарах генеральнага дырэктара грамадскага вяшчання. Тады ў другі тур выйшлі тры чалавекі — я і яшчэ два кандыдаты. Тыя кандыдаты атрымалі: адзін пяць галасоў, другі — чатыры. Атрымалася дзіўная сітуацыя, што дзевяты сябра Апякунскай рады спазніўся на галасаванне і, калі яна ўвайшла ў залу, то сказала, што прыйшла як вырашальны голас. То-бок, яна дакладна ведала, за каго ёй трэба будзе прагаласаваць.

    грузінскі медыяэксперт Звіяд Карыдзэ

    Медыяэксперт Звіяд Карыдзэ. Фота: з архіва суразмоўцы

    Я пасля гэтага ў адным з часопісаў напісаў артыкул пад назваю «Праект «Закрытае грамадства: Грузія»». Таму што ўсе ўсё ведалі і ўсе ў гэтых працэсах ўдзельнічалі. Зразумела, адпаведная сістэма заўсёды стварае палітычныя рычагі. Калі ў 2013 года змянілася ўлада ў Грузіі, я і мае аднадумцы вырашылі трансфармаваць грамадскае вяшчанне. 

    Згодна з новаўвядзеннямі ад 2023 года Апякунская рада грамадскага вяшчальніка складаецца з 11 сябраў. Дваіх прызначае парламент Грузіі па прадстаўленні амбудсмена, траіх — па прадстаўленні фракцый, якія ўваходзяць у парламенцкую большасць, траіх — па прадстаўленні фракцый, якія ўваходзяць у парламенцкую апазіцыю, і траіх — па прадстаўленні Вярхоўнага Савета Аджарскай Аўтаномнай Рэспублікі.  

     Асобны канал для Аджарыі

    — Апроч грамадскага тэлебачання ў Грузіі існаваў перажытак савецкага часу — Аджарскае тэлебачанне. Гэтае тэлебачанне яшчэ было дзяржаўным пры Аслане Абашыдзэ (кіраўнік Аджарскай аўтаномнай рэспублікі да 2004 года). Пасля так і засталося, і ў яго была незразумелая формула: нібыта недзяржаўнае тэлебачанне, але наўпрост яно мела субсідыі з мясцовага бюджэта.

    Тады была прапанавана наступная формула: адзін вяшчальнік — два тэлебачанні. Таксама была прапанавана схема перафарматавання праўлення гэтага тэлебачання, каб яно функцыянавала па прынцыпах грамадскага вяшчальніка.   

    Змянілася і сістэма фінансавання тэлебачання Аджарыі. Ад самага пачатку фінансаванне грамадскага вяшчальніка прапаноўвалася па брытанскай схеме. Прадстаўнікі BBC казалі, што трэба ўвесці новы падатак на тэлебачанне. Аднак ўвядзенне новага падатку ў такіх краінах, як Грузія, не працуе. Тады была прынята зусім іншая форма фінансавання – працэнт ад агульнага дабрабыту.

    Згодна з законам «Аб вяшчанні» фінансаванне грамадскага вяшчальніка ў Грузіі ажыццяўляецца з дзяржаўнага бюджэта і складае не менш за 0.14% ВУП.

      «Я хацеў бы мець у Грузіі вяшчанне падобнае да BBC»

    — Мяне не задавальняе, як сёння функцыянуе грамадскі вяшчальнік у Грузіі. Я на ўсіх магчымых сустрэчах кажу, што у нас ёсць вельмі добры шанец стварэння Грамадскай рады, напрыклад, па разнастайнасці ці па правах жанчын, і гэтыя рады маюць права прыйсці на грамадскае тэлебачанне, каб выказаць сваю пазіцыю ці прадэманстраваць сваю дзейнасць.

    Грамадскі вяшчальнік — гэта форма таго, каб людзі маглі задаваць пытанні і гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца.

    Напрыклад,  Рада па правах жанчын можа паставіць пытанні грамадскаму тэлебачанню: «Чаму вы не паказалі ніводнага рэпартажа пра тое, што адбываюцца забойствы жанчын, як крадуць кабет у Грузіі?».

    Літоўскі медыяэксперт: Стварыць грамадскае тэлебачанне ў краіне, дзе не было такіх традыцый, надзвычай складана

    Ці патрэбны ў прынцыпе ў сучасным грамадстве такі інстытут як грамадскія СМІ? Я апошнім часам спрачаюся са шматлікімі калегамі, якія выступаюць супраць грамадскага вяшчання. Я ім кажу: давайце зачынім ці прадамо грамадскае тэлебачанне. Калі будзем яго прадаваць, то хто яго набудзе? Для гэтага патрэбныя вялікія грошы. Прыватны капітал такое «барахло» набываць не будзе. Я называю гэта «барахлом», бо яны робяць дзіўныя праграмы.

    Апроч праграм ёсць шмат людзей і персаналу, якія таксама трэба будзе прадаваць. Паўстае пытанне, хто згодзен плаціць 30–40 мільёнаў даляраў у год за тэлебачанне, у якога рэйтынг 1,7% і ніякага грамадскага ўплыву няма? То-бок, ты проста пагаджаешся яго утрымліваць, бо маеш нейкую палітычную зацікаўленасць.

    У нас у Грузіі ў бліжэйшы час будуць зачыняцца два апазіцыйна накіраваныя каналы, бо іх уладальнікі не бачаць перспектыў. А што рабіць чалавеку, які не хоча глядзець палітычна ангажаваныя праграмы, а хоча інфармацыйныя праграмы, нейкае шоў ці добрыя серыялы? Я хацеў бы мець у Грузіі вяшчанне, вельмі падобнае да BBC. Калі BBC робяць перадачу — заўтра яе абмяркоўваюць у парламенце, а не наадварот. 

    грузінскі медыяэксперт Звіяд Карыдзэ

    Медыяэксперт Звіяд Карыдзэ. Фота: з архіва суразмоўцы

    — У Беларусі ніколі не існавала інстытута грамадскіх СМІ, вашыя рэкамендацыі: ці варта яго ствараць? І дайце, калі ласка, нейкія рэкамендацыі, як гэта лепей зрабіць.

    — У сучаснай Беларусі я не бачу сэнсу ў грамадскім тэлебачанні і вяшчальніку. Бо не хачу, каб Беларусь паўтарыла шлях Расіі, дзе ўзнікла грамадскае тэлебачанне, 51% якога было у руках Беразоўскага. Як можна ствараць тэлебачанне ў краіне, дзе няма ніякіх дэмакратычных інстытутаў? Лукашэнка пры ўладзе 30 гадоў — за гэты час вырасла тры пакаленні і нават бліжэйшыя пяць гадоў, пасля таго як не стане Лукашэнкі, цяжка будзе нешта змяціць. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці