• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы жывем у візуальную эпоху, калі добрую фатаграфію тэкст не заменіць». Сяргей Балай пра фатаграфію і страчаныя магчымасці

    Фатограф, фотарэдактар ​​Сяргей Балай разважае пра ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі свайго цэха, каштоўнасныя арыенціры і сэнс у ратацыі пакаленняў у рэдакцыях.

    Пра што ты шкадуеш?

    Шкадую аб страчаных магчымасцях. Напрыклад, я да гэтага часу не вывучыў англійскую мову. Шкадую, што не рабіў гэта ў школе. Калі б я пайшоў да той страшнай англічанкі, якая ўвесь час крычала, дык, прынамсі, ведаў бы мову.

    Што такое каханне?

    Каханне — гэта дакладна не толькі сэкс. Пражыўшы ў шлюбе сем гадоў, а знаёмыя мы з жонкай нашмат больш часу, я магу сказаць, што каханне — гэта наперш разуменне адзін аднаго. Разуменне таго, што гэта твой чалавек на тысячу адсоткаў. Калі супраць мяне будзе ўвесь свет, яна проста будзе стаяць за маёй спіной і ціха падносіць мне патроны. І я гэтак жа за яе.

    Што для цябе азначае сям’я?

    Сям’я — гэта частка цябе, і ты частка яе. Гучыць банальна. Але гэта вельмі цэласнае адчуванне свету.

    Калі ты адчуваеш сябе шчаслівым чалавекам?

    Калі добры кадр, калі дачку абдымаю, калі мы з жонкай і дачкой разам. Ды і наогул, калі ёсць, што паесці. Калі можна дзень паляжаць дома і паглядзець «Доктара Хаўса». Калі няма руціны, а яна страшна забівае прафесійна.

    Калі праца не прыносіць табе задавальненне?

    Гэта адбываецца ў тым выпадку, калі праца становіцца руцінай. І калі я бачу, што людзі «касячуць» з маімі матэрыяламі. Такое бывае на кожнай працы. Я неяк размаўляў з вельмі крутым фотарэдактарам з Даніі. Спытаў у яго, ці трэба ім тлумачыць некаторым журналістам, што ты — не абслугоўваючы персанал. Высветлілася, і ў іх такіх выпадкаў досыць. Усюды вайнушкі, непаразуменне. Я стараюся па-філасофску да гэтага ставіцца.

    Навошта патрэбныя фейк-ньюс?

    Самы відавочны адказ — нехта на гэтым накручвае лайкі, клікі, прагляды. Усё, што ў выніку прыцягвае рэкламадаўцаў і грошы. А яшчэ гэта можа быць палітычным інструментам маніпуляцыі. Тое, што нашы ўсходнія суседзі вельмі добра засвоілі, — інфармацыйная вайна. Добра, што інфармацыйныя тэхналогіі цяпер развіваюцца хутка: журналісты і звычайныя людзі пачынаюць разумець, што фэйк-ньюс — зло. Для СМІ фэйк-ньюс — гэта страта даверу вялікай аўдыторыі. Таму выдатна, што з’яўляюцца курсы, дзе людзей вучаць медыспажыванню.

    Што такое поспех?

    Для мяне поспех — гэта прызнанне ў прафесійным плане. Трэба ўвесь час рухацца наперад.

    Калі я працаваў у газеце ў Наваполацку, мне ўсе казалі, што я вельмі круты фатограф. Пасля пераезду ў Мінск, я зразумеў, што наогул нічога не ўмею. Не, не так. Я не ўмеў нават менш, чым «наогул нічога».

    Я зразумеў, што ў той момант быў абмежаваны горадам, асяроддзем, патрабаваннямі, якія мне прад’яўляліся і, якія я сам сабе прад’яўляў. Прыехаў сюды, а тут — дзвіжуха. Я зразумеў, што калі не буду ўвесь час вучыцца, глядзець-глядзець-глядзець, як робіць іншыя, то не адбудуся як прафесіянал.

    Ты верыш у Бога?

    Так.

    Для чаго патрэбна рэлігія?

    Рэлігія не патрэбна наогул. Гэта інстытут, які быў створаны людзьмі. А ў Бога я веру. На ўзроўні разумення нейкай звышсілы, якая, калі не кіруе светам, то, ва ўсякім разе, балансуе яго. Калі ты робіш зло, то яно прылятае табе ў адказ. Прынамсі, я пра гэта часам думаю.

    Верыць у тое, што намі кіруе вышэйшая сіла, напэўна, цяжка. Свет — гэта хаос. Максімум, што я магу зрабіць — гэта упарадкаваць свет вакол сябе. Крыху, калі атрымаецца.

    Што для цябе справядлівасць?

    Калі ўсе атрымліваюць па заслугах. Я зараз не маю на ўвазе негатыўную канатацыю. 

    На мой погляд, у свеце і ў жыцці вельмі мала справядлівасці, таму што мы недасканалыя.

    Людзі больш мізантропы, чым філантропы. І я ў тым ліку. Вельмі часта чакаю ад людзей падлянкі. Жыццё навучыла. Лепш быць гатовым да таго, што цябе могуць аб калена зламаць, бо пастфактум будзе горка і балюча.

    Што цябе здзівіла за апошні час?

    На мінулых выходных я ў 22-гі раз паехаў на Купалле, якое мы робім разам з гісторыка-культурным клубам «Княжыч» у Наваполацку, у які я шмат гадоў уваходжу. Кожны раз мяне здзіўляе тое, што вогнішча, якое мы робім, з кожным годам вышэй і вышэй. У гэтым годзе мы зрабілі вогнішча на дванаццаць метраў. Як мы паднялі яго — я не ведаю.

    Мяне шмат што здзіўляе. Мы, журналісты, — народ цікаўны. Калі няма цікаўнасці, то, лічы, у прафесіі ты не адбыўся. Фатографаў гэта таксама тычыцца.

    Ты верыш людзям?

    Часцей так, чым не.

    Кім ты марыў стаць, калі хадзіў у дзіцячы сад?

    Касманаўтам або лётчыкам, потым я хацеў будаваць караблі, потым хацеў быць падводнікам.

    Што з таго, пра што ты марыў, не спраўдзілася?

    Я пятнаццаць гадоў займаўся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй. На той час гэта было ўжо не хобі, а прафесія. Але ў выніку ў мяне з ёй не тое, каб не спраўдзілася, а хутчэй не склалася. Я сыйшоў, калі зразумеў, што аддаю шмат сілаў таму, што ўжо не прыносіць мне задавальнення. Калі я сам сабе ў гэтым прызнаўся, то стала лёгка.

    Быць свабодным — гэта?

    Доўгі час для мяне «быць свабодным» азначала мець магчымасць сарвацца са ста доларамі ў Варшаву. Потым гэта прайшло. Свабода — гэта магчымасць прымаць рашэнні самастойна і іх рэалізоўваць. Абсалютнай свабоды не бывае. Ты не можаш быць сацыяпатам і забіваць людзей бензапілой. Хоць для кагосьці гэта і ёсць свабода.

    Свабода — гэта свядомы выбар дзейнічаць самастойна. Свабода — гэта адказнасць.

    Любімае месца на зямлі?

    Горад Анцыё. Ён у сарака кіламетрах ад Рыма. Радзіма Нерона. Пакуль гэта адзінае месца, дзе я два тыдні сядзеў на тэрасе, піў віно, глядзеў на мора і чытаў Бродскага. У гэтым горадзе сышлося ўсё: мая любоў да верша «Лісты рымскаму сябру», выдатныя піхты, пах мора, пах ігліцы.

    Учынак, якім ты ганарышся і за які сорамна?

    Я ганаруся, што ў мяне ёсць дачка. Чым больш дарослай яна становіцца, тым я больш гэта ўсведамляю.

    Мне шмат за што сорамна. Але я стараюся ні пра што не шкадаваць. Бываюць моманты, калі займаюся самаедствам. Магу прачнуцца ў чатыры гадзіны раніцы і думаць, што і гэта не атрымалася, і гэта я зрабіў дрэнна, а вось гэта наогул трэба было інакш.

    У мяне былі моманты ў жыцці, калі я хацеў паляцець на дваццаць гадоў таму. Уяўляю, якія горы я мог бы звярнуць. Але цяпер я гэтага не хачу, таму што ў мяне ёсць дачка.

    Ты баішся смерці?

    Я баюся, што магу сыйсці занадта рана і не паспею выхаваць дачку, каб яна стала самастойным чалавек. А смерці я не баюся. Калі яна ёсць — нас няма, калі яе няма — мы ёсць.

    Табе не бывае страшна ад думкі, што нічога не будзе?

    Страшна бывае. Але мне здаецца, што з узростам гэта пройдзе. Я гляджу на сталых людзей і на тое, як яны па-філасофску ставяцца да смерці. Калі ты маленькі, то не можаш ўсвядоміць, што цябе можа не быць. Калі ты падлетак, то бесклапотна думаеш, што ўсё жыццё наперадзе. Калі табе без аднаго года сорак, то пачынаеш думаць, што неабходна хутчэй паспець многае зрабіць. Хутчэй гэта не страх, а прагматычны падыход да жыцця.

    Кніга, якая спадабалася?

    «IFUCK10» Пялевіна. Я вельмі люблю гэтага аўтара. Шмат чытаю і перачытваю. Люблю постмадэрнізм, таму што мы жывём у постмадэрнізме. Мне падабаецца, як Пялевін стварае сюжэты, хай нават і забаўляльныя. Падабаюцца яго падыходы ў літаратуры.

    Чаму Пялевін, а не Сарокін?

    Сарокін падабаецца таксама, але ён мне бывае трошкі непрыемны. Сарокін выдатна ўмее бударажыць уяўленне. Пялевін заўсёды дае сваім героям шанец.

    Кіно?

    Мяне ўразіў Гары Олдман ў фільме пра Чэрчыля «Цёмныя часы». Там кароткі адрэзак яго жыцця, але мне здаецца, што ён геніяльна яго сыграў. Заўсёды цікава ўявіць людзей, якія мяняюць ход гісторыі, якія яны ў звычайным жыцці. Чэрчыль кахаў сваю жонку, пакутаваў на алкагалізм, баяўся так жа, як і ўсе мы. Я лічу, што тое, што нас робіць чалавечным — гэта добра. Значыць ёсць душа. Мы спрабуем гэта хаваць, таму што час цяпер вельмі жорсткі.

    Бывае, пераглядаю дацка-нямецкі фільм «Мая зямля». Пра тое, як палонных хлапчукоў пасылаюць размініраваць заходняе ўзбярэжжа Даніі. А там тысячы мінаў. Яшчэ падабаецца «Арытмія».

    Deep Pur­ple або Metal­li­ca?

    Адназначна Deep Pur­ple.

    Клімт або Малевіч?

    Клімт. Ён цудоўны. Хоць мой самы любімы мастак — Ван Гог.

    Антаніёні або Феліні?

    Разумееш, сказаць Феліні — азначае сказаць усё. Антаніёні будзе больш вытанчаны. Але ўсё роўна Феліні. Ён выдатна валодае выяўленчымі формамі. Там можна наогул без тэксту.

    Вось бы ўсе пішучыя паглядзелі.

    Ведаеш, нам трэба перастаць называць іх «пішучыя». Трэба казаць — журналіст. Таму што гэта дурны падзел на «здымаючых» і «пішучых». Калі ў мяне з журналістам усё нармальна, то мы адзін аднаму дапамагаем. Я магу пытанне задаць. Калі ён не дурны, не зазнайка, то прыслухаецца. Трэба перастаць так ставіцца адзін да аднаго. Пакуль не атрымліваецца. Бо многія людзі ўпэўненыя, што яны лепш ведаюць, як рабіць тваю працу.

    Фатаграфія?

    Толькі дакументалістыка. Хоць я на квадрат люблю здымаць нешта незвычайнае. Сачу за Сяргеем Страіцелевым, за ўсімі нашымі мэтрамі, за Сяргеем Максімішыным, за Анзорам Бухарскім. Апошнім часам мне падабаецца, калі шмат паўтонаў, святло і цень, перапады, якія пераходзяць у цені, момант, які ты спыніў. Калі ўсе бязладна і хочацца сістэматызаваць, упарадкаваць, тады трэба глядзець Гронскага. Ён вельмі ўзважаны. У яго кожны кадр вывераны. Гляджу Машу Плотнікаву, Улада Сохіна.

     Які вынік тваёй фотагісторыі пра кадэтаў?

    Я вызначыў сабе ключавыя кропкі, каб раскрыць гісторыю, як я гэта бачу. Мне засталося дзве здымкі. І на гэтым пастаўлю кропку. Калі атрымаецца выдаць кнігу, будзе выдатна. Разам з чацвёртай ротай, якая выпусціцца ў наступным годзе, я ўжо тры гады. Я фатаграфаваў, як ім пагоны ўручалі. Напэўна, сфатаграфую, як яны манеткі будуць падкідваць праз год. Мне гэтыя дзеці падабаюцца. Яны моцна адрозніваюцца ад дарослых, якія іх акружаюць. Яны ўмеюць хадзіць строем, яны ўмеюць жыць правіламі, якія гэтыя дарослыя ім навязваюць, таму што інакш яны вылецяць з сувораўскага вучылішча, але ўсё роўна гэтыя дзеці па-за сістэмай.

    Сістэма патрэбная?

    Вядома. Разумееш, я калісьці думаў, што можна жыць па-за сістэмай. Але на самой справе мне здаецца, што чалавек павінен умець падпарадкоўвацца. Нельга ўвесь час ісці напралом і спрабаваць жыць толькі па сваіх правілах. Часам трэба саступаць. Таму сістэма патрэбная.

    Пытанне ў тым, якая сістэма. Заходні варыянт крыху лепшы за наш. Але з іншага боку ён больш жорсткі. Я бачыў шмат людзей, якія пасля таго, як у Літве і ў Польшчы наступіў капіталізм, не змаглі нічога з гэтым зрабіць, і ў выніку жывуць на мізэрныя пенсіі з велізарнай квартплатай. Але гэта не значыць, што наша сістэма лепшая. Проста яны не паспелі прыстасавацца.

    Калі фатаграфія важней за тэкст?

    Заўсёды. Вядома, тэкст патрэбны. Але мы жывём у візуальнай эпосе, калі добрую і своечасова дастаўленую фатаграфію не заменіць ніякі  тэкст. Фота скажа больш. Як можна апісаць забойства расійскага дыпламата ў Турцыі? Ніяк. Толькі фатаграфія. А там усё гаворыць — аж да яго сцёртых падэшваў. Такая драма на гэтай фатаграфіі.

    Мы спачатку бачым, а потым ужо ўсё астатняе.

    Якой бачыш будучыню беларускай фатаграфіі?

    У нас вельмі шмат тэмаў. І гэта не толькі этнаграфія. Мне здаецца, што ў той жа Літве куды больш сумна, чым у нас. Паглядзі, колькі грандыёзных гісторый простых людзей выцягвае часопіс «Имена».

    Што скажаш пра першы «Фотакапуснік»?

    Першапраходцам быць цяжка. Мінусаў не было наогул ніякіх, таму што гэта быў першы раз. Па пілотнай серыі прадзюсары глядзяць, зайшло ці не. У гэтым выпадку адназначна зайшло. Я, напрыклад, шмат даведаўся пра працу Onlin­er. У наступны раз трэба дакладна працаваць па фармаце.

    Планы?

    Я б хацеў пажыць пару тыдняў у мужчынскім манастыры. Па статуце, есці з імі адну і тую ж ежу, класціся спаць, уставаць. Толькі, каб мне можна было фатаграфаваць.

    Думаю, зняць міні-гісторыю на плёнку пра Купалле. Мне б хацелася зняць нешта непадобнае на рэпартаж, напрыклад, пра каханне. Патэлефанаваў Андрэю Паліканаву, Тані Плотнікавай. Параіўся. Яны мне падказалі. Потым усю ноч ішоў дождж і нічога не атрымалася. Але пяць стужак я ўсё ж зняў на працягу дня.

    Ці змагаешся з выгараннем?

    Пастаянна. Часам магу выпіць. Або бяру камеру, іду на вуліцу і здымаю. Потым нікому гэта не паказваю. Часам пачынаю здымаць на плёнку, як цяпер. У мяне быў вялікі перапынак у працы са стужкай, гады два. А цяпер хочацца фокус перабудаваць, таму вярнуўся да стужкі.

    Колер або чорна-белае фота?

    Вельмі люблю чорна-белае фота. Прычым, старое чорна-белае. Калі глядзіш тыя фатаграфіі, то здаецца, што тады бачылі так, як на фотаздымках. Але я ўсё ж абіраю колер.

    Як праходзіць твой дзень?

    Я люблю позна легчы і позна ўстаць. Прачынаюся, збіраюся, еду на здымкі або на працу. Гляджу Naviny.by, каб не было якіх-небудзь візуальных памылак, каб не праскоквалі фатаграфіі, якім нельга быць у нас, таму што за гэтыя фатаграфіі плацілі іншыя людзі. З працы еду дадому. Басейн.

    Якія СМІ ты глядзіш і чытаеш?

    Buz­zFeed, Naviny.by, «Такие дела», Meduza.io, тэлеканал «Дождь», «Еўрарадыё». «Радыё Свабода» час ад часу, не кожны дзень. Tut.by і Onlin­er гляджу. Ведаеш, я заўважыў тэндэнцыю — яны становяцца падобнымі. Толькі падыходы розныя: Tut.by — больш гуманітарны, а Onlin­er больш імкнецца да таго, каб прыйшла публіка трошкі павесяліцца, нават калі тэма сур’ёзная.

    Па фатаграфіі — Big Pic­ture, Assosi­at­ed Press, Time light­box, Dai­ly mail…

    Чаму ў нас няма культуры фотарэдактара?

    Таму што ў нас няма медыярынку. Калі б у нас быў сапраўдны капіталізм, то ўвесь рынак СМІ купілі б два-тры скандынаўскіх холдынгі, як гэта адбылося ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі. Выданні засталіся б, але была б шалёная канкурэнцыя. Пакуль у нас ёсць падзел на дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ, а сярод недзяржаўных — на больш і менш лаяльныя да ўлады, медыярынак развівацца не будзе.

    Калі ў цябе не тры СМІ, а трыццаць, і там пачынаюць казаць пра аўтарскія правы, пра якасны падыходзе да інфармацыі, бо грошы трэба зарабляць, у такім выпадку будзе фармавацца медыякультура.

    Я выкладаю на журфаку курсы павышэння кваліфікацыі. Да мяне прыязджаюць фотажурналісты з раённых СМІ. Там ёсць шмат светлых галоў, людзей, якія хочуць лепш фатаграфаваць, якія яшчэ не расчараваліся ў прафесіі. Але ўсе яны кажуць адну рэч: «Гэта ўсё класна, што ты нам распавядаеш, Сяргей, але ў выніку мы прыносім фатаграфіі галоўнаму рэдактару, якому, хутчэй за ўсё, 50–60 гадоў і, які дакладна лепш ведае, як трэба здымаць».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці