«Яны — вязні сумлення. І гэта наш боль!» Баж прастаўляе праект «Журналісты: бязгучны рэжым»
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб факты пераследу і рэпрэсій супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум, стварыла праект «Журналісты: бязгучны рэжым».

Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара
У Беларусі за кратамі трымаюць больш за сорак журналістаў і журналістак!
Уся віна гэтых людзей палягае ў тым, што яны сумленна выконвалі сваю працу, збіралі і распаўсюджвалі грамадска важную і праўдзівую інфармацыю.
Лукашэнкаўскі рэжым забраў у журналістаў свабоду, прафесію, дом, сям’ю, сяброў, калег і кінуў за краты.
Сёння яны пазбаўленыя магчымасці быць побач са сваімі роднымі, выхоўваць дзяцей, даглядаць бацькоў, займацца любімай справай і прыносіць карысць грамадству. Яны — вязні сумлення. І гэта наш боль!
Кася Будзько і Кацярына Мяць — беларускія мастачкі, якія добра знаёмыя з тым, што значыць быць журналістам у Беларусі. Кожная па-свойму візуалізавала наш праект.
Кожная праца мастачак суправаджаецца тэкстам, які адлюстроўвае роспач ад раптоўнага знікнення звычайных клопатаў і недасяжнасці простага паўсядзённага жыцця для палітычных вязняў.
У працах Касі Будзько — візуальнае вяртанне журналістаў у блізкую да іх рэчаіснасць. Мастачка пераносіць фотаздымкі журналістаў у сучасныя гарадскія ландшафты, дзе яны калісьці жылі, кахалі, працавалі, марылі. Эмацыйны кантраст паміж будзённасцю гарадскога жыцця і трагедыяй асобнага чалавека вяртае бачнасць зняволеных журналістаў. Яны — у турме. Але іх постаці працягваюць прысутнічаць у жыцці горада, у памяці людзей, у гісторыі Беларусі.
Працы Кацярыны Мяць прысвечаныя захаванню асабістай цэласнасці і чалавечай годнасці. Натхнёная метафарай мазаікі, мастачка паказвае, як чалавек у няволі праз ізаляцыю і адарванасць ад свету паўстае замкнёным і разабраным. Але каляровыя здымкі ўтрымліваюць памяць і даюць надзею на вяртанне святла ў жыццё кожнага палітвязня.
У свае творы мастачка дадала элемент глітчу — тэхналагічнай памылкі, якая адлюстроўвае несправядлівасць самога факта зняволення: турма для журналістаў — гэта збой рэчаіснасці. Гэты эфект візуальна падкрэслівае хісткасць сувязі паміж чалавекам і светам, якога пазбавілі палітвязняў. А таксама падкрэслівае патрэбу ў намаганнях аднавіць поўную карціну жыцця гэтых людзей, не даць знікнуць іх імёнам і гісторыям.
«Журналісты: бязгучны рэжым» — гэта візуальны супраціў маўклівай палітычнай тэхналогіі выцяснення. Ён аднаўляе прысутнасць тых, каго беларускія ўлады пяць гадоў імкнуцца выкрасліць з публічнай прасторы, з прафесіі, з жыцця.
Справа БАЖ — не даць ніводнага шанцу дыктатуры ўсталяваць бязгучны рэжым. Будзем гаварыць, крычаць, нагадваць, дэманстраваць гэты боль усяму свету і ўсімі даступнымі нам спосабамі.
Трымаемся праўды! Трымаемся разам!

Ён не заўзее на стадыёне з сябрамі за сваю ўлюбёную футбольную каманду. Андрэй Аляксандраў. Асуджаны да 14 гадоў зняволення.

Яна не заваблівае блізкіх сябровак у багатае на ўражанні падарожжа з відовішчным дайвінгам. Ірына Слаўнікава. Асуджаная да 5 гадоў зняволення.

Яна не можа пракаціцца на роліках, на якіх так любіла гойсаць разам з мужам. Марына Золатава. Асуджаная да 12 гадоў зняволення.

Ён не можа наведаць бацькоўскую хату, абняць сваіх дзяцей і жонку-прыгажуню. Анджэй Пачобут. Асуджаны да 8 гадоў зняволення.

Яны ніяк не могуць дачакацца спаткання — абодва цяпер за кратамі. Кацярына (Андрэева) Бахвалава асуджаная на 8 гадоў пазбаўлення волі. Ігар Ільяш — узяты пад варту.

Ён не запарвае любімую зялёную гарбату пад фільм для сумеснага сямейнага прагляду. Дзяніс Івашын. Асуджаны да 13 гадоў зняволення

Ён не ўбачыў першыя крокі дачушкі — яго арыштавалі, калі дзяўчынцы было толькі дзевяць месяцаў. Вячаслаў Лазараў. Асуджаны да 5 гадоў зняволення

Яна не радуе суседзяў вясновым выбарам прыгожых кветак для клумбы ля гарадскога шматпавярховіка. Людміла Чэкіна. Асуджаная да 12 гадоў зняволення

Ён не можа ўзяць у рукі электрагітару, каб спець з сябрамі песні слынных беларускіх рок-гуртоў. Яўген Меркіс. Асуджаны да 4 гадоў зняволення.

Яна не патрапіла на выпускны вечар свайго адзінага сына. Ларыса Шчыракова. Асуджаная да 3,5 гадоў зняволення.

Яна не можа дзяліцца парадамі, як ашчадна клапаціцца пра гарадскіх птушак і як сваімі звычкамі не нашкодзіць свету вакол нас. Алена Цімашчук. Асуджанная да 5 гадоў зняволення.

Ён не можа чытаць сыну казкі перад сном. А малы ўпэўнены, што тата ловіць у беларускіх лясах дыназаўраў. Павел Мажэйка. Асуджаны да 6 гадоў зняволення
