• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Размова двух людзей пра тое, што баліць». Ірына Новік — пра шчырасць, эмоцыі і гарызантальныя стасункі ў падкастах

    Падзеі апошніх гадоў раскідалі беларусаў па свеце, а падкасты дапамагаюць зноў сабрацца разам, лічыць журналістка Ірына Новік. У інтэрв’ю БАЖ яна расказала, як знаходзіць тэмы для выпускаў, чаму мы стаміліся ад экспертаў за мікрафонам і што робіць падкаст цікавым для слухачоў.

    Журналістка Ірына Новік пра фармат падкастаў

    Журналістка Ірына Новік. Фота: БАЖ

    У праекце «МедыяНаватары» БАЖ расказвае пра тое, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.

    «Падкаст цяпер – гэта як некалі серыял»

    – Ірына, на вашу думку, у чым прычына папулярнасці падкастаў? 

    – Мне здаецца, што людзі, па-першае, стаміліся ад экспертаў, а, па-другое, кожны і кожная самі сталі экспертамі ў той ці іншай тэме. Твой сусед, знаёмая, аднакласніца маюць нейкі жыццёвы досвед, пра які могуць узгадаць ці напісаць у каментарах, паслухаўшы падкаст. І такі гарызантальны фармат стасункаў працуе, людзі гавораць між сабой. 

    Падкасты даюць магчымасць такой размовы ў час, калі мы не можам сустрэцца. Нас раскідала па свеце. Я нават бачу па каментарах пад падкастамі, людзі пішуць “паслухаў з цікавасцю”. 

    Вось падкаст цяпер – гэта як некалі былі серыялы. Ёсць адчуванне наўпроставай сувязі, шчырай размовы на жыццёвыя тэмы. У падкастах я і мае каляжанкі гаворым пра тое, што нас саміх хвалюе, расказываем, што памятаем, выпадкі са свайго жыцця. То бок ствараем атмасферу, у якую кожны і кожная могуць далучыцца. 

    Мне здаецца, што сакрэт папулярнасці падкастаў вось у гэтым: адчуваць сябе нароўні з тымі, хто за мікрафонам. 

    – Як сярод вялікай колькасці класных падкастаў абраць сваё? 

    – Мне нядаўна у каментах напісалі: “Так шмат крутога кантэнта, і вы туды ж”. Я думаю, што вельмі добра, калі шмат рознага. Гэта дапамагае аўдыторыі сегментавацца, збірацца ў колы па інтарэсах. Нехта ідзе на вядоўцу, нехта на тэму. Толькі так можна абіраць. Паставіць задачу паслухаць усё – гэта немагчыма. 

    – Што адрознівае добры падкаст ад дрэннага?

    – Думаю, што ўсе падкасты, якія ёсць, добрыя для таго кола людзей, якія яго слухаюць. 

    Раней было так, што на ўвесь кантэнт мы глядзелі журналісцкімі вачыма, вельмі аб’ектыўна, трэба было быць па-за сітуацыяй, не выказываць сваіх ацэнак. А ў падкастах можам падзяліцца меркаваннем пра свой досвед. Ён у кожнага чалавека розны, то для кожнага слухача ці слухачкі будуць свае крытэрыі якаснасці падкаста. 

    Калі падкаст ёсць і ён збірае пэўную аўдыторыю – гэта значыць, што ён адказвае на запыт гэтых людзей, і тады гэта добры падкаст. 

    «Я спачатку сумнявалася, ці існуе ў прыродзе столькі гродзенскіх маньякаў»

    – У вас чатыры падкасты – “Дочкі-маткі”, True Crime Hrod­na, “Гаворыць Гродна”, “Страшна-нястрашна”. Як з’яўляліся ідэі для іх?  

    – Ідэю падкаста “Дочкі — маткі” мы прыдумалі, калі Даша Гардзейчык, я і мая дачка Воля пілі ў нас дома чай і размаўлялі пра ўсякае сваё жаночае. Часта аказвалася, што дзяўчат здіўлялі нейкія мае меркаванні, а мне даводзілася прасіць тлумачэння пра нешта з іх досведу. Уласна, гэта размова і стала прататыпам падкаста.  

    Журналістка Ірына Новік пра фармат падкастаў

    Ірына Новік і Даша Гардзейчык падчас працы над падкастам «Дочкі-маткі»

    На наступны дзень у мяне быў запіс серыі пра тое, як рабіць павукоў. І я запрасіла дзяўчат далучыцца. Яны абедзьве класна працавалі ў кадры. І абедзьве сталі маімі напарніцамі. Даша — ў  падкасце “Дочкі-маткі”, а Воля — у  True Crime Hrod­na.

    Дарэчы, я спачатку сумнявалася, ці існуе ў прыродзе столькі гродзенскіх маньякаў і забойцаў, каб хапіла на 10 выпускаў.  Думала, закапаемся да часоў князя Вітаўта рыць гэтыя злачынствы. Пасля зрабілі рэсёрч і знайшлі шмат матэрыялу за апошнія 30 гадоў. 

    Падкаст “Страшна-нястрашна” мы нядаўна пачалі рабіць з псіхалагіняй Вольгай Вялічка. Мы часта разам куды-небудзь ездзім, шмат так перагаварылі тэм. Такія размовы былі вельмі прыцягальныя, Вольга прапанавала рабіць падкаст. Я сумнявалася, але ў выніку мы атрымалі моцны эмацыйны водгук на яго. 

    А самым першым маім падкастам быў  “Гаворыць Гродна” .  Першы сезон быў пра мясцовых гарадзенцаў і пра тых, хто “панаехаў”. Калега-вядоўца — гарадзенец у сёмым пакаленні, а я — не з поля, не з лесу. Мы запрашалі такіх людзей, размаўлялі на абсалютна  розныя тэмы. Другі сезон быў літаратурны, пра гарадзенскія кнігі. Трэці – пра міленіум. 

    – Чаму першы сезон падкаста “Дочкі-маткі” рабілі з эксперткамі, а другі ўжо без іх?

    – Мы сабралі зваротную сувязь ад аўдыторыі — нам сказалі, што цікавей слухаць жывых людзей. Эксперт – гэта той, хто глядзіць трошкі на цябе як на набор дадзеных. І цяпер такое не вельмі запатрабаванае. А размова двух людзей пра тое, што баліць, – так, таму другі сезон вырашылі рабіць без экспертак.

    Журналістка Ірына Новік пра фармат падкастаў

    Журналістка Ірына Новік. Фота: БАЖ

    «Сцэнара няма, толькі апорныя кропкі»

    – Цяпер часта робяць падкасты з відэа. А як лепш?

    – Аўдыё рабіць лягчэй, бо ёсць магчымасць камунікаваць дыстанцыйна. Але ў Беларусі аўдыё не вельмі слухаецца. У нас аўдыторыя прывыкла шукаць у ютубе, выкарыстоўваюць яго ў якасці пашукавіка. Наяўнасць відэа не абавязвае гледача ўвесь час глядзець на экран, але дае магчымасць час ад часу зірнуць, што там адбываецца. Мяркую, гэта проста ўжо такая асаблівасць аўдыторыі, звычка да фонавага «тэлевізара». У падкастах з відэа мы яе выкарыстоўваем.

    – Ці пішаце вы сцэнар для падкаста?

    – У нашых падкастах жорсткага сцэнара няма, толькі апорныя кропкі, на якіх базуецца сюжэт, раскрываецца тэма. Кропкі, якія трэба абмеркаваць, пра што варта пагаварыць. То бок, напрыклад, у “Дочкі-маткі” Даша не ведае, што канкрэтна я скажу, і я не ведаю, што скажа Даша, але мы абедзьве ведаем, якія пытанні будзем абмяркоўваць.

    Збору інфармацыі патрабуе True Crime Hrod­na, тут ёсць фабула  і сюжэт, але  і тут ёсць імправізацыя. Мы ўзгадваем, што рабілі ў  час, калі па горадзе хадзіў той ці іншы маньяк альбо забойца. 

    – Які жанр абраць – маналог, размова, інтэрв’ю?

    – Залежыць ад таго, як чалавек умее пабудаваць драматургію. Каб яна была добрая, трэба вучыцца пісаць: будаваць інтрыгу, шукаць кропкі павароту сюжэта — расказаць так, каб не стала сумна. Сторытэлінг – гэта важна.

    Таму, хто хоча рабіць наратыўныя падкасты, я б раіла пачытаць хаця б Блэйка Снайдэра “Спасите котика”. Ну, і таксама казкі.

    Звярніце ўвагу, як там будуецца сюжэт, і зрабіце свой падкаст па такой жа формуле. Праўда, моцны маналог — гэта не толькі пра тэхнікі і прыёмчыкі сторытэлінгу. Важна і як аўтар ці аўтарка сябе падае, як гаворыць, інтануе, наколькі яна ці ён шчырыя.

    – Які хранаметраж для падкаста лічыце добрым?

    – Залатая сярэдзіна – 20–40 хвілін, але ёсць падкасты і па паўтары гадзіны. Залежыць, ці ёсць вам пра што гаварыць. Але тут жа не прамы эфір, калі нешта не ідзе, то можна спыніцца, падумаць, як павярнуць, пасля на мантажы проста адрэзаць гэты кавалак.  

    Журналістка Ірына Новік пра фармат падкастаў

    Ірына Новік з псіхалагіняй Вольгай Вялічка размаўляюць на тэму «Чаму мы (не) баімся смерці» у падкасце «Страшна-нястрашна». Скрыншот: YouTube-канал «Цёця Іра»

    Яшчэ не варта забывацца, што цяпер добра заходзяць кароткія фарматы, – адна хвіліна. Іх глядзяць нашмат больш. Гэтым варта карыстацца. З доўгага падкаста некалькі яркіх хвілін закідваць у шортс ці рылс і распаўсюджваць іх як самастойныя прадукты.

    «Не ведаю, як вытрымліваюць тыя, у каго мільён праглядаў»

    – Якая аўдыторыя ў вашых падкастаў?

    – Гляджу па аналітыцы Ютуба, гэта ў асноўным людзі з майго пакалення –  45+  і даволі шмат старэйшых 65+. Каля 80–97% праглядаў –  з Беларусі. Лічу, што аўдыторыя такога ўзросту – гэта добра. Чым больш часу яны правядуць са мной, тым менш  будуць з дзяржаўнай прапагандай. 

    Традыцыйна ўсе гоняцца апрацоўваць маладую аўдыторыю, а я думаю, што трэба надаваць увагу і сталым людзям. Бо калі ў сталых і маладых розныя каштоўнасці, то потым, як у 2020 годзе было, сем’і расколваюцца. Трэба усё ж наводзіць масты паміж пакаленнямі. Мае падкасты пра гэта. 

    – Як вы ставіцеся да праглядаў? Напрыклад, калі чакалі, што выпуск паглядзяць 5 тысяч чалавек, а там назбіралася толькі тысяча. 

    – Я не чакала вялікіх праглядаў, бо разумела, што канкурэнцыя вялікая, а ніша ў нас вузкая. Памятаю, як Даша казала, што калі ў падкаста будзе тысяча праглядаў, яна будзе вельмі шчаслівая. А пасля ў нас атрымалася 5–6 тысяч — так яна пыталася, ці не купіла я бота-ферму. 

    Сёння нават тысяча жывых людзей – гэта ок. І калі я бачу, што глыбіня праглядаў не на 2 секунды, а большая, і людзі пакідаюць лайкі і каментары, то гэта добра. Дарэчы, адна з самых папулярных тэмаў нашага апошняга сезона была “Чаму дзеці не чытаюць?” Набралі больш за 10 тысяч. Сёння кранаюць вось такія вечныя тэмы.  

    Але прызнаюся, што разлічвала на ўмоўных 100 чалавек, якія будуць слухаць мае падкасты. Калі сабраліся тысячы, то быў страх — што ім далей сказаць, адкуль яны з’явіліся. 

    Я сама родам з горада Клецк, дзе ўсяго насельніцтва было 11 тысяч. І калі я сабе ўяўляю, што паслухаў падкаст цэлы Клецк, то робіцца страшна. Не ведаю, як вытрымліваюць тыя, у каго мільён праглядаў. 

    Журналістка Ірына Новік пра фармат падкастаў

    Журналістка Ірына Новік. Фота: БАЖ

    «Прыходзяць не толькі пагаварыць са мной, але і памаўчаць»

    – Як вы лічыце, ці мог бы такі “жыццёвы фармат” падкаста прыжыцца ў беларускіх медыях?

    – Магчыма, такія фарматы ўжо ёсць, але мы не ведаем, што за імі стаяць пэўныя медыі, бо яны маюць экстрэмісцкі статус. Можа быць інакш, калі з’явіцца нейкі блогер, які збярэ вакол сябе людзей, медыі будуць зацікаўлены, каб ён рабіў нейкі кантэнт для іх.

    Мая аўдыторыя, як мне здаецца, умее чытаць паміж радкоў, чуць паміж гукамі. Яны прыходзяць не толькі пагаварыць са мной, але і памаўчаць. Мы разумеем, пра што не гаворым у падкасце.   

    – Наколькі донары гатовыя падтрымліваць непалітычныя праекты? 

    – Як з усімі іншымі праектамі: пішаш тры заяўкі на грант, на адну атрымліваеш падтрымку. Ёсць рознага кірунку гранты — падаемся на тыя, дзе падтрымліваюць такога кшталту кантэнт. Але гэта нармальна, што не кожны донар гатовы падтрымаць тую ці іншую заяўку. Канкурэнцыя і патрабавальнасць толькі на карысць нашай журналістыцы.

    Стваральнікі «Медиажабы»: матамі мы выказваем экспрэсію, а на дуэль пакуль ніхто не выклікаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці