• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як катавалі беларусаў: сябра ГА «БАЖ» выдаў кнігу даследаванняў “Час спагадлівым не бывае”

     “Час спагадлівым не бывае” — так назваў сябра ГА "БАЖ" і Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын сваю апошнюю кнігу, якую выдаў акурат пад занавес 2016 года. Гэта была яго чацвёртая, выдадзеная за год, кніга. Чытаю яе спераду назад і ззаду наперад ужо амаль месяц, чапляе.

    Гісторыя сведчыць

    Назва гэтага зборніка гісторыка-краязнаўчых і літаратуразнаўчых артыкулаў пессімістычна сцвярджальная і напоўніцу раскрываецца зместам кнігі.

    У раздзеле “Як катавалі беларусаў” аўтар расказвае, як катавалі ў часы Другой Рэчы Паспалітай і падчас сталіншчыны ў СССР найбольш актыўных і таленавітых прадстаўнікоў нашага народа.

    Так у дэфензіве слонімскіх паэтаў Леаніда Клёна (Бялькевіча, 1910 – 1931), а потым Уладзіміра Бялько (1911 – 1933) за любоў да роднай мовы, за патрабаванні беларускіх школаў і ўсяго беларускага кідалі на падлогу, на грудзі ім клалі дошку, па якой зверху білі цяжкай гірай. Потым са слонімскай турмы іх выпусцілі дамоў, дзе абодва хутка памерлі. Знешне ж не было відаць ніякіх пашкоджанняў. А вось беларускаму празаіку і літаратуразнаўцу Адаму Бабарэку ў польскіх турмах пашчасціла больш — яму палякі толькі зорку на спіне выразалі. Праўда, не дапамагла тая зорка Бабарэку ў сталінскіх лагерах — памёр у лагернай бальніцы ў 1938 годзе.

    А ўжо што выраблялі сталіністы з беларускімі святарамі — нават чытаць страшна. Так архімандрыда Серафіма Жыровіцкага (Рамана Шахмуця, 1901 – 1946) пасля карцара з ледзяной вадой прывязалі за рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Абышліся з ім так за тое, што стаяў за беларускую царкву і на Вялікдзень сустрэў братоў па лагеры вітаннем “Хрыстос уваскрос!”.

    Ідэолага і заснавальніка беларускага хрысціянскага руху ў 20 стагоддзі, тэарэтыка і практыка беларускага ўніяцтва Фабіяна Абрантовіча (1884 – 1946) адмыслоўцы з НКСУ катавалі з прымяненнем найвышэйшых нумароў сваёй іквізіцыі — заганялі іголкі пад пазногці ды ўлівалі ў лёгкія ваду, а таксама не давалі спаць, збівалі гумовымі дубінамі, ставілі на яго табурэткі і скакалі…  Закатавалі ў ГУЛАГу і вядомага каталіцкага святара Адама Станкевіча… А колькі іх было малавядомых і невядомых зусім?

    Гісторыя сведчыць, што беларускіх пісьменнікаў, светароў, людзей навукі і культуры ўсё ХХ стагоддзе катавалі асабліва моцна, жорстка і страшна. Так акупанты з Захаду і з Усходу забівалі душу нашага народа.

    Пра больш ці менш выбітных беларусаў 20 стагоддзя, якіх той час не пашкадаваў, і піша Сяргей Чыгрын у сваёй кнізе “Час спагадлівым не бывае”. Але Чыгрын ва ўсіх сваіх кнігах пра гэта піша. І ўся навейшая беларуская гістарычныя літаратура — пра гэта. Дык што нам застаецца?

    Што застаецца, альбо Аптымізм аўтографаў     

    Засталося ў голым астатку тое, што беларускія вытворцы беларускіх тавараў сёння не хочуць цэтлікі на іх па-беларуску пісаць, а беларуская мова ў беларускіх школах — папялушка. І гэта пры тым, што ёсць у нас цяпер свая ўласная краіна Рэспубліка Беларусь, дзе існуюць ажно два саюзы пісьменнікаў.

    Сябры Купалаўскага яшчэ пісьменніцкага саюза ў ХХІ стагоддзі ў абсалютнай сваёй большасці самі выдаюць і самі распаўсюджваюць свае кніжкі, як гэта каторы ўжо год робіць Сяргей Чыгрын. Больш за тое, свае часопісы, літаратурныя альманахі і іншыя перыёдыкі СБП таксама выдае без аніякай дзяржаўнай падтрымкі і дапамогі. Іх мала, але я, для прыкладу, знаходжу там што пачытаць і час ад часу сам друкуюся ў той жа “Літаратурнай Беларусі”, “Новым замку” ды  “Дзеяслове”.

    Тым часам літаратары з пра- ці прыдзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі кормяцца ганарарамі ад дзяржаўных выдавецтваў і рэдакцый дзяржаўных часопісаў ды газет. Іх, што праўда, таксама не так многа засталося і яшчэ менш — беларускамоўных. У іхняй літаратурнай перыёдыцы я амаль не знаходжу штосьці цікавае пачытаць. Самога мяне апошні раз надрукавалі ў дзяржаўным часопісе “Маладосць” у 2007 годзе. Кніжкі з дзяржаўных выдавецтваў — дарагія (ва ўсякім разе, для мяне — бывала і хацеў, а не купіў), каб іх набываць. Але самае галоўнае, што там сёння няма класікаў нашай літаратуры, якія пайшлі ў лепшы свет пры незалежнай ужо Беларусі — ні Васіля Быкава, ні Ніла Гілевіча, ні Генадзя Бураўкіна, ні Рыгора Барадуліна. Нават кнігі Купалы ды Коласа сёння не заўсёды знойдзеш у кніжнай краме.

    Вось і атрымліваецца, што беларуская дзяржаваў ў яе цяперашняй рэдакцыі на беларускага пісьменніка (з яго творчым патанцыялам і прасоўваннем  нацыянальнай літаратуры ў народ) «наклала» — на каго больш, на каго меньш.

    У чытачах яна не зацікаўленая гэтаксама, як, наогул, у адукаваных грамадзянах. Праўда, пісьменнікаў цяпер не катуюць так, як пры сталінскім БССРы-СССРы. Хіба толькі Славаміра Адамовіча, Паўла Севярынца,  Уладзіміра Някляева ды некаторых менш знаных з маладзейшых за краты кідалі. Але ж свае каты гірай па грудзях не білі. Бо свае — не маскалі, не ляхі, не немцы. І ў гэтым, як і ў сваёй дзяржаўнасці, ёсць, напэўна, наш сумны прагрэс. За яго, трэба думаць, заплацілі ў мінулым стагоддзі сваёй крывёй мільёны беларусаў…  І так думаеш, калі чытаеш пра той не спагадлівы час у кніжцы Чыгрына ды зноў і зноў параўноваеш мінулае з нашай рэчаіснасцю. А тут жа, нават у Слоніме, яшчэ свежая памяць пра Анатоля Іверса, Рудольфа Пастухова, Івана Чыгрына, Васіля Супруна, Янку Карповіча, Міколу Арочку, Алега Лойку, Івана Шэгу… І для ўсіх іх час не быў спагадлівым.

    Дык што ж застаецца нам, жывым яшчэ?… А вось такі аптымізм аўтографаў:

    “Міколу Канановічу ад аўтара. Няхай у цябе будзе толькі спагадлівы, шчаслівы і добры час. Сяргей Чыгрын 27.12.2016. Слонім”.

    Як жа мне хацелася б, каб так яно ў нас і было, паважаны Сяргей Мікалаевіч!

    А для чытачоў-журналістаў-пісьменнікаў, хто цікавіцца творчасцю гэтага аўтара, хачу паведаміць, што сёлета Сяргей Чыгрын плануе выдаць толькі адну кнігу — пра гісторыю беларускіх запалак.

    Кніга «Час спагадлівым не бывае» паступіла ў кнігарню «Акадэмічная кніга» ў Мінску. Цана — 5 рублёў.

    Фота з архіва аўтара

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці