Як бабруйскія журналісты навучылі штучны інтэлект маляваць баброў і пісаць музыку
Беларускія медыі пачалі больш актыўна карыстацца штучным інтэлектам. Гэта можна заўважыць на прыкладзе бабруйскага сайта 1387.io.
![як медыя пра Бабруйск 1387.io выкарыстоўвае штучны інтэлект](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/b1.webp)
Выява баброў, створаная з дапамогай штучнага інтэлекту. Крыніца: 1387.io
Штучны інтэлект паступова становіцца неад’емнай часткай беларускіх медыяў. Сёння журналісты выкарыстоўваюць Chat GPT пераважана для апрацоўкі баз дадзеных, стварэння малюнкаў і графікі, а часам нават раяцца з ім як з псіхолагам. Але штучны інтэлект – гэта не толькі Chat GPT.
БАЖ адшукаў на прасторах інтэрнэту бабруйскае выданне 1387.io, якое актыўна карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі. Нейрасеткі ствараюць мазаіку з бабруйскім каларытам, малююць баброў у стылі сусветных і мясцовых мастакоў і нават пішуць музыку да аўдыёпраектаў.
Мы папрасілі прааналізаваць кантэнт выдання Змітра Смірнова — аўтара telegram-канала пра выкарыстанне ШІ ў медыях Easy AI.
У праекце «МедыяНаватары» БАЖ расказвае пра тое, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.
Мазаіка ў бабруйскім стылі ад Chat GPT
На сайце 1387.io існуе Віртуальны музей мазаікі. Паводле эксперта, база фотаздымкаў з Віртуальнага музея выкарыстаная для стварэння ўнікальнага візуальнага кантэнта: аўтары кастамізавалі Chat GPT пры дапамозе выяваў бабруйскіх мазаік і далі яму задачу — генераваць выявы ў падобным стылі.
![як медыя пра Бабруйск 1387.io выкарыстоўвае штучны інтэлект](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry1.png)
Ілюстрацыя створаная з выкарыстаннем чату GPT. Фота з сайта 1387.io
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry2.webp)
Ілюстрацыя створаная з выкарыстаннем чату GPT. Фота з сайта 1387.io
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry3.webp)
Ілюстрацыя створаная з выкарыстаннем чату GPT. Фота з сайта 1387.io
Як кажа Зміцер Смірноў, гэта не так цяжка зрабіць. Трэба загрузіць у Chat GPT базу фотаздымкаў і даць штучнаму інтэлекту падрабязныя інструкцыі – які прадукт павінен атрымацца на выхадзе.
На думку спецыяліста, Chat GPT не малюе бабруйскую мазаіку, а стварае візуал у стылістыцы бабруйскай мазаікі.
Бабры, многа баброў – у стылі Далі, Ван Гога, Рабкіна…
Стварэнне бабруйскай мазаікі – не адзіны варыянт прымянення штучнага інтэлекту ў выданні. На старонках сайта мы знайшлі цэлыя галерэі выяваў бабра, які з’яўляецца сімвалам горада Бабруйск.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry5.png)
Так штучны інтэлект бачыць спалучэнне бабра з асабняком купчыхі Кацнельсон. Выява з сайта 1387.io
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry4.webp)
Па просьбе журналістаў штучны інтэлект запусціў баброў у космас. Выява з сайта 1387.io
Баброў маляваў сэрвіс midjourney.com. Гэта праграма і служба стварэння генератыўнага штучнага інтэлекту, якая робіць выявы на падставе апісанняў на натуральнай мове чалавека.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry6.webp)
А вось бабры ў стылі бабруйскага мастака Анатоля Концуба. Выява з сайта 1387.io
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/uploads/2024/12/babry7.png)
І нарэшце бабры, створаныя пад уплывам творчасці Абрама Рабкіна. Выява з сайта 1387.io
Сайт 1387.io пры дапамозе гэтага інструмента стварыў цэлую галерэю баброў у стылі сусветных і мясцовых мастакоў – то-бок пры дапамозе штучнага інтэлекту спалучыў вядомыя мастацкія творы з гарадскім сімвалам.
Музыка для «Міфічнага Бабруйска»
Вядома, што калектыў сайта робіць на YouTube гістарычны аўдыёпраект «Міфічны Бабруйск» (выйшлі ўжо 6 выпускаў падкаста). Музыка да праекта ствараецца пры дапамозе штучнага інтэлекту.
«Ніколі не думалі, што наш горад такі цікавы». Беларускі стварылі падкаст пра міфы і легенды Бабруйска
Напрыклад, у 6 выпуску «Міфічны Бабруйск. Самая страшная турма імперыі» расказваецца гісторыя знакамітай Бабруйскай крэпасці. На працягу ўсяго аўдыёпадкаста гучыць музыка, створаная SUNO AI. І досыць арганічна ўпісваецца ў стылістыку гісторый.
Сайт абавязкова ўказвае аўтарства штучнага інтэлекту.
Даведка. Праект 1387.io створаны ў 2023 годзе. Гэта выданне пра Бабруйск і бабруйцаў. Як указана на сайце, гэта пляцоўка для ўсіх, хто любіць горад. Рэсурс расказвае пра людзей і важныя мясцовыя падзеі, урбаністыку, экалогію, адукацыю, гісторыю.
![](https://awsedrftg.sbs/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)