Кулічы і віншаванні: лунінецкія журналісты наведалі пажылых людзей у шпіталі сястрынскага догляду
Сябры Лунінецкай філіі ГА “БАЖ” разам з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа наведалі пажылых людзей, якія будуць сустракаць праваслаўнае свята ў шпіталі сястрынскага догляду.
25 красавіка ў рамках «Эстафеты добрых спраў» кіраўнік Лунінецкай філіі БАЖ Алена Насковіч, а таксама сябры філіі Таццяна Качаноўская і Вольга Соц разам са старшынёй раённай арганізыцыі Чырвонага Крыжа Таццянай Кацуба, медсёстрамі Галінай Беразюк і Марыяй Юрко парадавалі тых, хто ў гэтыя дні знаходзіцца ў шпіталі, — а гэта 22 чалавекі — кулічамі да Вялікадня. А таксама павіншавалі з надыходзячым святам і пажадалі здароўя.
Для тых, хто ў сілу розных абставінаў — слабае здароўе ды сталы ўзрост — не зможа быць на Вялікдзень дома, такі візіт стаў асабліва прыемным.
Алена Насковіч адзначыла: “Хочацца, каб у людзей, якія апынуліся ў такой цяжкай жыццёвай сітуацыі, было адчуванне свята”.
