• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вам ёсць што хаваць? Не балатуйцеся! Або якія тэмы «падкідваюць» выбары

    Парламенцкая кампанія блізкая да фінішу. Эксперты ўжо назвалі гэтыя выбары "ціхімі і незаўважнымі". Як у папярэднія гады журналісты шукалі цікавосткі для чытачоў у сітуацыі, калі асноўныя ньюсмейкеры не кандыдаты, а чыноўнікі, “выбарчы каляндар” і фармальныя працэдуры?

    • Асоба кандыдата. Чалавек які балатуецца на выбарную пасаду павінны быць гатовы да пільнай увагі да сваёй асобы. Прадметам цікавасці журналістаў можа стаць усё — знешні выгляд, звычыкі, мінулае, сям’я, праца, занятак, хобі і іншая нефармальная інфармацыя. Удалы прыклад журналісцкай перадвыбарчай працы паказалі калегі з «Еўрарадыё» падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі. Журналіст Алесь Пілецкі абышоў дамы дзе жывуць кандыдаты на пасаду прэзідэнта, каротка апісаў раёны, у якіх знаходзяцца кватэры, сфатаграфаваў пад’езд і распытаў суседзяў — што думаюць людзі, якія жывуць побач, пра чалавека з прэзідэнцкімі амбіцыямі? Такі пагляд збоку, інфармацыя з непадкантрольнай самому кандыдату крыніцы, дае аўдыторыі цікавыя думкі і матэрыял для развагаў. Нельга назваць такі рэпартаж цалкам аб’ектыўным, але тое, што падобныя тэксты пашыраюць інфармацыйнае поле, павялічваюць цікавасць да кандыдатата, даюць больш фактаў і сведчанняў пра асобу — бясспрэчна. Жонкі дзеці, бацькі, школьныя сябры, адзнакі ва ўніверсітэце — усё гэта прадмет увагі журналістаў і цікавасці аўдыторыі. Ёсць што хаваць? Не хочаце каб пра факты з мінулага даведаліся ўсе? Не балатуйцеся. Усё проста.

    Іншы рэзанансны кейс, які тычыўся асобы кандыдата і яго мінулага адбыўся ў 2010 годзе, калі адзін з кандыдатаў Уладзімір Някляеў прызнаў, што ў дзяцінстве забіў котку. Кандыдат не хаваў гэтага факту. Гісторыя падрабязна апісана ў адной з яго кнігаў, а падчас ан-лайн канферэнцыі, на пытанне аднаго з чытачоў, “ці праўда?” адказаў — “так, сапраўды”. Тэма ўзарвала СМІ. Узнялася дыскусія адразу па некалькіх рэзанансных праблемах. Можна спрачацца пра тое, як паўплывала гісторыя на рэйтынг, але мы ўсе памятаем, што розгалас кампанія кандыдата з‑за выпадка набыла значна большы. Да выбарчых дыскусій прыцягнуліся непалітычныя і не ангажаваныя раней у палітыку колы. Інтэрнэт выбухнуў сур’ёзнымі і не вельмі рэакцыямі. Ну, а аддаленыя ад палітыкі і літаратуры грамадзяне і зараз недзе ў глыбінях памяці носяць згадку “а Някляеў, гэта той што … ”. Добра гэта ці кепска? Як кажуць “няма плахой рэкламы акрамя некралога”… Публічнасць прыносіць свае сюрпрызы.

    • Выбарчая кампаніі. Паездкі, пікеты, акцыі, сустрэчы з выбаршчыкамі — звыклыя тэмы прэс-рэлізаў падчас выбарчай кампаніі. Але найбольшы розгалас у СМІ атрымліваюць падзеі, якія выбіваюцца са звыклай каляіны. Прыгадваецца выпадак з атручваннем кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Цярэшчанкі ў адной з мінскіх кавярняў. Падзея з крымінальным ўхілам нарадзіла цэлы шэраг думак, тэмаў, падазрэнняў, якія так ці інакш прасачыліся ў медыя. Рэзка падвысіўся ўзровень цікавасці да кандыдата, стану яго здароўя, месца здарэння, сведкаў і г.д. Пра атручванне заявіў сам кандыдат, таму пісаць пра выпадак было складана. Справай павінны былі заняцца праваахоўныя органы, а смі прадставіць інфармацыю паводле правераных дадзеных і вынікаў экспертызы. Галоўны квестам для журналіста ў такіх сітуацыях застаецца не “павесціся” і адрозніць PR ад сапраўднай трагедыі. Так, ставіць усё пад сумненне, таксама частка нашай прафесіі.
    • Асаблівая тэма ўвагі СМІ — выбарчыя абяцанні і іх крытыка. Нажаль, амаль ніхто не звяртае ўвагі на тое, што цяпер, абяцаюць кандыдаты. Тым часам, менавіта планы асобаў, якія прэтэндуюць на выбарчыя пасады — гэта асноўная крыніца публічнай рэфлексіі, адлюстраванне наяўнасці спаборніцтва ідэй, паказчык стану грамадскай дыскусіі і адпаведнасці галоўных палітычных установак да актуальнай сітуацыі. Аналізуючы планы кандыдатаў, можна зрабіць высновы пра стан усёй палітычнай сістэмы і дэмакратыі.

     

    Дыскусія паміж кандыдатамі — гэта заўсёды дыскусія пра будучыню. Змаганне на выбарах — гэта барацьба за шлях развіцця. Што абяцаюць кандыдаты? Як мы будзем жыць, калі гэтыя абяцанні споўняцца? Канкрэтныя планы кандыдатаў і тое, як яны паўплываюць на жыццё людзей, крытыка і абмеркаванне гэтых прапаноў — выдатная тэма для журналісцкіх матэрыялаў.

    Абяцанні кандыдатаў, якія цяжка забыць:
    Віктар Цярэшчанка паабяцаў зменшыць курс долара ў тры разы, «Еўрарадыё», 22.11.2010

    Някляеў абяцае, што яго першы закон будзе пра бізнес, «Наша Ніва», 8.10 .2010

    Караткевіч абяцае тэрапію без шоку, «Новы час», 11.09.2015 і інш.

     

    • Палітычная культура. Трэба прызнаць, што хада палітычнай кампаніі, ролі “дзеючых асобаў” — СМІ, выбаркама, кандыдатаў заўсёды адбываюцца ў межах вызначанай парадыгмы — агульна прынятых правілаў і нормаў дзейснай палітычнай культуры. Ёсць фармальныя правілы і нормы, як выбарчы кодэкс, і нефармальныя. Калі ўсё ідзе як звычайна, — прамовы паўтараюцца, выбарчыя тэхналогіі надзейныя і “выпрабаваныя часам”, — гэта азначае толькі адно — прадказальнасць, адсутнасць цікавых паваротаў, развязак. Таму, калі ў выбарчай гульне з’яўляюцца асобы, здольныя ўнесці нешта новае ў працэс, вынесці на абмеркаванне нечаканае пытанне, пачаць дыскусію, якая пашырыць публічную прастору, уцягне новыя групы інтарэсаў, падвысіць матывацыю ўдзелу ў выбарах — яны заўсёды атрымаюць увагу прэсы і аўдыторыі. Але падыходзіць да такіх палітычна-медыйных рухаў трэба адказна. Гэта без перабольшванняў “гульня з агнём”.

    Падчас парламенцкіх выбараў у Вялікабрытаніі ў 2015 годзе, каб завострыць перадвыбарчую дыскусію, Джэймс Кэмеран паабяцаў правесці рэферэндум па выхадзе Брытаніі з ЕС. Brex­it уварваўся ў павестку дня, дыскусія палярызавала грамадства і скончылася рэферэндумам, змяненнем сатуса магутнай краіны ў ЕС і адстаўкай самаго Дж. Кэмерана. Урок палітыкам — новыя тэмы ў палітычнай дыскусіі могуць не толькі дапамагчы “выйграць бітву”, але і пачаць вайну, у якой давядзецца саступіць.

    • Профіль у сацсетках. Сацыяльныя сеткі і профілі кандыдатаў — прадмет асаблівай увагі ў час выбарчай кампаніі. Гэта і месца для нефармальнай камунікацыі кандыдата з прыхільнікамі, магчымасць выказацца адразу для шырокага кола і пачуць “непрычасаныя” галасы выбаршчыкаў. Таму падпісацца на кандыдата варта. Іншая справа, што ў нас ніводзін з кандыдатаў пакуль не выкарыстаў сацыяльныя сеткі як інструмент у палітычнай барацьбе. Як правіла профіль кандыдата выконвае ролю сайта, газеты, — інфармуе пра ход выбарчай кампаніі. І толькі. А шкада. Прэзідэнтам суседняй Польшчы ў 2015 годзе стаў Анжэй Дуда, які дамогся перамогі ў тым ліку дзякуючы сацыяльным сеткам і свайму асабістаму акаўнту ў face­book. Прыклад варты пераймання. Выдаткі на кампанію зніжаюцца, ахоп — павялічваецца. Ну і пакуль у face­book няма афіцыйнага акаўнта Лідзіі Ярмошынай — ЦВК там значна менш, чым у рэале.

     

    “Навошта лезці ў жыццё чалавека, ну балатуецца і хай сабе…” — ёсць і такое меркаванне. Не праблема, калі так думаюць грамадзяне. Адно ўдалае пытанне журналіста і адказ на яго можа змяніць меркаванне тысячаў людзей, ператварыць іх пасіўную пазіцыю ў актыўныю, абыякававага чалавека зрабіць зацікаўленым. Мы не ўсё ведаем, але мы можам спытацца.

    Фота: Уладзь Грыдзін

    Падводныя плыні нецікавых выбараў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці