• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віктар Марчук: ШІ ў журналістыцы дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку

    Галоўны рэдактар BGme­dia Віктар Марчук распавёў БАЖ, як іх каманда выкарыстоўвае інструменты штучнага інтэлекту — ад аўтарскіх аватараў да генерацыі тэкстаў і агучкі — для стварэння відэа, якія выходзяць на трох платформах: YouTube, Tik­Tok і Insta­gram. Мы закранулі не толькі тэхнічны бок працэсу, але і этычныя выклікі, праблему бяспекі і ўплыў новых тэхналогій на журналісцкую працу.

    Віктар Марчук: ШІ дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку

    Аватар, створаны BGme­dia. Ілюстрацыя прадастаўлена рэдакцыяй выдання

    Штучны інтэлект становіцца ўсё больш прыкметным інструментам у сучаснай журналістыцы, асабліва там, дзе ёсць патрэба ў хуткай, эфектыўнай і бяспечнай вытворчасці кантэнту. Для рэдакцыі BGme­dia, якая працуе ў выгнанні і працягвае асвятляць беларускую рэчаіснасць, ШІ стаў не толькі тэхналагічнай навінкай, але і вымушанай неабходнасцю.

    «Запісаць відэа ўжывую дорага, выкарыстоўваць ШІ куды больш танна»

    — Чаму вы вырашылі  выкарыстоўваць штучны інтэлект у Tik­Tok?  Ці складана гэта рабіць?

    — Мы не толькі выкарыстоўваем штучны інтэлект у Tik­Tok. У нас ёсць тры платформы — YouTube, Tik­Tok і Insta­gram — куды мы выкладваем адзін і той жа кантэнт. У  Insta­gram мы маем два каналы, адзін выключна палітычны, а другі існуе з тых часоў, калі мы былі яшчэ ў Беларусі. Ён больш інфармацыйна-сацыяльны. А ў Tik­Tok у нас палітычная тэматыка.

    У Insta­gram у нас даволі новы канал — яму два гады. За гэты час мы набралі менавіта на палітычным кантэнце, хачу гэта падкрэсліць, 24 тысячы падпісчыкаў. На маю думку, гэта нядрэнны вынік.

    Выкарыстанне намі штучнага інтэлекту — гэта, па-першае, вынік тэхнічнага прагрэсу, бо нельга прайсці міма таго, што цяпер дазваляюць нам такія рэсурсы. А па-другое — гэта адсутнасць кадраў. Для таго, каб запісваць відэа, трэба мець чалавека, які з улікам беларускай сітуацыі можа працаваць у кадры, у якога, скажам так, мінімізаваныя наступствы і тыя страты, якія можа нанесці злачынны рэжым Лукашэнкі. Таму тут не ўсё так проста.

    Запісаць відэа ўжывую дорага, таму што тут патрэбны і аператар, і студыя. Ды і самому чалавеку, які запісваецца, трэба падрыхтавацца, зрабіць той жа мінімальны макіяж і іншыя працэдуры. Тут атрымліваецца, што я прагаварыў і трэці фактар, чаму мы пайшлі ў бок ШІ — гэта яшчэ і фінансы. Выкарыстоўваць штучны інтэлект куды больш танна. Таму мы і вырашылі, што будзем рухацца ў гэтым кірунку.

    — Ці хапае ў журналістаў ведаў, каб выкарыстоўваць ШІ напоўніцу?

    — Тут якраз было некалькі магчымасцяў павучыцца, паглядзець, што ўжо зараз магчыма, паслухаць разумных людзей, якія ў гэтым разбіраюцца, ужо тэставалі інструменты да нас. І завяршыўшы гэты этап, я прыйшоў да ўстойлівай высновы, што за сучаснымі тэхналогіямі будучыня. Сапраўды, у гэтым напрамку трэба рухацца.

    Яшчэ нагадаю, што перад Новым годам Беларуская асацыяцыя журналістаў праводзіла апытанне рэдактараў, і наколькі памятаю, я там сказаў, што 2025 год пройдзе пад знакам штучнага інтэлекту. Вось трэба было і слова трымаць. Таму так.

    Чаму ўрады баняць нейрасетку DeepSeek і што пра нас ведае Chat­G­PT?

    Удакладню, што мы ў сваім відэакантэнце спецыялізуемся на кароткіх роліках, таму што я ўпэўнены: каб данесці да аўдыторыі нейкую важную думку і пра нешта расказаць, у прынцыпе дастаткова хвіліны. Больш за тое, зараз тыя ж Tik­Tok і YouTube дазваляюць рабіць відэа і даўжэйшае за хвіліну, але, як правіла, яны заходзяць горш. Чым ролік карацейшы, тым больш шанцаў, што ён набярэ больш праглядаў.

    Зноў жа хвіліна — гэта няшмат, каб утрымліваць увагу гледача. Трэба добра падумаць, зрабіць цікавы тэкст, сцэнар, відэашэраг нейкі скласці. Таму з аднаго боку здаецца, што гэта нескладана, а з іншага — тут ёсць свае пэўныя складанасці, каб у хвіліну змясціць як мага больш важных, карысных ці яшчэ якіх сэнсаў. 

    «ШІ ў агучцы аватараў націскі ставяць не там, дзе патрэбна»

    — Вы выкарыстоўваеце для відэа свой асабісты аватар. Ці былі  нейкія патрабаванні да яго і ці будзеце працягваць працу з гэтым інструментам?

    — Мы ствараем аватар у Hey­Gen. Гэты рэсурс дазваляе напісаць аўтарскі аватар, пасля ажывіць яго з дапамогай штучнага інтэлекту.

    Для гэтага мне давялося дамовіцца з прафесійным аператарам, прыйсці ў студыю. Там мы зрабілі некалькі маіх запісаў для аватара. І  пасля я гэта ўсё загрузіў у праграму. Цяпер я ролікі раблю ў два этапы: спачатку аватар нагаворвае нейкі тэкст праз Hey­Gen, а пасля ўжо асобна мантуем відэашэраг.

    Я ведаю, што ёсць рэсурсы, якія мантуюць самі і ўжо могуць рабіць відэашэраг, але нам пакуль прасунуцца ў гэтым кірунку элементарна не хапае часу. На Face­book ці ў іншых сацсетках мне часам трапляюцца ўвогуле шыкоўныя ролікі, зробленыя з дапамогай ШІ. Напэўна, такое задавальненне будзе і каштаваць дорага. Таму пакуль нас цалкам задавальняе платная версія нашай платформы, якая дазваляе рабіць тое, чым мы лічым магчымым на сёння займацца.

    Разумею, што праз некаторы час з ШІ складана будзе спаборнічаць. Тое, з чым чалавек поркаецца гадзінамі, штучны інтэлект можа зрабіць за хвіліны. А ў будучым, мяркую, і за секунды. І гэта ўсё мяне запэўнівае, што мы ідзем у правільным напрамку: ўсё ж такі будучыня — за такімі тэхналогіямі.

    — На вашу думку, наколькі этычна выкарыстоўваць аватары? Як з гледзішча этычных нормаў будзе далей развівацца відэакантэнт? Зараз шмат робіць штучны інтэлект, а падаецца, быццам натуральныя здымкі. 

    — Наконт таго, што мы робім, у мяне сумневаў ніякіх няма. Бо гэта мой аватар, і я прыняў такое рашэнне, што запісваю сябе. І з гэтымі відэа працую ізноў жа я сам. 

    Аднак у інтэрнэце я сустракаю відэа з аватарамі, пачынаючы ад вядомых палітыкаў, заканчваючы звычайнымі людзьмі. І да гэтага, вядома, ёсць пытанні. Бо атрымліваецца, што тут можна зрабіць усё, што заўгодна.

    Усё залежыць ад выхавання і нейкіх маральных нормаў, правілаў тых, хто робіць падобныя запісы. З гэтым давядзецца нешта рабіць, таму што, як бы там не было, усё адно ў гэты бок усё рухаецца.

    Віктар Марчук: ШІ дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку

    Аватар, створаны BGme­dia. Ілюстрацыя прадастаўленая рэдакцыяй выдання

    Цяжка мне сказаць, да чаго гэта дойдзе, да якога ўзроўню маразму ці наадварот. Спецыялісты кажуць, што гэтыя рэсурсы хутка развіваюцца і ўдасканальваюцца. Але са свайго досведу, я не ўсе сакрэты хачу вам раскрываць, там таксама ёсць свае пытанні, асабліва з агучкай. Зараз ШІ не могуць выдаваць тыя эмоцыі, якія маглі б быць у гэтых роліках, націскі ставяць не там, дзе патрэбна.

    У прынцыпе, з усім гэтым можна справіцца, але трэба ведаць некаторыя хітрыкі. І чалавек пакуль яшчэ, скажам так, у стане накіраваць штучны інтэлект у патрэбнае яму рэчышча, каб ён нейкае там прозвішча ці іншыя словы вымавіў правільна, а ў сказах выкарыстоўваў патрэбную інтанацыю. Часам адзін і той жа тэкст можна і два, і тры, і больш разоў закідваць ШІ, каб дамагчыся патрэбнага выніку.

    — У відэа ШІ робіць і аватары, і субцітры з перакладам на ўсе мовы. Калі гэта ўсё будзе развівацца, ці не страцяць супрацоўнікі вашага СМІ працу, ці вы ўжо думаеце пра скарачэнні? 

    — Не, таму што ў нас вялікая гаспадарка. BGme­dia мае сайт, адзінаццаць сацыяльных сетак — спраў на ўсіх хопіць. Дарэчы, усе нашы супрацоўнікі выкарыстоўваюць штучны інтэлект, напрыклад, тэкставікі добра засвоілі Chat­G­PT ды іншыя рэсурсы.

    ШІ спрашчае некаторыя этапы, дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку. Але без чалавека рэдакцыя не абыдзецца. Упэўнены, што ні ў якім разе сучасныя тэхналогіі не заменяць журналістаў.

    «TikTok перастаў адпраўляць у шэры бан нашае відэа»

    — З якімі праблемамі сутыкаліся і што з дапамогай ШІ вы змаглі змяніць у сваім відэакантэнце? Якія тэмы папулярныя, акрамя палітыкі?

     — Сацыяльныя праблемы, усё тое, што зараз цікавіць беларусаў і ўвогуле людзей, якія жывуць на пастсавецкай прасторы. Таму што, напрыклад, Tik­Tok, гэта такая платформа, куды прыходзяць розныя людзі і цікавяцца тым жа парадкам дня беларусаў. І ўкраінцы, роўна як і беларусы, сочаць за тым, што адбываецца ва Украіне з гэтай жахлівай вайной, якую Пуцін развязаў.

    Выкарыстанне штучнага аватара асабліва нічога не змяніла, ва ўсялякім разе нашыя падыходы, вытворчасць такіх кароткіх відэа. Мы проста сталі з дапамогай штучнага інтэлекту рабіць больш відэа з аўтарскім тэкстам.

    Што да Tik­Tok, то я не лічу яго самым моцным рэсурсам. Усё ж такі на нашым YouTube больш і падпісчыкаў, і праглядаў. Адным з нашых дасягненняў я б адзначыў, што Tik­Tok зараз не адпраўляе ў шэры бан нашае відэа. Але ж і не круціць так актыўна, як забаўляльныя ці іншыя непалітычныя ролікі.

    — Вы ў Tik­Tok не пазіцыянавалі больш на моладзь? Некаторыя кажуць, што менавіта на гэтую групу там трэба арыентавацца.

    — Не, у нас няма такіх рэсурсаў. У ідэале было б добра, каб, скажам, адзін чалавек рабіў ролікі для Tik­Tok, другі — для  Insta­gram, трэці — для YouTube. І мы гэтыя відэа закідваем на ўсе гэтыя платформы. У прынцыпе вось гэтая наша стратэгія прыносіць поспех: умоўны ролік не заходзіць у YouTube, не залятае ў Insta­gram, але яго глядзяць у Tik­Tok. Ці наадварот.

    Як выявы, створаныя штучным інтэлектам, змяняюць фотажурналістыку і ўсё нашае жыццё

    Рэдка, але бывае так, што адзін і той жа кантэнт заходзіў на ўсіх трох платформах. Між іншым, у нас шмат ролікаў, якія ў гэтых сацсетках набралі мільённыя прагляды.

    — Гэтыя ролікі на палітычную тэматыку?

    — Так, менавіта. Усё, што звязана з палітыкай, грамадска-палітычныя пытанні — гэта наша тэматыка яшчэ з часоў, калі мы працавалі ўнутры Беларусі.

    — Ці параўноўвалі вы свае паказчыкі з кім-небудзь яшчэ, з падобнымі выданнямі, якія выкарыстоўваюць штучны інтэлект?

    — Я часам зазіраю ў статыстыку, колькі праглядаў відэа збіраюць іншыя медыя. З Tik­Tok актыўна ўзаемадзейнічаюць трыццаць, здаецца, айчынных незалежных рэсурсаў, якія на гэтай платформе скіраваныя на беларускую аўдыторыю. Зазначу, што BGme­dia не трапляе ў топ гэтай статыстыкі, хоць і мае шмат падпісчыкаў, з прычыны менавіта палітычнай тэматыкі кантэнту. Ён набірае ў Tik­Tok шмат праглядаў, але ў параўнанні з забаўляльнымі відэа гэта ўсё ж такі не тыя лічбы.

    Але мы працягваем прытрымлівацца нашага выбару, не адмаўляемся ад грамадска-палітычных тэм. Напрыклад, апошнім часам робім пра праблемы, што ўзніклі ў Беларусі з бульбай. Тэма нядрэнна зараз заходзіць, таму што гэта шмат каго хвалюе.

    Калі параўнаць з тым, як вы пачыналі, наколькі вырасла папулярнасць вашага кантэнту ў Tik­Tok, YouTube і Insta­gram?

    — Tik­Tok мы завялі напрыканцы 2022 года, зараз там 117 тысяч падпісчыкаў, у Insta­gram 24 тысячы, а на YouTube ў нас 476 тысяч падпісчыкаў. 

    Калі мы толькі пачалі заводзіць свае акаўнты на гэтых платформах, я кожны дзень глядзеў і радаваўся, як расце аўдыторыя. Зараз гэта ўжо стала руцінай.

    —Галоўнае зараз, напэўна, захаваць тое, што ёсць?

    — Мяркую, што для былога рэгіянальнага СМІ гэта вельмі нядрэнныя паказчыкі. Нават, сказаў бы, цудоўныя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці